У другой палове ХVІ стагодзьдзя Беларусь была ахоплена шырокім грамадзка–рэлігійным рухам – Рэфармацыяй. Ад сярэдзіны гэтага стагодзьдзя значныя колы тагачаснага беларускага грамадзтва сталі часткай агульнаэўрапейскай плыні рэфармаваньня царквы. У Вялікім Княстве Літоўскім рэфармацыйны рух падтрымала большасьць беларускіх і літоўскіх магнатаў і шляхты. Да іх далучылася таксама мяшчанства. Рэфармацыю прынялі як католікі, так і праваслаўныя. Гэта была ня толькі грамадзянская і культурна–сьветапоглядная пазіцыя, але і намаганьне захаваць самастойнасьць і сувэрэнітэт Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага падчас Лівонскай вайны з Маскоўскай дзяржавай, і пэўнае адасабленьне ад кіруючых каталіцкіх колаў Польшчы. Менавіта беларуска–літоўскія магнаты, большасьць зь якіх складалі пратэстанты, выступалі ў 1569 годзе супраць падпісаньня Люблінскай уніі на ўмовах польскага боку, баронячы незалежнасьць сваёй дзяржавы.
Адным з галоўных кіраўнікоў рэфармацыйнага руху ў Беларусі быў выдатны грамадзкі дзеяч Мікалай Радзівіл Чорны, віленскі ваявода і канцлер Вялікага Княства. Дзякуючы яго намаганьням у 1550–я гады былі рэфармаваны цэрквы ў Нясьвіжы, Клецку, Койданаве, Ляхавічах, Навагрудку, Берасьці, пазьней у Менску, Полацку, Віцебску, Оршы, Смаргоні, Глыбокім, іншых гарадах і мястэчках. Пры пратэстанцкіх абшчынах адчыняліся школы, друкарні, шпіталі. Рыхтаваліся ў Беларусі і Літве свае прапаведнікі, запрашаліся і з Польшчы.
Адным з дзеячаў Рэфармацыі, асьветнікам і філосафам быў Сымон Будны (каля 1530 - 1593), які з 1558 г. выкладаў на беларускай мове катэхізіс у пратэстанцкай школе ў Вільні, сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. У 1560 годзе ён быў запрошаны ў Клецк (адзін з цэнтраў радзівілаўскіх маёнткаў у Беларусі), дзе заняў пасаду прапаведніка. Сымон Будны разам з Лаўрэнціям Крышкоўскім і Мацьвеем Кавячынскім заснавалі Нясьвіскую друкарню, дзе 10 чэрвеня 1562 г. быў выдадзены на беларускай мове "Катэхізіс", а ў наступным годзе Сымон Будны выдаў твор "Аб апраўданьні грэшнага чалавека перад Богам".
"Катэхізіс" Сымона Буднага меў пашыраную назву "Катихисіс, то ест наука стародавная хрістіанская от Светого Писма, для простых людей языка руского, в пытаніах и отказех собрана». Ён быў падрыхтаваны як дапаможнік для агульнага рэлігійнага навучаньня вернікаў, для выкладаньня асноваў хрысьціянскага веравучэньня ў выглядзе пытаньняў і адказаў. Пры распаўсюджаньні Рэфармацыі Марцін Лютэр у 1529 г. надрукаваў свой "Малы катэхізіс". Калі пачалася Контррэфар мацыя, то і папская курыя выдала ў Рыме ў 1566 г. "Рымскі катэхізіс", у якім была выкладзена каталіцкая дактрына.
"Катэхізіс" Сымона Буднага меў вялікі ўплыў на шырокія колы тагачаснага беларускага грамадзтва - магнатаў, шляхту, мяшчан. Сам аўтар тлумачыў, што ён выдаў сваю кнігу, каб перашкодзіць распаўсюджаньню "хлусьлівых" вучэньняў - "злых рэчаў, якія перамаглі ў Царкве". Ён, як асьветнік, сваю мэту бачыў у тым, каб данесьці сэнс Слова Божага да ўсіх жадаючых.
Трэба таксама адзначыць, што ў ХVІ і ХVІІ стагодзьдзях , як і раней, "рускай" называлася беларуская мова. Тагачасная мова Маскоўскай дзяржавы называлася на Беларусі "маскоўскаю".
Перавыданьне "Катэхізісу" Сымона Буднага зьяўляецца значнай зьявай у справе вяртаньня беларусам аднаго з твораў нашай гістарычнай, культурнай і рэлігійнай спадчыны.
Анатоль Грыцкевіч,
доктар гістарычных навук, прафесар