Пытаньне
Распавядаеш, што ў Новым Запавеце, або пад Эвангельлем, папы не патрэбныя ды што ў часы Апосталаў іх не было. Аднак у Апостальскіх лістах шмат узгадваецца пра папоў, як, прыкладам, Паўла да Ціта піша: «Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах папоў» (Ціт 1: 5).
Адказ
Ведаю, што шмат у якіх мейсцах у Апостальскіх лістах узгадваюцца папы, ды Лука ўспамінае іх у Дзеях, але не замест сьвятароў або ярэяў. Гэта значыць, ня ў тым сэнсе, як цяпер разумеюць. Зараз бо папом завуць сьвятара, гэта значыць таго, хто складае ахвяру. Аднак Апостал загадвае Ціту паставіць не такіх папоў, якія складаюць бачную ахвяру, але загадвае яму паставіць у кожным горадзе вучыцеля, або епіскапа, каб вучыў, а не ахвяры складаў. Як потым там жа Апостал тлумачыць, кажучы: «Належыць бо, каб епіскап быў беззаганы як распарадзіцель Божы, які трымаецца праўдзівае навукі, вернай Слову, каб здатны быў ён схіляць да праўдзівай навукі нават тых, якія выступаюць супраць» (Ціт 1: 7-9).
Бачыш на ўласныя вочы: той, хто спачатку названы папом, потым названы епіскапам. Дзеля гэтага «поп» азначае тое самае, што і «епіскап». Бачыш таксама і абавязкі епіскапскія, або папоўскія. Ніводным словам Апостал ня ўзгадвае, што епіскап мае літургію, або службу, саборам служыць, але толькі кажа, што епіскапскі абавя- зак – схіляць да праўдзівай навукі, вернай Слову, ды тых, якія выступаюць супраць, выкрываць. Такімі мусяць быць сьвятары Эвангельля Хрыстовага.
Ды, зноў жа, патрэбна ведаць: дзе ў нашых кнігах перакладчыкі пішуць «папы», Апосталы пісалі «прэсьвітэры», гэта значыць, «старшыя, або старшыні». Таму было б лепей выправіць тыя мейсцы згодна з кнігамі, па-грэцку напісанымі, перадусім таму, што цяпер папом завуць не старшага або прэсьвітэра, але таго, хто абедню служыць.
Тым жа звычаем маеш меркаваць і пра дыяканаў. Цяпер бо дыяканамі тых называюць, што дапамагаюць папам служыць абедні, чытаюць Эвангельле, на аглашоных (іх ужо колькі соцень гадоў няма) крычаць, каб з царквы выходзілі, кадзяць ды падобнае глупства робяць. Такіх дыяканаў ня ведалі ані Апосталы, ані першыя Хрысьціяне, бо звалі іх дыяканамі паводле іхняй службы, што пачалася праз колькі соцень год пасьля Апосталаў, але потым перапынілася.
Вядома, як пра дыяканаў у Лукі напісана: дзеля якой патрэбы былі абраныя ды якімі былі іхнія абавязкі. Так бо піша багабойны Лука: «У тыя дні, калі лік вучняў узрастаў, пачалі Геленісты наракаць на Гебраяў, што ў штодзённым служэньні іхнія ўдовы былі крыўджаны. Тады Дванаццаць, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі ім: “Не выпадае нам пакінуць Слова Божае і заняцца абслугай сталоў. Таму вось, браты, нагледзьце з-паміж сябе сем мужоў, маючых добрае сьведчаньне і поў-ных Духа і мудрасьці, якім мы даручым гэтую работу. А мы ўсьцяж будзем на малітве і паслузе Слова”» (Дзеі 6: 1-7).
Вось жа маеш сьведчаньне Сьвятога Духа, на якія справы былі абраныя дыяканы: не кадзіць, але займацца абслугай сталоў. Значыць, міласьціну зьбіраць, а зь яе забясьпечваць старых удоваў ды саміх Апосталаў. Такімі былі дыяканы Стэфан, Піліп ды іншыя. Ня ведалі яны, што такое арары, кадзільніцы; ня ўмелі яны кланяцца ўладыкам ды іншых непатрэбных глупстваў не рабілі крывадушным звычаем.