Пытаньне
Якія ўчынкі супярэчаць гэтаму прыказаньню і Бог іх забараняе?
Адказ
Шмат ёсьць грахоў супраць гэтага першага слова, перадусім тыя, што супраць веры ды страху Божага.
Першы грэх – бязбожных эпікурэйцаў, значыць тых, якія ня вераць, што Бог ёсьць, або ня вераць, што Ён пра нас клапоціцца.
Другі грэх – балванахвальцаў, значыць тых, якія або вераць, што ёсьць шмат багоў, або служаць стварэньню як Творцы. Так было ў старажытных грэкаў, якія слынных людзей пасьля сьмерці лічылі за багоў ды ім маліліся, напрыклад, Гермэсу, Апалёну ды іншым. Зноў жа, зараз так грашыць той, хто моліцца памерлым сьвятым.
Трэці грэх – юдэяў ды ўсіх мусульманаў, якія ня так пра Бога разважаюць ды Яго вызнаюць, як Ён Сам загадаў, але так, як яны сабе выдумалі. Гэтаксама пра герэтыкоў мяркуй.
Чацьвёрты грэх – валхвоў, значыць, чарадзеяў, якія бесам вераць.
Пяты грэх тых, хто Бога да пэўных мейсцаў нібыта прывязвае, мяркуючы, што Ён хутчэй у адным мейсцы выслухае, чым у другім. Прошчамі гэтыя мейсцы яны называюць. Але супраць такога меркаваньня піша прарок Ісая, кажучы, што Бог паўсюль аднолькава чуе чалавека, які каецца. Гэтак бо сказаў: «Так кажа Госпад: “Нябёсы ёсьць Маім тронам, зямля ж – падножкам ног Маіх. Які ж гэта дом, што Мне пабудуеце, ды якое гэта мейсца на Мой адпачынак? Усё гэта зрабіла Мая рука, ды ўсё гэта ёсьць Маё, – кажа Госпад. – Але Я гляджу на таго, хто бедны і прыгнечаны на духу, і хто са страхам шануе слова Маё”» (Іс. 66: 1-2; Дзеі 17: 24-25).
Шосты грэх супраць першага слова Божага – грэх крывадушнікаў, якія не баяцца праўды Божай ды Ягонага суду. Таксама і тых, хто больш за Бога любіць багацьце ды асалоды цялесныя, хаця на людзях здаецца пабожным.
Сёмы грэх – не спадзявацца на Бога ды гневацца на Яго, такім быў валадар Ізраэльскі Саўл.
Восьмы – думаць надта высока пра сваю праведнасьць або справядлівасьць, як той фарысэй, што на малітве хваліўся перад Богам сваёй справядлівасьцю ў такія словы: «Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік. Пашчуся два разы ў тыдні» (Лк. 18: 11-12). Такія крывадушнікі двойчы грашаць: перадусім яны няправільна мяркуюць, які ёсьць суд Божы, ды з гэтай прычыны ня маюць страху Божага; апроч таго заслугі Божыя сабе прыпісваюць. Дзеля гэтага Хрыстос так Сваіх вучыць: «Так і вы, калі споўнілі ўсё, што вам загадана, кажыце: “Слугі мы не зарадныя, што павінны былі зрабіць, зрабілі”» (Лк. 17: 10).
Дзевяты грэх – сумнявацца ды не давяраць ласцы Божай, думаючы, што Бог пра нас ня дбае ды ня хоча нам грахоў прабачаць. Такім быў Каін, які не хацеў верыць, што Бог даруе яму забойства брата (Роду 4). Гэтаксама мяркуй пра Юду, які прадаў Хрыста (Мц. 27: 3-10).
Дзесяты грэх – ня зносіць ды не прыймаць удзячна тое, што Бог дапускае, або няпраўду ды няміласьць Богу прыпісваць.
Адзінаццаты грэх – ня дбаць пра Слова Божае або яго выракацца ці то па волі людзей, ці то, як Пётр, дзеля страху.
Дванаццаты грэх – спадзявацца на сваю моц, розум або на што іншае, як Сэнахірым, на сваю сілу спадзеючыся, хацеў зьнішчыць валадарства Юдэйскае (Іс. 36).