Пытаньне

Але Госпад сказаў: «Хто не народзіцца з вады ды з Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае» (Ян 3: 5).

Адказ

Што Хрыстос тут кажа не пра бачную ваду, ты можаш здагадацца са словаў, якія там жа Ён далучае, так гаворачы: «Тое, што нарадзілася зь цела, ёсьць целам, а што нарадзілася з Духа, ёсьць дух» (Ян 3: 6). Калі б у тых папярэдніх словах вада азначала ваду бачную – гэта б значыла, што Хрыстос меў на ўвазе цялесную справу. Але, паглядзеўшы на ўсю прамову Хрыста, лёгка здагадаешся, што Госпад гаворыць пра духоўнае нараджэньне ды пра духоўныя справы, пераходзячы ад рэчаў бачных да рэчаў духоўных.

Таму, калі Ён кажа: «Хто не народзіцца з вады»,– мяркуй не пра ваду бачную, якая ня можа нарадзіць чалавека нанова, але мяркуй пра Духа Сьвятога. Часта бо Прарокі ды і Сам Хрыстос называюць Духа Сьвятога вадою. Бо як вада змывае бруд, тушыць агонь і халодзіць апёкі, гэтаксама Дух Сьвяты змывае грахі, тушыць пажаданьні ды сумленьне ў сумненьнях халодзіць.

Вось гэта і ёсьць вялікія дабраславенствы Сьвятога Хросту. А што так сапраўды ёсьць, значыць, што Хрыстос называе Сьвятога Духа вадою, убачыш у тым мейсцы дзе Ян так піша: «Стаў Ісус і казаў у голас: “Калі хто смагне, хай прыходзіць да Мяне і п’е. Хто верыць у Мяне, як кажа Пісаньне, у таго рэкі жывой вады пацякуць зь яго нутра”. А так казаў пра Духа» (Ян 7: 37-39). Цяпер ты маеш ясны доказ, што вадою Хрыстос называе Духа Сьвятога, гэтаксама як і калі Ён сказаў: «Хто не народзіцца з вады і з Духа»,– спачатку ўзгадаўшы ваду, а потым – Духа, нібы тлумачачы, што гэта за вада.