Пытаньне

Што мяркуеш пра манахаў або цнатліўцаў, якія склалі прырачэньне, абяцаўшы захаваць дзявоцтва аж да сьмерці?

Адказ

Пра дзявоцтва не належыць блага меркаваць, бо Апостал піша, што добра чалавеку не кранацца жанчыны, і да таго далучае: «Лічу гэта (значыць, дзявоцтва) за лепшае дзеля надыходзячых патрэбаў» (1 Кар. 7: 26). Ды Сам Хрыстос ухваляе эўнухаў, якія самі сябе выпакладалі дзеля Валадарства Нябеснага (Мц. 19: 12). Гэтакімі былі Ільля, Ян ды іншыя.

Але трэба нам сьцерагчыся, каб цяперашніх манахаў ды усіх, хто носіць чорныя шаты на знак дзявоцтва, з тымі даўнімі не раўняць. Бо іншым звычаем тыя першыя дзявоцтва захоўвалі, чым цяперашнія, што жывуць у трох вялікіх грахах. Перш грашаць яны тым, што не жадаюць у дзявоцтве жыць свабодна, але складаюць у малітве абяцаньне. Гэтага нідзе Хрыстос не пастанаўляў. Ян у дзявоцтве жыў, але пра яго не напісана, што ён склаў у малітве гэтае абяцаньне. Гэтаксама і Ільля. Апостал шмат піша пра цнатлівых дзяўчын ды юнакоў, але нідзе ім не загадвае, каб яны абяцалі ўсё жыцьцё так пражыць, наадварот, ён ясна піша, што дзяўчына можа замуж ісьці, і не саграшыць. Так бо сказаў: «Дзяўчына, калі ідзе замуж, не грашыць».

Аднак жа цяперашнія цнатліўцы так мяркуюць: калі нехта зь іх, скасаваўшы сваё абяцаньне, шлюб прыйме, той будзе горшы за здрадні-ка Юду. Але баяцца ім патрэбна, каб не апынуліся ў ліку тых, пра якіх Апостал да Цімахвея гэтак піша: «Дух вось адкрыта кажа, што ў апошнія часы некаторыя адступяцца ад веры і прыхіляцца да духаў спакусы і да навук д’яблавых праз тых, хто крывадушна падманвае і з заплямленым сумленьнем забараняе жаніцца, загадвае ўстрымлівацца ад страваў, якія стварыў Бог для ежы веруючым і тым, якія пазналі праўду, каб дзякавалі Богу».

Пільна ўгледзься ў гэтыя словы Сьвятога Духа ды ўбачыш, пра каго яны кажуць. Бо відочна, што Ён называе адступнікамі тых, хто забараняе жаніцца, а забарону такую называе «д’яблавай навукай». Няўжо ня знойдзецца гэтага пасярод цяперашніх цнатліўцаў? Таму і трэба іх засьцерагчы, як Апостал загадвае, да Калосцаў пішучы: «Ніхто хай не пазбавіць вас нагароды, маючы ўпадабаньне ў прыніжэньні сябе і кульце анёлаў, зьвяртаючы ўвагу на тое, што ня бачыў...» і гэтак далей. Засьцерагае тут Апостал Калосцаў, каб не спакусіліся ані прыніжэньнем сябе ці пакораю, ані службай анёльскаю, значыць, дзявоц-твам. Бо і зараз манаства называюць анёльскім вобразам.

Каб не гаварыць шмат, няхай кожны сьцеражэцца гэтай пасткі, у якую д’ябал многіх злавіў. Добрая справа – дзявоцтва, калі міласьцівы Бог гэты дар камусьці даў, толькі ня трэба яго абяцаць, але трэба свабодна ў ім Богу служыць, як бачым на прыкладзе Яна Хрысьціцеля – той без прысягі дзявоцтва захаваў. Вельмі бо небясьпечна абяцаць нешта Богу, асабліва тое, чаго ня маеш у сваёй уладзе. Таму і абяцаць Богу дзявоцтва – усё роўна, што абяцаць ніколі ня спаць або ніколі ня есьці. Што ж гэта такое, як не спакушэньне Бога, якое Ён Сам нам забараняе, кажучы: «Не спакушай Госпада, Бога твайго» (Паўт. Зак. 6).

Спакушае Бога кожны, хто да Яго прыказаньня па-над сваю сілу нешта прыдумляе ды на сябе ўскладае. Так цяперашнія цнатліўцы робяць, забыўшыся, што Давід казаў: «Дабравольна прынясу ахвяру Табе» (Пс. 53), і хочуць прынесьці Богу ахвяру пад прымусам. За малое ім здаецца дабраахвотна дзявоцтва захоўваць, дык яны прысягі складаюць, але як іх спаўняюць, ня трэба і пісаць, бо ўсе пра гэта ведаюць. Здаецца мне, мала хто зь іх пакрыўдзіцца, пачуўшы словы Апостала Паўлы пра паганаў, калі ён да Рымлянаў так піша: «Дзеля таго аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іхніх нячыстасьці, каб між сабою паганілі цела сваё...» і так далей.

Таму, мяркую, я не памыліўся, назваўшы такія абяцаньні пасткай д’яблавай: шмат каго ён ужо так злавіў ды і дагэтуль ловіць. Найперш бо да таго іх прыводзіць, каб паабяцалі, а потым каб, баючыся абяцаньні свае скасаваць, ва ўсялякай нячыстасьці жылі ды за грэх гэтага не лічылі. Такім чынам двойчы яны грашаць. Першы раз грашаць, бо абяцаюць дзявоц-тва, якога ім Бог не даваў ды абяцаць не загадваў. Другі раз грашаць, бо абяцаньні свае не выконваюць, але наадварот, замест дзявоцтва ў нячыстасьці жывуць. Не падумай, што я гавару так ад самога сябе або нешта выдумляю. Нягожа было б так рабіць, ды і сам я таго не хачу, але ўсё гэта прыймаю са Слова Божага.

Разгледзь бо, ці не гэтаксама і Апостал пра дзявоцтва мяркуе, што трэба сьцерагчыся, каб ня сталася нам пасткаю? Бо дзе ўхваляе дзявоцтва, напрыканцы далучае: «Кажу гэта на вашу карысьць, а не каб паставіць вам пастку» (1 Кар. 7). Прыгледзься, прашу цябе, пільна да таго, што сказаў Апостал. Бо хаця не гаворыць ён проста: «Не абяцай дзявоцтва»,— але мае гэта на ўвазе. Аднак ён так не сказаў, бо яшчэ не складалі тады такіх абяцаньняў, якія потым, значна пазьней, зьявілі-ся. Хаця і былі абяцаньні або прырачэньні, але паводле Закону, гэта значыць, юдэйскія, а не хрысьціянскія. Таму і Апостал (а больш дакладней – Дух Сьвяты) не прырачэньнем або абяцаньнем, але пасткай гэта назваў ды сказаў: «Кажу на вашу карысьць, а не дзеля таго, каб па-ставіць вам пастку». Быццам бы так напісаў: «Добрая справа – дзявоцтва, але няхай будзе без прымусу»,— значыць, свабодна, а не паводле прырачэньня або абяцаньня.

Дзеля гэтага і Хрыстос загадвае не паводле прымусу быць эўнухам, але паводле здольнасьці, так бо сказаў: «Хто можа зразумець, няхай зразумее» (Мц. 19:12). Зараз жа манахі гэтага не трымаюцца, але, хаця некаторыя ня маюць такога дару, усё адно абяцаюць, а пасьля жывуць як і не абяцаўшы ды ў тую пастку трапляюць. І калі не пакаюцца, пэўна будуць пакараныя. Бо хаця людзі гэтаму ня вераць, але Слова Божае іх абмінуць ня можа, а яно сьведчыць, што не пакіне Госпад без пакараньня таго, хто возьме імя Ягонае надарэмна. Ды і Салямон на гэты конт піша, што шмат каму лепш не абяцаць, чым, абяцаўшы, ня выканаць (Экл. 5). Ды ўжо хопіць пра гэты грэх першы.

Другі грэх ня меншы, бо ня тым звычаем яны ў дзявоцтве жывуць, як бы належала, але дзеля надзеі на жыцьцё вечнае. Калі б яны ня мелі такой надзеі на дзявоцтва, то свабаднейшыя былі б кляштары, адно засталіся б там тыя, якім бог – іхняе чэрава. Але пабачым, адкуль узялося такое меркаваньне. Найперш яны прыводзяць словы, што Хрыстос сказаў пра эўнухаў, якія самі сябе выпакладалі дзеля Валадарства Божага. Гэтыя словы яны разумеюць так, нібыта Хрыстос ухваляў тых эўнухаў, што выпакладаюць сябе, каб насьледаваць Валадарства Божае.

Аднак такое разуменьне і шкоднае, і памылковае. Ня гэта Хрыстос тут мяркуе, ды не ўхваляе Ён эўнухаў, якія зрабілі сябе такімі, каб неба заслужыць. Гэтыя словы азначаюць, што тыя эўнухі дзеля Валадарства Божага сябе выпакладаюць, якія гэтаму Валадарству служаць ды яго пашыраюць. Валадарства ж Божае разумей як Сьвятое Эвангельле, або навуку Хрыстову, дзеля гэтага Валадарства добра быць эўнухам. Значыць, ня браць жонкі, каб так быць больш падрыхтаваным да ўсякай справы, карыснай гэтаму Валадарству. Дзеля гэтага Ян Хрысьціцель, дзеля гэтага Ільля ды іншыя сябе выпакладалі, — значыць, жылі бяз жонак. Не дзеля таго, каб здабыць сабе неба. Іншыя бо рэчы, а не дзявоцтва, патрэбны, каб здабыць неба, або жыцьцё вечнае.

Але, каб не адыйсьці далёка ад нашай размовы, дзявоцтва – дар Божы вельмі карысны, толькі не дзеля апраўданьня, як мяркуюць манахі, ані дзеля прабачэньня грахоў, але дзеля таго, каб чалавек быў больш падрыхтаваны да ўсякай добрай справы, як ужо я казаў. Пацьвярджае маю думку Апостал Паўла, калі пра дзявоцтва так Карынцянам радзіць: «Лічу гэта (значыць, дзявоцтва), за лепшае дзеля надыходзячых патрэбаў, бо добра так застацца жыць чалавеку» (1 Кар. 7: 26). Гэта значыць, бяз жонкі. Відочная справа, што гэтымі словамі Апостал ухваляе дзявоцтва, кажа бо: «Добра чалавеку так застацца»,— ды і яскрава паказвае прычыну, дзеля якой дзявоцтва – на дабро: «Дзеля надыходзячых, – кажа, – патрэбаў».

Пільна памятай, што не сказаў Апостал: «Дзеля прабачэньня грахоў» або: «Дзеля жыцьця вечнага», але: «Дзеля надыходзячых патрэбаў», ці можам сказаць больш зразумела: «Дзеля сапраўдных патрэбаў». Сапраўднай Апостал заве тую патрэбу, што ўжо ёсьць перад намі і прыходзіць дзеля цяжкасьцяў, якія нам заўсёды супрацьстаяць. Самі бо бачым, што жанатаму бывае значна цяжэй, чым нежанатаму, калі прыходзяць на яго перасьлед ды ўсялякія клопаты. Бо нежанаты ад усяго гэтага вольны. Таму і Апостал пра жанатых сказаў, што такія будуць мець клопаты зь целам (1 Кар. 7: 28), зноў жа, пра нежанатых там жа піша, што рупяцца пра справы Госпада. Такая вось ёсьць узнагарода дзявоцтва, а ня іншая.

Трэці грэх цяперашніх манахаў у тым, што яны разумеюць дзявоцтва перад Богам больш дасканалым за шлюб, або сужонства. І дзеля гэтага так тлумачаць тое слова Хрыстова пра насеньне, што ўпала на ўрадлівую зямлю ды прынесла плён або стакротны, або шасьцідзесяцікротны, або трыццацікротны: плён стакротны дзявоцтву прыпісваюць, а плён шасьцідзесяцікротны ды трыццацікротны – сужонству (чытай у тлумачэньні Эвангельляў верш 34). Але вельмі ў гэтым яны памыляюцца. Не пра дзявоцтва бо Хрыстос сказаў гэтую прыповесьць, але пра Сваё Слова, даючы знаць, што не ва ўсіх яно прыносіць плён. Калі ва ўрадлівую зямлю, гэта значыць, у добрае сэрца яно трапляе, чалавек, прыняўшы такое насеньне, – ці то ён у сужонстве, ці то ён у дзявоцтве, – прыносіць плён або прыбытак гэтага насеньня, значыць, Божага Слова. Бо такі чалавек ня толькі сам пабожным стане, але і іншых да пабожнасьці прывядзе, перадусім дом свой. А паколькі адзін болей лю-дзей здабывае, чым другі, дзеля гэтага Хрыстос казаў пра розны плён.

Яшчэ і так можам гэтае слова разумець: калі хто цела сваё мярцьвіць, каб у ім не было каменьня, церня, ды выкараняе ўсё, што заглушае ў ім Божае насеньне, тады такі чалавек прыносіць плён. Паколькі ж ня ўсе аднолькава тое церне выкараняюць, але адны болей за другіх, дзеля таго сказаў Хрыстос, што тое насеньне прыносіць прыбытак або стакротны, або шасьцідзесяцікротны, або і трыццацікротны. Ды і на тое зважай, што Хрыстос не зямлі плён прыпісывае, але насеньню, бо не сказаў: «Урадлівая зямля прынесла плён», але сказаў: «Насеньне, што ўпала на ўрадлівую зямлю, дало і прынесла плён»,— каб ніхто, знайшоўшы ў сабе штосьці добрае, сабе яго не прыпісаў, але каб ведаў, што, як кажа Якуб, усякае дабро ды ўсякі дар дасканалы з гары ад Айца сьвятла паходзіць (Як. 1: 17).

Таму грашаць манахі, калі мяркуюць, што іхняе дзявоцтва перад Богам больш дасканалае за сужонства. А калі ім здаецца, што яны не грашаць, то няхай гэта Словам Божым дакажуць. Аднак прынялі яны гэта не ад Слова Божага, але ад розуму цялеснага. Піша бо Апостал Паўла, што розная справа – дзяўчына і замужняя жанчына, – але дае ён ведаць пра тую розніцу перад Богам, каб жыць нам бяз смутку. Хто сябе так захавае, то не зашкодзіць такому жонка. Але спынімся на гэтым.