Пытаньне
Гавары дзесяць Божых прыказаньняў.
Адказ
Так піша Майсей у другой кнізе, якую называюць «Выхад»: «Сказаў Госпад усе гэтыя словы: “Я – Госпад Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі. Ня мей другіх багоў побач Мяне (1).
Не рабі разьбы і ніякай выявы таго, што ўверсе ў небе, ані што на зямлі ўнізе, ані што ў вадзе ніжэй зямлі. Не пакланяйся ім і не служы ім, бо Я – Госпад, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае дзяцей за няправасьць бацькоў да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня адносна тых, каторыя Мяне ненавідзяць, і аказвае міласэрдзе аж да тысячнага пакаленьня тым, каторыя любяць Мяне і спаўняюць прыказаньні Мае (2).
Не гавары імя Госпада, Бога твайго, легкадумна, бо Госпад не пакіне бяз кары таго, хто прызывае імя Госпада, Бога свайго, надарэмна (3).
Памятай, каб сьвяткаваць дзень суботы. Шэсьць дзён будзеш працаваць і выконваць усе працы твае, а сёмы дзень – субота Госпада, Бога твайго. Не працуй ты, і сын твой, і дачка твая, нявольнік твой і нявольніца твая, жывёла твая і чужынец, каторы жыве ў цябе. Бо ў шасьці днях стварыў Госпад неба, і зямлю, і мора ды ўсё, што на іх ёсьць, і супачыў у сёмы дзень. Дзеля таго дабраславіў Госпад дзень суботы і ўсьвяціў яго (4).
Паважай бацьку твайго і маці тваю, каб быў ты даўгавечны на зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой (5).
Не забівай (6).
Не чужалож (7).
Не крадзі (8).
Не гавары фальшывага сьведчаньня на бліжняга твайго (9).
Не квапся на дом бліжняга твайго. Не жадай жонкі яго, ані слугі, ані вала, ані асла, ані нічога, што да яго належыць (10)”».