ДА ЧЫТАЧА
Вы трымаеце ў руках
трэцяе выданьне кнігі "Катихисісъ,
то естъ наука стародавная хрістіаньская
от Светого Писма для простыхъ людей
языка руского въ пытаніахъ и отказехъ събрана". Першы раз яна пабачыла сьвет
у Нясьвіжы ў 1562 г.
"Катэхізіс" у XVI ст. быў шырока вядомы
ў Вялікім Княстве Літоўскім, у Польшчы,
у Маскоўскай Русі, нават у Швэцыі.
Вядома, што ў 1628 г. "Катэхізіс"
быў перавыдадзены ў Стакгольме.
Аднак сёньня "Катэхізіс" С. Буднага зьяўляецца бібліяграфічнай рэдкасьцю,
зь якой маюць магчымасьць азнаёміцца
толькі нешматлікія дасьледчыкі.
Таму ў 2002 г. ў межах праграмы
па сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфармацыі
ў Беларусі распачалася праца па адаптацыі
тэксту "Катэхізісу" і перакладу яго
на сучасную беларускую мову,
каб ня толькі людзі вучоныя, але і паспалітыя маглі пазнаёміцца зь ідэямі і вучэньнем
беларускіх рэфарматараў XVI ст.
І вось зараз мы з радасьцю
прадстаўляем шаноўнаму чытачу
плён працы многіх людзей,
"каб прагнучыя мелі разуменьне
ўсіх Словаў Божых і Ягонай праўды,
каб гэтаму і самі вучыліся,
і дзяцей сваіх навучылі".