Пытаньне

Пятую просьбу: «Адпусьці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым» як разумець? Якія гэта правіны?

Адказ

У справах штодзённых лічаць вінаватымі тых людзей, якія зьведалі ад некага дабрадзейства, бо яны мусяць сваім дабрадзеям паслужыць ды ім аддзякаваць. А пакуль тое як належыць ня зробяць, будуць вялікім даўжнікамі. Гэтаксама і ў справах духоўных мы аказваемся вялікімі даўжнікамі перад Богам. Бо што мы маем, чаго б не атрымалі ад Яго? Ад Яго душа, цела, розум, адзеньне, даброцьці, сьвет, вера і ўсе рэчы духоўныя і штодзённыя. Ад Яго вялікія дасканалыя дары, за якія Ён нічога ад нас не патрабуе, адно толькі каб былі Яму ўдзячнымі ды выконвалі Ягоныя прыказаньні.

Ды ўжо ў першай частцы гэтай размовы мы казалі, што значыць быць Яму ўдзячнымі ды выконваць Ягоныя прыказаньні. Там я па парадку давёў, што мы не выконваем дастаткова ніводнае з Божых прыказаньняў. А гэта і ёсьць нашыя правіны, дзеля якіх мы ўсе вінаватыя Богу, ды з кожным днем робімся ўсё больш вінаватымі. Ды паколькі нам няма чым заплаціць за гэтую віну, бо мы тую сілу, якую нам Бог даў пры стварэньні (значыць, уладу над сабой) даўно, яшчэ ў Адаме, страцілі (Роду 3), таму і навучыў нас Госпад, каб мы малілі Бога аб прабачэньні нашых правінаў, значыць, грахоў.