Пытаньне

Перад чым мае чалавек прысягаць? Бо некаторыя прысягаюць перад абразом, на які руку кладуць, або абраз той цалуюць.

Адказ

Хаця ў цяперашнія часы ёсьць гэты звычай – прысягаючы, класьці руку на абраз, а потым абраз цалаваць – аднак мы, хрысьціяне, не павінны трымацца тых звычаяў, якія супярэчаць Божаму Слову або звычаям сьвятых Божых. Дзеля таго і ў прысязе маюць хрысьціяне той звычай захаваць, які або Сам Бог паказаў, або сьвятыя захавалі.

Сьвятое ж Пісьмо, распавядаючы пра клятву або прысягу Самога Бога ці якога-небудзь сьвятога, часта ўзгадвае ўздыманьне рукі, а часам саму прысягу заве ўздыманьнем рукі. Напрыклад, у Эзэкіля Бог кажа: «Дык Я сказаў, што вылью гнеў Мой на іх у пустыні, каб іх зьнішчыць. Зрабіў аднак іначай, каб імя Маё не было зьняважана перад народамі, бо Я вывеў іх на вачах іхніх. Але падняў Я руку Маю супраць іх у пустыні, што ня ўвяду іх у зямлю, якую даў ім» (Эз. 20).

Калі Бог гаворыць: «Падняў Я руку Маю супраць іх», — тое самае гэта значыць, што і калі б Ён сказаў: «Прысягнуў». Гэтаксама ў песьні Майсея Бог казаў: «Падыму Я аж да неба руку Маю і прысягну правіцай Маёй». Тут гэта значыць, што той, хто прысягаў, меў звычай падымаць руку ў неба. Так Абрагам прысягаў валадару Садомы. Бо калі валадар прасіў у яго людзей, а іншую ўсю маёмасьць, якую Абрагам забраў у чатырох валадароў, загадаў сабе ўзяць, Абрагам адказаў: «Падымаю руку маю да Госпада, Бога майго Ўзвышняга, Творцы неба і зямлі, што не вазьму». Дзе кажа: «Падымаю руку маю»,— тое ж самае гэта значыць, што і калі б ён сказаў: «Прысягаю». І з гэтых словаў вынікае: той, хто прысягаў, падымаў руку ў неба.

Ды ня толькі ў Старым Запавеце такі ўзор прыведзены, але і ў Адкрыцьці сьвятога Яна пра гэты звычай так напісана: «І Анёл, якога я бачыў стаячага на моры і на зямлі, падняў руку сваю ў неба і прысягнуў на Жывучага на вякі вечныя» (таксама кніга Данііла, разьдзел 12).

Разгледзь жа ды памятай звычай, які ўхваляе Сьвятое Пісьмо Новага ды Старога Запавету. Ня знойдзеш бо там аніводнага ўзору, каб на абразы або нешта іншае падчас прысягі рукі ўскладалі, але ў неба іх падымалі. Дзеля гэтага і зараз няварта іншых звычаяў выдумляць.