Пытаньне

Як разумець шостую просьбу: «Ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога»? Што мы просім у гэтыя словы?

Адказ

Каб Бог бараніў нас ад д’ябла, ад гэтага сьвету ды ад пажаданьняў нашага цела і вёў нас Сваім Духам, каб мы не грашылі. Вось бо ворагі нашыя: цела, сьвет і д’ябал. Яны зводзяць нас ад Бога ды ствараюць нам шмат цяжкасьцяў. Апостал бо піша, што цела працівіцца духу (Гал. 5:17), пра д’ябла іншы Апостал кажа: «Чувайце, бо вораг ваш д’ябал, як леў рыклівы, кружыць, шукаючы, каго зжэрці» (1 Пт. 5: 8), а пра сьвет напісана, што «ён апанаваны ліхім» (1 Ян 5:19).

Таму ў гэтыя словы мы просім, каб Бог захаваў нас ад тых ворагаў, найбольш жа ад д’ябла, якога тут Госпад заве «злы».