Пытаньне

Як гэта маю разумець? Ці ж і Сваю выяву Бог рабіць забараняе, ці толькі паганскіх балваноў?

Адказ

Перадусім так разумець гэта мусіш: як у першым прыказаньні Бог забараняе духоўнае балванахвальства ды Сабе пакідае духоўнае пакланеньне, гэтаксама ў другім прыказаньні Ён забараняе целам пакланяцца выявам. А на тое тваё пытаньне, ці Госпад забараняе рабіць толькі выявы паганскіх балваноў, так табе адказваю: Бог забараняе ствараць ня толькі выявы багоў фальшывых, але і Свае выявы, і анёлаў, і людзей, нават сьвятых. Бо ясна сказаў: «Ніякай выявы».

Пра гэта ў Пяцікніжжы яшчэ больш пераканаўча запаведуе Майсей: «Ня бачылі вы ў той дзень ніякага вобразу, калі гаварыў да вас Госпад на гары Гарэб пасярод агню, каб вы не сапсуліся і не зрабілі сабе ідала, вырабляючы яго на падабенства мужчыны або жанчыны, або выяву якой-небудзь жывёліны, каторая знаходзіцца на зямлі, або птушкі, што лётае ў небе, або паўзуноў» (Паўт. Зак. 4). Ці бачыш, што кажа Майсей? Ці ж не дзеля таго Бог, гаворачы да сыноў Ізраэля, не зьявіўся ім у нейкім вобразе, каб потым яны не стварылі сабе балваноў?