Пытаньне

Калі мажліва прысягаць Хрысьціяніну, чаму Сам Хрыстос забараняе прысягаць і небам, і зямлёй, і Ерузалімам?

Адказ

Мноства людзей, нават і вучоных, ня толькі памыляецца наконт гэтых словаў Хрыста, калі Ён забараняе прысягаць, але і не разумее ўсёй той навукі пра Закон, якую Хрыстос на гары аб’явіў. Бо ўсе звычайна так гэта тлумачаць: нібыта Хрыстос прыказаньні Старога Закону скасаваў, а Свае новыя прыказаньні сьцьвердзіў. Але Хрыстос супраць гэтага меркаваньня вельмі ясна тамсама сказаў, што Ён не прыйшоў скасаваць Закон (Мц. 5:17). Часта Ён таксама мовіў, што Ён з Айцом – адно (Ян 10: 30), а пра Сваю навуку Ён так гаварыў: «Мая навука не Мая, але Таго, Хто Мяне паслаў» (Ян 7: 16).

З гэтых словаў ясна, што Хрыстос ані адстаўляў, ані адмяняў Закону Божага, але толькі, насуперак фальшывым тлумачальнікам, паказаў праўдзівае разуменьне. Дзеля гэтага той, хто мяркуе, што Хрыстос забараніў усякую прысягу, калі казаў зусім не прысягаць, робіць Сына ворагам Айцу, – ад адной такой думкі Божа барані! А як бо Хрыстос будзе адно з Айцом, калі Ён скасаваў тыя прыказаньні, што даў Бог? Закон Божы так пра прысягу піша: «Госпада, Бога твайго, бойся, і Яму служы, і Ягоным імем прысягай» (Паўт. Зак. 6). А Хрыстос сказаў: «Я не прыйшоў скасаваць Закон», таму кожны ўжо можа зразумець, што прысяга дзеля славы Божай, або дзеля дапамогі бліжняму, або дзеля свайго апраўданьня – справа слушная, няхай толькі будзе праўдзівай.

А што Хрыстос прысягаць не дазваляе, робіць тое не без прычыны: у тыя часы юдэі так прызвычаіліся прысягаць рознымі стварэньнямі, што ўжо не лічылі гэта за грэх, бо мелі за грэх толькі прысягу фальшывую. Значыць, Хрыстос паказвае, што ня толькі фальшывая прысяга імем Божым, але і праўдзівая прысяга нейкім стварэньнем, калі без патрэбы складзеная, – грэх перад Богам. Не супярэчаць Закону Божаму тыя словы Хрыста. Бо і Закон у тым трэцім слове гэта забараняе, калі кажа: «Не гавары імя Госпада, Бога твайго» і далучае: «надарэмна», каб хто не палічыў прысягу за справу няважную.

А калі так, належыць Хрысьціяніну, калі інакш быць ня можа, клясь-ціся, або, як цяпер кажуць, прысягаць, як дзеля славы Божай, так і на судзе, калі прысягае хто слушна. Дзеля славы Божай прысягнуў Абрагам, Паўла ды іншыя. А пра прысягу, пастаноўленую судом, у кнізе «Выхад» так напісана: «Калі б хто даў другому грошы або каштоўныя рэчы на захаваньне, і яны б былі скрадзеныя ў доме таго чалавека, калі злодзей будзе выяўлены, павінен выплаціць падвойнае адшкадаваньне. Калі б ня выяўлена злодзея, то тады той гаспадар дому стане перад Богам і прысягне, што ня выцягнуў рукі на дабро бліжняга свайго» (Вых. 22).

Тут ясна бачыш, што Бог ня толькі прысягаць дазваляе, але і падчас патрэбы прысягаць загадвае.