Пытаньне

Растлумач мне дакладней, каб я мог зразумець, бо ня ведаю, што гэта за дзеяньне, складзенае зь зямнога ды нябеснага кшталту.

Адказ

Няма тут ніякай цяжкасьці. Дзеяньнем я называю ўвесь той учынак або справу, што адбываецца падчас Божых таямніцаў. Дзеля гэтага і кажу пра таямніцу, каб ты не памыляўся разам з тымі людзьмі, якія адну частку таямніцы лічаць за ўсю таямніцу ды занядбоўваюць іншыя яе часткі. Усё, кажу, дзеяньне, якое адбываецца паводле загаду Хрыстовага, і ёсьць таямніца.

А дзеля лепшага разуменьня разгледзь таямніцы Майсеявага Закону ды таямніцы, якія былі яшчэ да Закону. Пэўная рэч: Пасха, абразаньне ды ахвяры былі таямніцамі. Але падчас Пасхі не само тое ягня было таямніцаю, а ўсё тое дзеяньне, што рабілі Ізраэльцы паводле загаду Божага. Тым жа звычаем у таямніцы абразаньня ня той каменны нож, ані тая крайняя плоць былі таямніцай, але ўся тая Боская справа цалкам была таямніцай.

Ды і ў Новым Запавеце таямніцы гэтаксама разумеюцца. Як, перадусім, таямніца Сьвятога Хросту — гэта ня толькі сама вада, але: і вада, і пагружэньне ў ваду, і прызываньне Сьвятой Тройцы, і навучаньне – ды ўся тая справа, якую Хрыстос загадаў рабіць, называецца таямніцай. Тым жа звычаем і пры Вячэры Госпадавай ня хлеб толькі таямніца, ані віно, але: хлеб, віно, навучаньне, малітва, падзяка ды, напрыканцы, ядзеньне і піцьцё, або прычашчэньне зь вераю — уся гэтая справа, якая выконваецца паводле загаду Хрыстовага.

Разумей жа ды памятай, што абразаньне, калі ёсьць нож, а чалавека, якога абразаюць, няма, ня можа быць таямніцай. Тым жа звычаем і Xрост: хаця б і вада была, і малітву хрысьціцель прачытаў, а нікога б не ахрысьціў, тую ваду і малітву ніхто ня можа назваць таямніцай.

Гэтаксама мусім разважаць і пра Вячэру Госпадаву. Калі б хтосьці падрыхтаваў стол ды абрус ды, па-над тое, хлеб і віно на сьвяты прастол палажыў, малітву ды падзяку склаў, а не было б прычашчэньня, — як цяпер узялі за звычай, — ня можа той хлеб зь віном і з малітвамі быць таямніцай. Не адна бо частка складае таямніцу, але ўсе часткі.

Дзеля гэтага сьвятыя Эвангелісты, кажучы пра таямніцу, якую Хрыстос складаў са Сваімі вучнямі, узгадваюць усё падрабязна. Найперш, што Ён сеў за стол не адзін, але разам са Сваімі вучнямі. Потым – што пра Свае пакуты гаварыў, як хлеб узяў, Богу дзякаваў, як хлеб разламаў, вучням падаў, загадаўшы есьці і піць, а потым сказаў такія словы: «Гэта рабіце ў Маю памяць» (Лк. 22: 14-22). Гэтаксама і Апостал Паўла піша.

Тут, спыніўшыся, разгледзь сам уважліва, як ты мусіш разумець словы «ГЭТА РАБІЦЕ». Нельга бо іх аднесьці да адной нейкай часткі, але трэба іх аднесьці да ўсяго, што зрабіў тады Хрыстос. А што Ён зрабіў, ты ўжо чуў ад Божых Эвангелістаў. Таму словы «ГЭТА РАБІЦЕ» мусім так разумець, нібыта Хрыстос сказаў: «Тое, што Я раблю зараз, і вы потым рабіце ў Маю памяць». Хрыстос жа ня толькі хлеб паказаў, але і ўсё тое зрабіў, што ўзгадваюць сьвятыя Эвангелісты. А калі так, таямніца – гэта ўсё дзеяньне або ўчынак, што мае кшталт зямны ды нябесны і складаецца паводле загаду Хрыстовага.