Пытаньне
Дзеля чаго шлюб, або сужонства, ня лічыш за таямніцу, ды да таго ж і споведзі, памазаньня алеем ды пастаўленьня на сьвятарства?
Адказ
Сужонства, пакаяньне ў грахах, абраньне на вучыцельства – справы сьвятыя, але ня трэба іх лічыць за таямніцы. Пакаяньне бо прыналежыць да Сьвятога Хросту. Абраньне на пастырства або прэсьвітэрства ды на дыяканства датычыцца ня ўсіх, але пэўных асобаў. Зноў жа, шлюб, або сужонства, ня ёсьць таямніца, але сан, або сьвяты стан, устаноўлены Самім Богам не дзеля таго толькі, каб мы злучаліся паміж сабой так, як злучаемся з Богам, але і дзеля многіх іншых прычынаў. Гэта значыць, найперш таму, што нядобра быць чалавеку аднаму (Роду 2). Потым дзеля таго, каб тым звычаем памнажаўся род людзкі. А яшчэ каб сьцерагчыся блуду, як Апостал загадвае, каб кожны меў сваю жонку (1 Кар. 7: 2 ).
Што ж датычыцца памазаньня алеем, ня толькі такое памазаньне не таямніца, але і ўвогуле яно ня можа быць скарыстана вучыцелямі. Бо хаця ж Апосталы, як піша Марк (Мк. 6: 13), мазалі алеем многіх хворых і іх аздараўлялі, але гэта, як і ўсе іншыя цуды, паводле прыкладу Хрыста, яны рабілі толькі на той час дзеля пацьвярджэньня Эвангельскай навукі. А паколькі ўжо ў цудах няма патрэбы, то і памазаньня алеем больш ня трэба. Перадусім дзеля той прычыны яно не патрэбна, каб люд просты ня думаў, што праз памазаньне алеем Бог прабачае грахі. Таму што пачалі ўжо пра алей мудраваць. Якуб у сваім лісьце загадвае таксама мазаць алеем хворых, але пад алеем Якуб разумее лекі, як і прарок Ісая, калі той кажа: «Раны неабмытыя і неперавязаныя, і алеем не разьмякчаныя» (Як. 5: 14-15; Іс. 1: 6).
Дзеля гэтага таямніцаў хрысьціянскіх болей няма, адно толькі тыя дзьве, якія Сам Хрыстос пастанавіў, – Сьвяты Хрост, кажу, ды Вячэра Госпадава. Пра кожную зь іх асобна можаш спытацца.