Пытаньне

Якія ёсьць учынкі супраць гэтага прыказаньня Божага?

Адказ

Першае – не прызываць Бога ў час патрэбы і ня дзякаваць Яму.

Другое – прызываць у дапамогу сьвятых, што памерлі, ды рабіць іх заступнікамі перад Богам.

Трэцяе – фальшывае вучэньне сеяць ды яго бараніць, а праўдзівае вучэньне ганьбіць, зьнеслаўляць ды зьнішчаць.

Чацьвёртае – блюзьнерскія пакланеньні Богу самім пастанаўляць або кімсьці іншым выдуманых пакланеньняў трымацца.

Пятае – праўдзівае вучэньне не вызнаваць, асабліва падчас перасьледу.

Шостае – Сьвятому Эвангельлю не вучыць, калі хтосьці на гэта абраны.

Сёмае – падчас нязгоды ў Царкве праўды ня вызнаць, калі б ад некага гэта залежала.

Таксама ўсякае зьнеслаўленьне Бога парушае гэтае прыказаньне, як, напрыклад, выслоўі эпікурэйцаў, якімі бязбожнікі кпяць з Госпада, уважаючы Ягонае Слова за глупства. Таксама лаянка на Бога, як словы фараона, Рабсака, фарысэяў на Хрыста ды на Ягоных Апосталаў (Выхад 5, 2 Валад. 18, Мц. 12, Ян 12). Яшчэ словы, якія ў нямоглых веру аслабляюць ды зьмяншаюць славу Божую. Таксама і тыя цяжка грашаць, што ўжываюць дзеля блюзьнерства Божае Слова са Старога ці з Новага Запавету.

Таксама чарадзеі і чарадзейкі, вядзьмаркі і варажбіты грашаць супраць гэтага прыказаньня, хаця часам ад іх шаптаньня людзі ды жывёла здаравеюць.

Яшчэ парушаюць гэтае прыказаньне фальшывыя клятвы або прысягі, бо тады чалавек імем Божым прыкрывае свае грахі. Да таго ж той, хто прысягае, прызывае сабе ў сьведку Бога, таму, прысягаючы фальшыва, ён абражае Божую славу, хочучы, каб Бог пацьвердзіў ягоную няпраўду. Акрамя таго чалавек, які прысягае фальшыва, за нішто ўважае суд Божы. Бо прысягае, каб яго скараў Бог, калі ён няпраўду скажа, а сам ведае, што гаворыць няпраўду, аднак усё роўна гнеў Божы на сябе кліча. Відочна, што такі чалавек за нішто Божы гнеў лічыць, бо калі б яго баяўся, тады б яго на сябе ня клікаў. Калі ж так шмат грашыць той, хто прысягае хлусьліва, павінен кожны пільна сьцерагчыся, каб не прызвычайвацца прысягаць.

Нарэшце, парушаюць гэтае трэцяе слова зламоўнасьць ды праклёны. Бо хто праклінае, той прызывае Бога, каб, насуперак Ягонаму прыказаньню, пакараў чалавека, якога Бог загадаў любіць. Наколькі гэта вялікі грэх убачыш, калі добра зразумееш, што ён не здараецца адзін, але іншыя грахі за сабой цягне.

Найперш той, хто кляне, не шануе Бога, бо ўзгадаць імя Божае — азначае прызваць Бога, а прызываць Бога трэба са страхам ды зь вялі-каю пашанай. Праклёны ж здараюцца без прычыны: часам – ні за што, часам – з гневу, бяз страху Божага ды шанаваньня Бога.

Да таго ж ніхто ня мае прызываць Бога, каб Ён некаму нашкодзіў. Той жа, хто кляне, дзеля таго Бога ўспамінае, каб Бог нашкодзіў чалавеку, якога зламовіць. Бог жа загадаў усіх любіць. Прарокі, хаця і праклі-налі ды зламовілі, але толькі ганьбоўшчыкаў ды бязбожнікаў, якія безупынку перасьледвалі сапраўдную навуку ды служэньне. Аднак мы такія праклёны ня можам браць сабе за звычай.

Хто б таксама жыцьцём сваім або норавам даў камусьці благі ўзор або ад веры праўдзівай зьвёў, той супраць гэтага другога слова грашыць.