Пытаньне

А калі ахрышчаны потым саграшыць, што мае рабіць?

Адказ

Трэба ня толькі не грашыць, але і рашуча супрацьстаяць граху, а найболей прасіць дапамогі ў Бога (Эф. 6:10-17). Бо калі Бог дасьць моцы, лягчэй будзе не грашыць. Але калі ўсё ж хтосьці саграшыць дзеля нядужасьці свайго цела, ня мае баяцца, што будзе пакінуты. Напісана бо, што ня хоча Бог сьмерці грэшніка, але няхай той пакаецца ды жыве (Эз. 18).

Ды чытаем у Дзеях пра Сымона-чараўніка, які моцна саграшыў, бо хацеў за срэбра купіць у Апосталаў дары Сьвятога Духа, аднак Пётр спачатку яго выкрыў, а потым сказаў яму: «Дык пакайся за гэтую сваю нягоднасьць і малі Бога, можа, Ён даруе табе ліхі твой намер» (Дзеі 8: 22). Дзеля гэтага слушна Кафары, або Наватыяне, здаўна лічацца за герэтыкоў: яны бо, калі чалавек, прыняўшы Сьвяты Хрост, саграшыў, ніколі не прыймалі ягонага пакаяньня. Сымон бо ахрышчаны быў і саграшыў, аднак Апостал загадаў яму пакаяцца (Дзеі 8: 14-25).

Ды шмат ёсьць такіх прыкладаў у Сьвятым Пісьме, якія, каб не зацягнуць размову, прапускаю. Зноў жа скажу, што чалавеку, які саграшыць, ня трэба сумнявацца ў міласьці Божай, але трэба хутчэй з граху ўстаць, каяцца ды плакаць. Таксама і тым, хто стаіць, ня трэба, спадзеючыся на міласьць Божую, грашыць, Апостал бо сказаў: «Калі бо мы дабраахвотна грашым, маючы пазнаньне праўды, дык няма ўжо ахвяры за грэх, але толькі нейкае страшнае чаканьне суду» (Гебр. 10: 26-27).