Пытаньне

Што патрэбна таму, хто хоча хрысьціцца?

Адказ

Такі чалавек павінен мець тры рэчы: веру ў Хрыста, вызнаньне веры ды пакаяньне ў грахах. Пра пакаяньне напісана, што «хрышчаныя Янам вызнавалі свае грахі» (Мц. 3: 6). Лука таксама ў Дзеях піша: калі Юдэі спыталіся ў Апосталаў, што маюць рабіць, Пётр адказаў у такія словы: «Пакайцеся, і няхай кожны з вас прыйме хрост у імя Ісуса Хрыста на адпушчэньне вашых грахоў» (Дзеі 2: 38).

Пра веру – што яе неабходна мець тым, хто хрысьціцца, — Сам Хрыстос сказаў: «Той, хто будзе мець веру і ахрысьціцца, будзе збаўлены» (Мк. 16:16). Ды ня толькі сэрцам верыць, але і вуснамі вызнаць веру трэба, і толькі потым мае быць Хрост.

Добры гэтаму праклад ёсьць у Дзеях Апосталаў. Піша бо Лука, што дыякан Піліп на пытаньне эўнуха, ці можна яму ахрысьціцца, так адказаў: «Калі верыш усім сэрцам, дык можна» (Дзеі 8: 26-40). Ды, адказваючы, эўнух сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос – Сын Божы». Тут бачыш і пытаньне пра веру, і дастатковае яе вызнаньне. Таму няправільна цяпер некаторыя робяць, калі хрысьцяць юдэяў, туркаў, татараў ды іншых паганаў, перш іх не навучыўшы ды не дазнаўшыся пра іхняе жыцьцё.