Пытаньне

Дакажы мне гэта са Сьвятога Пісьма. Бо не разумею, як гэта можа быць: дарослы чалавек, калі захоча хрысьціцца, павінен мець веру ды яе вызнаваць, а, зноў жа, дзіця бяз гэтага можа хрысьціцца?

Адказ

Так гэта зразумееш: перадусім ты ведаеш, што таямніцы Старога Запавету мелі роўную сілу з таямніцамі Новага Запавету, бо Апостал піша, што «ўсе айцы спажывалі тую самую духовую страву і пілі тое самае духовае пітво» (1 Кар. 10: 3-4). І хаця тады народ меў адны бачныя знакі падчас таямніцаў, а мы маем іншыя, – але іхнія таямніцы азначалі тое самае, што і нашыя.

А калі ёсьць так, што іхнія таямніцы аднолькавыя з нашымі, то было патрэбна, каб чалавек меў веру, прыступаючы ці да нашых таямніцаў ці на той час да іхніх. Дзеля гэтага і Абрагам, калі меўся прыняць абрэзаньне, пэўная справа, меў веру, як Пісьмо сьведчыць. Бо калі б ён ня меў веры, не загадаў бы тады яму Бог абрэзацца. Але раз Абрагам меў веру, таму і прыняў, як кажа Апостал, знак абрэзаньня як пячатку той веры, якую меў і перад абрэзаньнем. Зноў жа, калі Абрагам даў абрэзаць свайго сына Ізака, тое было абрэзаньне, або таямніца, як Абрагаму, так і Ізаку, хаця Ізак ня меў веры і быў абрэзаны, а Абрагам ня быў бы абрэзаны, калі б ня меў у сабе веры.

Ужо бачыш, што дарослыя павінны мець веру да прыняцьця таямніцы, а дзеці могуць перш таямніцу прыняць, а потым паверыць. Таму і цяпер дзеці могуць хрысьціцца, хаця і ня маюць веры. Але ж ня ўсе дзеці, але толькі тыя, чые бацькі ў царкве; дзеці ж няверуючых ня могуць быць ахрышчаныя. Самі бо веруючыя маюць тое абяцаньне, якое Бог даў Абрагаму: «Буду, – сказаў, – табе Богам і патомству, або семені твайму пасьля цябе» (Роду 17).