Пытаньне

Чаму нас можа навучыць гэтая просьба?

Адказ

Калі хто ўважліва паглядзіць на ўсе словы, а найбольш калі разгледзіць, каму Госпад загадаў іх казаць, шмат чаму такі чалавек навучыцца. Найперш зразумее, што ўсе людзі – грэшнікі ды што няма ніводнага чалавека без граху. Ня толькі цяпер няма, але і раней не было, і потым ня будзе. Яшчэ і тое зразумее, што ўсе сьвятыя збаўляліся, збаўляюцца ды пасьля нас будуць збаўляцца не сваёй справяд-лівасцю, а Божай ласкай. Бо каму Бог загадаў так маліцца? Ці не сваім вучням – Пятру, Андрэю, Яну, Якубу ды іншым? Так бо сьвяты эвангеліст Лука піша: «І сталася, калі на адным мейсцы Ісус маліўся, як скончыў, папрасіў Яго адзін з вучняў Ягоных: “Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў”. Сказаў ім Ісус: “Калі моліцеся, кажыце: Ойча наш, Які ёсьць у небе”...» і так далей (Лк.11).

Тут бачыш, што ня мытнікі, ня грэшнікі прасілі Хрыста, каб Ён навучыў іх маліцца, але Ягоныя вучні. І Ён Сам не адказаў ім: «Калі моляцца мытнікі, то няхай кажуць: “Ойча наш, Які ёсьць у небе”», але сказаў: «Калі моліцеся, кажыце»,– значыць, – вы, вучні Мае. Ды ўжо кожны бачыць, што гэтую малітву мусіў казаць Пётр, мусіў казаць Анд-рэй, Піліп, Баўтарамей, Кляопа ды іншыя Апосталы і вучні Хрыста. Мусіла таксама казаць гэтую малітву і прачыстая маці Сына Божага. І ў гэтай малітве не абміналі яны просьбы: «Адпусьці нам правіны нашы, як і мы адпускаем».

Скажаш мне зараз: «Шчыра ці няшчыра яны гаварылі гэтую просьбу: “Адпусьці нам правіны нашы”?» Ня думаю, што нехта асьмеліцца казаць пра Апосталаў, быццам бы яны былі настолькі крывадушныя, што няшчыра малілі Бога пра адпушчэньне грахоў. Была б гэта не малітва, але насьмешка з Бога, калі б нехта, мяркуючы, што ня мае на сабе граху, усё адно казаў бы Богу гэтыя словы.

Не належыць нам меркаваць такім чынам ані пра сьвятых Апосталаў, ані пра багародзіцу. Ведалі бо яны, што напісана: «Выгубіш усіх, якія гавораць няпраўду» (Пс. 5). А хіба гэта была б не хлусьня, калі б яны адно мелі на сэрцы, а другое вызнавалі вуснамі? Дзеля гэтага не крывадушна, але па сваёй волі ды па шчырасьці яны гаварылі Богу гэтую просьбу: «Адпусьці нам грахі нашы»,— ведаючы сваю недасканаласьць. А паколькі яны шчыра, паводле загаду Хрыста, гаварылі гэтыя словы, значыць, мелі на сабе свае правіны, а не чужыя.

Зваж, аднак, і на тое, што хаця сьвятыя былі грэшнікамі, але яны збавіліся. Дзякуючы чаму? Сапраўды, не дзеля сваёй справядлівасьці, ані дзеля добрых учынкаў. Бо ты бачыш, што яны былі грэшнікамі. Значыць, усе сьвятыя збавіліся не сваёй справядлівасьцю, але справядлівасьцю Божай, як Давід усклікае: «Дзеля справядлівасьці Тваёй ратуй мяне і барані мяне» (Пс.70). Бачыш, не сказаў ён: «Дзеля справядлівасьці маёй», але: «Дзеля справядлівасьці Тваёй». Тым жа звычаем і Данііл у сваёй малітве да Бога казаў: «Нахілі вуха Сваё, мой Божа, і выслухай! Адчыні вочы Свае і пабач спусташэньне нашае і горад, над ім было прызывана імя Тваё! Бо не па справядлівасьці сваёй узносім малітвы свае да цябе, але спадзеючыся на Тваю вялікую міласэрнасьць» (Дан. 9).

А калі так, то відочна, што ўсе сьвятыя былі грэшнікамі пакуль жылі тут, на зямлі. Да таго ж усе яны збавіліся ласкаю Божай, а не сваімі заслугамі. Пра гэта мне сьведчыць Апостал, калі да Эфэсцаў кажа: «Ласкаю бо вы збаўлены празь веру, і гэта не ад вас, але Божы дар; не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся. Бо мы – Ягонае стварэньне, створанае ў Хрысьце Ісусе дзеля добрых учынкаў» (Эф. 2: 8-10). Не мяркуй, што пра адных толькі Эфэсцаў Апостал так разумеў, бо і пра самога сябе гэтаксама казаў: «Але з ласкі Бога ёсьць тым, кім ёсьць, ды дадзеная мне ласка Ягоная не была надарэмнай. Наадварот, працаваў я больш ад іх усіх, не я, што праўда, але ласка Божая са мною» (1 Кар.15: 10).

А калі ёсьць так, што ўсе сьвятыя Божай ласкай збавіліся і вечнае жыцьцё атрымалі, то і мы пра саміх сябе можам быць пэўныя, што ня іншым якім звычаем маем збавіцца, а толькі тым жа самым, значыць, ласкай Божай, калі прымем яе жывой верай. Госпад бо не зьмяняецца (Мал. 3: 6) ды Ісус Хрыстос той самы ўчора, сёньня ды будзе той самы на вякі (Гебр.13: 8).