Пытаньне

Што гэта за кшталты зямныя і нябесныя, зь якіх, як ты кажаш, складаюцца таямніцы Хрыстовыя?

Адказ

Таямніца складаецца з двух кшталтаў: адзін кшталт мы можам бачыць, бо ён зямны і бачны. Другі кшталт ня можам убачыць цялеснымі вачыма, бо ён нябесны і духоўны. Як узор разгледзь усе таям-ніцы, найперш Старога Запавету, потым і Новага. Ахвяры Ааронавы ці ж ня мелі зямнога кшталту? Кожнаму вядома, што тых авечак, бараноў, ягнятаў, валоў, віно, птушак, муку, соль ды іншае сьвятары бралі ня зь неба, але тут, на зямлі: птушкі – ад птушак, віно – з лазы, авечак ды іншую гавяду – са статку.

Але было б недастаткова браць, забіваць і ў ахвяру прыносіць, калі б не было нябеснага кшталту, гэта значыць, Госпада нашага Ісуса Хрыста. Бо дзеля таго Бог загадаў тым айцам прыносіць ахвяры і да Закону, і пад Законам, каб такім звычаем яны былі пэўныя і цешыліся, што патомства, яшчэ ў раі абяцанае, мелася прыйсьці і галаву зьмею, паводле Божага Слова, сьцерці (Роду 3). І гэты кшталт, на якім усё залежала і на які сьвятыя айцы глядзелі духоўнымі вачыма, быў у тых таямніцах нябесны або духоўны. Значыць, яны верылі, што Сын Божы меўся прыняць цела, і за грахі ўсяго сьвету меўся цярпець, і крывёю Сваёй іх меўся ачысьціць.

Але ня ўсе тады мелі такія вочы. Ня кожны тыя прынашэньні або ахвяры лічыў ды ўважаў за напамін і вобраз пакутаў Хрыста. Крывадушнікі бо прыносілі ахвяры не дзеля таго, каб абвяшчаць прышэсьце Хрыста ды саміх сябе запэўніваць, але, уважаючы тыя вобразы за самую рэч, спадзяваліся імі апраўдацца. Вельмі яны памыляліся, бо тое, што мелі прыпісаць самой рэчы, вобразу прыпісвалі.

Дзеля гэтага Бог праз Прарокаў часта ганьбіць ахвяры не таму, што пастановы Свае ненавідзіць, але таму, што народ не ў той спосаб, як Бог загадаў, прыносіў ахвяры. Такі бо ўзялі сабе звычай, што, хаця і ня верылі ў прыйсьце Хрыста, добрых учынкаў таксама ня мелі, але, поў-ныя забойства, хцівасьці, распусты, п’янства ды падобнага, пра пакаяньне ня дбалі, спадзеючыся толькі на ахвяры. Таму праз Прарока Бог так гаворыць пра іхнія ахвяры: «Што мне з многіх ахвяраў вашых? – кажа Госпад. – Я насычаны і не хачу целапаленьняў бараноў, і тлустасьці кормных цялят, і крыві валоў і ягнят ды казлоў»,– ды там жа яшчэ гаворыць: «Каджэньне агіднае Мне» (Іс. 1, Пс. 49).

А дзеля чаго Госпад грэбуе Сваімі ахвярамі? Даўца, Ён Сам загадаў, каб Яму іх прыносілі. Праўда ў тым, што Ён Сам загадаў ахвяры прыносіць, толькі ня тым звычаем. Калі б народ прыносіў Богу тыя ахвяры так, як Ён загадаў, ня гардзіў бы імі Бог. Значыць, калі б народ ня толькі на зямны, але і на нябесны кшталт глядзеў духоўнымі вачыма. Дзеля чаго Бог прыняў ахвяру справядлівага Абеля? Бо напісана, што зірнуў Госпад на Абеля і дар ягоны, а на Каіна і дар ягоны не зірнуў.

Юдэі ды манахі мяркуюць, што дзеля таго Госпад зірнуў на Абеля, бо, маўляў, ён прынёс у ахвяру тлустую жывёліну. Зноў, на Каіна дзеля таго, маўляў, не зірнуў, што той прынёс горшае жыта. Але гэта старэчыя выдумкі. Ня лой бо любіць і не да лою бо міласьцівы Госпад, але паводле прарока, «Госпад спагадае тым, хто баіцца Яго» (Пс.146).

Ня лоем, кажу, дагадзіў Абель Богу, але спадзяваньнем на міласьць Божую, якая ёсьць Сын Божы, і ў Якога верыў Абель. Таму Бог палюбіў Абеля і зірнуў на ягоныя дары. Дае знаць пра гэта і Майсей, ён бо не напісаў: «Зірнуў Госпад на дары, а потым на Абеля»,— але, наадварот, піша: «Зірнуў Госпад на Абеля і на дары яго». Бо калі б дары былі прычынай таго, што Госпад зірнуў на Абеля, як юдэі з манахамі мяркуюць, то было б напісана, што Бог зірнуў перш на дары.

Але ня трэба наконт гэтага шмат бавіцца, бо Апостал ясна сьведчыць, што Бог палюбіў Абеля ня дзеля тлустага мяса, але дзеля веры ў Сына Божага. Так бо ён піша: «Празь веру Абель прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін» (Гебр. 11: 4). «Празь веру» тут сказана, а не: «Дзеля тлустага мяса». А вера мусіць на нешта абапірацца, а гэтае апірышча, як ужо я казаў, Хрыстос, – значыць, нябесны або духоўны кшталт. Калі Ён быў падчас нейкай ахвяры, — значыць, калі чалавек, што прыносіў ахвяру, верыў у Хрыста, — то такая дасканалая ахвяра была таямніцай, складзенай ня толькі з кшталту зямнога, але таксама і з кшталту нябеснага. Той вол, або ягня ці што іншае мела кшталт цялесны, але, акрамя таго, Хрыстос як кшталт духоўны быў там жа, у сэрцы кожнага веруючага. Дзеля таго бо і названая такая справа таямніцай: у ёй ёсьць ня толькі тое, што бачаць цялесныя вочы, але і схаваны ў ёй яшчэ адзін кшталт – гэта значыць, кшталт духоўны, заснаваны на веры. Бо ніхто ня ведае, ці мае нечае сэрца веру, ці ня мае.

А што сказаў я пра таямніцы Старога Запавету, тое самае і тым жа звычаем мы маем разумець пра таямніцы Новага Запавету. Бо таям-ніцы Новага Запавету таксама складаюцца з двух кшталтаў: ёсьць у іх кшталт духоўны, ёсьць і цялесны. Напрыклад, таямніца Сьвятога Хросту мае кшталт бачны або цялесны – ваду, але па-над тое мае таксама і кшталт нябачны або духоўны – Духа Сьвятога. Хрысьціцель хрысьціць вадою бачным звычаем, калі ў ваду акунае і прызывае (Хрыста? – Рэд.), але Сам Госпад хрысьціць Духам Сьвятым у нябачны звычай, калі той, хто хрысьціцца, верыць сэрцам. Так бо Ян сказаў пра самога сябе і пра ўсіх хрысьціцеляў: «Я вас хрышчу вадою дзеля навярненьня, але Той, Хто прыйдзе па мне, дужэйшы, чым я. Яму я ня варты насіць сандаляў. Ён будзе хрысьціць Духам Сьвятым» (Мц. 3:11, Ян 1: 27).

Тым жа звычаем і Вячэра Госпадава мае цялесны кшталт – хлеб і віно, духоўны ж або нябесны кшталт – Цела і Кроў Госпада нашага Ісуса Хрыста, якія хлеб і віно – кшталты цялесныя – азначаюць.