Пытаньне

Кажаш, што Вячэра Госпадава тым жа звычаем мусіць складацца, як Хрыстос яе складаў. Чаму ж і вы не ва ўсім захоўваеце справы Хрыстовыя? Хрыстос бо ўвечары гэтую таямніцу пастанавіў ды вучням раздаваў, а вы зранку, перад абедам, прычашчаецеся. Да таго ж вы падчас Вячэры сьпяваеце псальмы ды песьні, а Госпад ніякіх сьпеваў пры той справе не пастанаўляў.

Адказ

Падчас Вячэры Госпадавай ня ўсе справы аднолькава важныя, бо на адных залежыць болей, а на другіх – меней. Без адных Вячэра адбыцца ня можа, а другія могуць быць і могуць ня быць. Напрыклад, хлеб, віно, вызнаньне, падзяка, успамін пра сьмерць Госпада, прычашчэньне Цела Хрыста і Крыві Ягонай – гэта такія рэчы, што пры Вячэры Госпадавай абмінуць нельга, ды бязь іх Вячэра ня можа быць таямніцай.

Зноў: сьпевы, час, мейсца, колькасьць тых, што прычашчаюцца, пост ды іншае — залежаць на нашай волі і ў іх мы свабодныя, бо да гэтага нас не змушаюць ані Слова Божае, ані пастанова Хрыста. Ён бо не сказаў: «Тады рабіце», або: «У пэўны час рабіце», або: «Тут рабіце», або: «Так рабіце», але сказаў: «Гэта рабіце», – значыць, гэтую справу, якую Я раблю, і вы рабіце.

Дзеля гэтага досыць, што саму справу робім, хаця і ня ў той жа час, ня ў той жа колькасьці, не на тым жа мейсцы. Бо як ужо я сказаў, гэта залежыць на нашай хрысьціянскай свабодзе. Хрыстос уначы пасьля вячэры спраўляў таямніцу, мы цяпер – раніцай, яшчэ ня еўшы, спраўляем не таму, што ня можам увечары спраўляць, але таму, што раніца на ўсе справы больш прыдатная. Але Лука піша, што вучні зыйшліся ламаць хлеб у першы дзень па субоце (Дзеі 20:7-12), ды паведамляе, што гэта адбывалася ўначы, бо піша, што Паўла зацягнуў сваё слова аж да поўначы.

Таму, калі будзе такая патрэба, можа Сьвятая Вячэра адбывацца ўначы. А тое, што псальмы былі зазвычай і ў часы Апосталаў, ясна зь лісту сьвятога Паўлы, ён бо піша: «Калі зьбіраецеся разам, кожны з вас мае псальм» (1 Кар. 14: 26), а ў іншым мейсцы ён сказаў: «Хай шчодра прабывае ў вас Слова Божае, каб з усёю мудрасьцю адны адных навучалі і напаміналі ды каб у ласцы ў сэрцах вашых сьпявалі вы Богу псальмы, гімны і песьні духоўныя» (Кал. 3:16). Апроч гэтага Мацьвей, калі піша пра Вячэру Госпадаву, так пад канец кажа: «І, адгаварыўшы гімн, пайшлі на Аліўную гару» (Мц. 26: 30). Таму і не парушаем мы ў гэтым пастановы Хрыста.