Пытаньне
Растлумач, ці маюць дзеці грэх?
Адказ
Праўда, што дзеці ня маюць сваіх грахоў, але маюць грэх першародны. Пра гэта шмат сказана ў Сьвятым Пісьме, найперш у псальме Давід так пра сябе сьведчыць: «Вось жа я ў граху нарадзіўся і ў беззаконьні пачала мяне маці мая» (Пс. 50). Тым жа звычаем Гіёб казаў, што перад Богам грэшнае нават немаўля, Апостал бо сьведчыць: «Калі корань сьвяты, то і галіны» (Рым. 11: 16). Калі б бацькі нашыя – значыць, Адам ды Эва – захавалі той вобраз Божы, на які былі створаны, то і дзеці іхнія нарадзіліся б на той самы вобраз. Але раз яны таго вобразу праз свой грэх пазбаўлены, дзеля гэтага і дзеці іхнія могуць адно толькі грэшнымі нараджацца.
Ды і Майсей пра Сэта піша, што Адам нарадзіў яго на вобраз свой ды падабенства (Роду 5). Не напісаў ён: «На вобраз Божы», бо ўжо страціў Адам вобраз Божы, гэта значыць, справядлівасьць, чыстасьць ды несьмяротнасьць. Калі ж Адам сам ня быў справядлівым, то як жа ягоныя нашчадкі могуць быць справядлівымі? Таму разам з Апосталам так скончым: «Усе саграшылі ды пазбаўленыя славы Божай». Калі ўсе, то і дзеці.