Пытаньне

Чаму Бог адразу не стварыў чалавека такім разумным, каб той без навукі ды таямніцаў Яго ведаў і любіў?

Адказ

Належала Богу стварыць чалавека такім, як ты сказаў. І маеш ведаць, што сапраўды ад пачатку такім Бог і стварыў айца нашага Адама і матку Эву, бо Сьвятое Пісьмо сьведчыць, што Бог стварыў чалавека на Свой вобраз і падабенства (Роду 1). Гэта значыць, як Бог – вечны, мудры, сьвяты, справядлівы, так і чалавек быў створаны несьмяротным, разумным, сьвятым, справядлівым, да таго ж надзеленым уладай над самім сабой.

Такім, кажу, быў наш aйцец і мы такія ж мелі быць. Але, поўны зайздрасьці, д’ябал прывёў нашых бацькоў да таго, каб яны парушылі Божае прыказаньне ды елі з забароненага дрэва, пасьля чаго яны страцілі той вобраз Божы. Гэта значыць, яны пазбавіліся ўсіх Божых цнотаў і згубілі ўладу над сабой. Таксама і пазнаньне Бога засталося ў іх вельмі малое, пра што Дух Сьвяты так сказаў: «Чалавек у славе ды без развагі падобны да жывёлы, што на зарэз» (Пс. 48).

Ці бачыш, да чаго прыйшоў чалавек: ад вобразу ды падабенства Божага да вобразу неразумнай жывёлы? Але міласэрны Бог, у Якога «ласка і шчодрасьць збаўленьня» (Пс. 129), зьлітаваўся над чалавекам ды, хочучы зноў вярнуць яму першы вобраз, даў чалавеку абяцаньне пра Хрыста, даў яму таксама і Сваё Слова, а пры ім – Божыя таямніцы, каб такім звычаем чалавек мог прыйсьці да спазнаньня або да разуменьня, як ужо вышэй было сказана.