Пытаньне
Ужо пакрыху разумею, што такое таямніца і дзеля чаго яна так завецца. Але скажы мне, хто пастанавіў таямніцы ды ці можа хто іх зараз пастанаўляць?
Адказ
Усё Сьвятое Пісьмо Новага і Старога Запавету яўна сьведчыць, што не хто іншы, як Сам Бог пастанавіў або даў таямніцы. Як, найперш, яшчэ ў раі Сам Бог даў Адаму як таямніцу тыя дрэвы: адно – дрэва жыцьця пасярод раю, другое – дрэва пазнаньня дабра і зла (Роду 2). Тым жа звычаем пасьля патопу Сам Бог даў Ною і ўсяму ягонаму па-томству таямніцу – значыць, вясёлку ў небе.
Таксама і пад Законам ніхто ня меў улады пастанаўляць таямніцы. А калі хтосьці ў той час адважваўся гэта учыніць, ведаем, што Бог цяжка такога караў. Не мінулася бо тым Ізраэльцам, якія, ня маючы Божага загаду, пастанавілі сабе таямніцу. Хаця яны стварылі выяву Самога Бога, аднак усё роўна былі пакараныя сьмерцю (Вых. 32). Ня хоча бо Бог, каб Яму хтосьці паводле ўласнай волі служыў, але Ён хоча, каб мы Яму так служылі, як Ён Сам паказаў ды пастанавіў: «Не дадавайце нічога да таго, што я вам кажу, ані адымайце ад яго» (Паўт. Зак. 4). А ў іншым мейсцы сказаў: «Што загадваю вам, тое беражыце і рабеце, нічога не дадаючы і не адымаючы» (тамсама, 12).
Нядобра сталася Надабу і Абігу таму, што прынесьлі чужы агонь перад аблічча Госпада (Сьвят. 10). Пакараў Бог валадара Саўла, бо той вырашыў, насуперак Госпадавай волі, пакінуць на ахвяру зь непрыяцельскай здабычы тое, чаго Бог не загадваў (1 Сам. 13). Іншыя вельмі многія прыклады ня ўзгадваю.
У Новым Запавеце за важны доказ уважаецца слова, якое Апостал Паўла перад апісаньнем Вячэры Госпадавай так да Карынцянаў вы-клаў: «Бо я гэта атрымаў ад Госпада і перадаў вам, што Госпад Ісус у тую ноч, калі меў быць выдадзены» (1 Кар.11: 23).
Разгледзь ды памятай, што піша Апостал. Не ўважай, што гэтыя словы Апостал далучыў проста так, замест прадмовы: яны зьмяшчаюць вялікую навуку. Калі такому вялікаму Апосталу, дасьведчанаму ў духоўных справах, не належала ня толькі самому пастанаўляць таямніцы, але і пастаноўленыя таямніцы адмяняць або папраўляць, тым больш нікому іншаму не належыць.
Дзеля таго толькі тыя таямніцы мусяць уважацца за таямніцы, якія нам даў Сам Бог або Ягоны Сын.