Пытаньне

Хто і дзеля чаго пастанавіў гэтую таямніцу?

Адказ

Ужо казаў я раней, што ніхто, акрамя Бога ці Ягонага Сына, ня можа пастанаўляць таямніцы. Бо калі б пастанавіў нехта іншы, была б гэта не таямніца, але марнасьць ды мярзота, паводле слова: «Дарэмна пашану аддаюць, калі вясьцяць навукі і пастановы людзкія» (Мц. 15: 9). Таму гэтая таямніца ёсьць таямніцай, што яе Сам Бог пастанавіў з прычыны нашай недасканаласьці. Вядома нашаму Богу, як хутка мы забываемся на дабраславенствы Божыя, як бываем за іх няўдзячнымі. Каб гэтага пазьбегнуць, пастанавіў Ён такую таямніцу ды загадаў яе чыніць на ўспамін пра Ягоную сьмерць. Значыць, бачныя хлеб і віно есьці і піць, Богу Айцу ды Самому Госпаду за такія дабраславенствы дзякаваць, каб тым звычаем ня толькі вушы, але і вочы ды іншыя пачуцьці дасьвядчалі сьмерць Госпада ды перажывалі яе нанова. Гэта – першая прычына, дзеля якой Госпад пастанавіў такую таямніцу. Другая прычына – каб памяталі, што мы з Хрыстом – адно цела, цела ад цела ды косьць ад касьцей Яго (Эф. 5: 30). Трэцяя прычына – каб такім чынам любоў паміж намі ўзрастала. Пра гэта яшчэ далей пагаворым.