Пытаньне

Калі таямніцы нікому іншаму, акрамя Самога Бога, не належыць пастанаўляць, чаму ж Абель, будучы справядлівым, прынёс ахвяру Госпаду Богу, хаця ахвяры яшчэ не былі Богам пастаноўленыя (Роду 4)?

Адказ

Хаця і не напісана, што Бог загадаў Адаму або ягоным сынам – Каіну і Абелю – прыносіць ахвяры, аднак зь ліста сьвятога Апостала Паўлы да Гебраяў дастаткова зразумела, што Каін і Абель ня самі здагадаліся прынесьці Богу ахвяры. Бо Апостал піша пра Абеля, што той вераю прынёс Богу ахвяру большую за Каінаву (Гебр.11: 4). Сам разгледзь: ці меў бы Абель веру, калі б ён не атрымаў ад Бога загаду прынесьці ахвяру? Мусіць бо вера на нешта абапірацца. Гэта значыць, праўдзівая вера мусіць абапірацца на Божае Слова, бо калі вера ня мае такой падставы, то і ня можа ўжо быць вераю.

А як бо хтосьці пра сваю справу можа мець моцную веру, што ягоная справа Богу любая, калі ён ня мае Божага загаду наконт той справы? Тады бо можа чалавек верыць, што Бог любіць ягоную справу, калі ён пэўны, што справу, якую ён робіць, Бог рабіць загадаў. Калі ж, паводле сьведчаньня Апостала, Абель меў веру, што ягоная ахвяра спадабаецца Богу, відочная рэч, што яму і Каіну Бог загадаў прыносіць ахвяры. Бо калі ня так, ня мог бы Абель мець веру, але мусіў бы сумнявацца, ці спадабаецца Богу ягоная ахвяра, ці не.

Да таго ж Сьвятое Пісьмо ясна кажа, што Адам у хуткім часе пасьля свайго граху, яшчэ ў раі, атрымаў ад Бога абяцаньне, што семя жанчыны скрышыць галаву зьмея (Роду 3). Калі Бог даў Адаму абяцаньне, падобна, Бог даў Адаму і таямніцу, якая б гэтае абяцаньне прыводзіла Адаму на памяць.