Пытаньне
Можа, на той толькі час гебраям не дазвалялася мець выяваў, бо яны ня бачылі аніякага Божага вобразу. Аднак потым Сын Божы, прыйшоўшы ды цела прыняўшы, стаўся бачным для людзей Богам, дзеля гэтага можна ўжо мець нам выявы?
Адказ
Праўда, што Бог стаўся бачным у Сваім Сыне, бо і Сам Хрыстос казаў да Піліпа: «Хто бачыў Мяне, той бачыў Айца, бо Я ў Айцы і Айцец у-ва Мне». Аднак таго папярэдняга прыказаньня Госпад не адмяніў, але яшчэ больш яго сьцьвердзіў, калі сказаў самаранцы: «Жанчына, павер Мне, што набліжаецца час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме ня будзеце пакланяцца Айцу» (Ян 4: 21). А крыху ніжэй да той жа жанчыны Ён кажа: «Бог ёсьць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны аддаваць Яму спахвалу ў Духу і праўдзе». Вось бачыш: усякія выявы адмяняе Госпад.
Але каб ты ведаў, што і пасьля ўцелаўленьня Сына Божага Бог ня хоча, каб Яму ствараліся выявы, прачытай навучаньне сьвятого Апостала Паўлы Афінянам, дзе ён, між іншым, так сказаў: «Бог, Каторы стварыў сьвет ды ўсё, што на ім, Госпад неба і зямлі, не жыве ў сьвятынях, рукою людзей пабудаваных, ды не патрабуе паслугі рук людзкіх» (Дзеі 17: 24-25). З гэтых словаў выяўляецца, што Апостал не пра фальшывага нейкага бога гаворыць, але пра Сапраўднага і Жывога. Так бо сказаў: «Бог, Каторы стварыў сьвет» ды ясна растлумачыў, што Той Бог не прыймае паслугі рук чалавечых.
Выявы ж, ці, як іх называюць, іконы – што іншае, як не паслуга, гэта значыць, служэньне рук чалавечых? Дзеля таго там жа, крыху ніжэй, Паўла кажа: «Дык, будучы з роду Божага, не павінны мы думаць, што Боства падобнае да золата, або срэбра, або каменя, разьбы мастака, або да твору розуму чалавечага». Тут ясна бачыш, што Апостал забараняе ствараць падабенства нават Самога Бога жывога як з золата ды са срэбра, так і з каменя ды з твораў розуму чалавечага, хаця тады Хрыстос, Сын Божы, ужо прыняў выгляд чалавека.
Больш за тое, хаця Бог і адкрыўся нам у Сыне Сваім, аднак нам не загадаў рабіць такіх абразоў. Маем бо на тым вобразе спыніцца, які нам Бог паказаў ласкава, значыць, на Самім Сыне Божым. Ён – адзіны вобраз Божы, Якому мусім аддаваць спахвалу ў Духу і праўдзе. Хаця і Адам перш быў створаны на гэты ж вобраз, але тады ж яго страціў, парушыўшы Божае прыказаньне.