Пытаньне

Што абяцае Бог тым, хто выявам ня кланяецца ды іх не стварае?

Адказ

Як парушальнікаў Бог карае і вечнымі, і часовымі пакутамі, так, зноў жа, тым, хто спаўняе гэтае прыказаньне, Бог і тут дабром плаціць, і потым абяцае жыцьцё вечнае. За ўзор маем Эзэкію ды Ёсію, валадароў Юдэі, якіх Бог ад усіх ворагаў моцна бараніў, бо яны гэтае прыказаньне выконвалі, усіх балваноў зьнішчаючы. Нават таго медзянога зьмея, створанага Майсеем паводле Божага загаду (Лічбы 21), калі людзі пачалі яму маліцца, пабожны валадар Эзэкія зьнішчыў, хаця той зьмей быў вобразам Сына Божага Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Пра гэтага Эзэкію так Дух Сьвяты напісаў: «І паклаў ён надзею ў Госпадзе, Богу Ізраэля, і падобнага да яго не было між усіх валадароў Юды як пасьля яго, так і перад ім» (2 Валад. 18). Гэтаксама і пра Ёсію напісана, што перад ім не было такога валадара, які б так навярнуўся да Госпада (2 Валад. 23).

А гэта дзеля таго Дух Сьвяты напісаў, каб валадары, князі ды іншыя начальнікі ведалі, што іхні абавязак – усякіх балваноў ды фальшывыя пакланеньні зьнішчаць ды выкараняць. Такія начальнікі па ўсіх Беларускіх землях зараз вельмі пільна патрэбныя, бо ідалаў ды ўсялякіх балваноў за некалькі соцень гадоў тут так намножылася, што за імі люд паспаліты на Бога забыўся. Але пра гэта іншым разам падрабязьней напішам.