Пытаньне

Што адкажаш на тое, быццам бы Хрыстос, як некаторыя гавораць, паслаў Сваю выяву валадару Агвару?

Адказ

Перадусім так адкажу: пра гэта ніводзін эвангеліст ня піша. А як нехта можа верыць у тое, што не напісана ў Сьвятым Пісьме? Бо не падобна, што сьвятыя эвангелісты не ўзгадалі б пра такі вялікі цуд, калі яны і пра меньшыя справы ўзгадваюць.

Ведаю таксама, як пра гэта напісаў Дамаскін: нібыта эдэскі валадар Агвар паслаў да Хрыста іканапісца, каб той намаляваў Ягоную выяву. А паколькі іканапісец, маўляў, намаляваць ня змог, тады Сам Хрыстос, узяўшы абрус і прыклаўшы яго да твару, стварыў Сваю нерукатворную выяву. Так мяркуе Дамаскін, але, ня маючы аніводнага доказу, ён сам піша пра гэта як пра няпэўную рэч. Дзеля гэтага ня варта такім няпэўным рэчам верыць, як і Апостал, да Цімахвея пішучы, кажа: «Недарэчных казак высьцерагайся» (1 Цім. 4: 7).

Нарэшце, калі хто захоча паверыць гісторыі пра валадара Агвара, то ці ж ня больш прыстала паверыць тады Яўсевію Кесарыйскаму, які жыў праз трыста гадоў пасьля ўшэсьця Хрыстова, чым Дамаскіну, які жыў празь семсот гадоў? Але Яўсеві, падрабязна распавядаючы пра тую падзею, ня ўзгадвае аніякіх выяваў, прыпамінае толькі ліст, які Хрыстос пісаў да Агвара. Да таго ж ячшэ ўзгадвае, як сьвяты Апостал Тамаш пасылаў да Агвара Тадэя, які, маўляў, вылячыў Агвара ўскладаньнем рук ды малітвай. Пра гэта знойдзеш у ягонай першай кнізе царкоўных дзеяў, разьдзел 13.