Пытаньне

Як Бог карае тых, хто парушае гэтае прыказаньне?

Адказ

У Майсеевым Законе загадаў Бог гэтакіх каменьнем забіваць. І так зрабілі з адным сынам жанчыны Ізраэльскае ды Эгіпцяніна. Той бо сын, пасварыўшыся зь сябрам, зьнеслаўляў імя Госпада, і Госпад загадаў яго забіць (Сьвят. 24). Ды ня толькі зь ім адным, але з усімі, хто падобнага дапусьціцца, Бог загадаў гэтаксама зрабіць. Дзеля гэтага абавязак ураду – такіх людзей караць. А калі не пакарае іх урад, усё адно Сам Бог пэўна абяцаў пакараць, бо так у тым слове Ён сказаў: «Не даруе грэху Бог тым, хто імя Госпада, Бога свайго, надарэмна бярэ».

Дык мяркуй так ня толькі пра клятву або прысягу, але і пра кожнае дарэмнае прызываньне імя Божага. Таксама і таго, хто блюзьніць ці кляне, помста не абмінае: мусіць быць такі чалавек пакараны і тут, у гэтым жыцьці, і ў жыцьці будучым. Бо і самі на свае вочы бачым, што не даруе Бог тым, хто Слова Божае або імя Ягонае зьнеслаўляе або пад заслонаю Божага імя кажа няпраўду.

Пра Рабсака, ваяводу валадара Асырыйскага, напісана, што ён аблажыў Ерузалім ды дзёрзка зьнеслаўляў імя Госпада Бога, але у тую ж ноч быў ён жорстка скараны: Анёл забіў сто восемдзесят пяць тысяч мужоў зь ягонага войска (2 Валад. 18, 19).

Пра герэтыка Керынфа пішуць, што Ян Багаслоў, сустрэўшы яго ў купальні ды ведаючы, што ён блюзьніць на імя Божае, не захацеў тамака мыцца, але сказаў сваім вучням: «Бяжым адсюль, каб ня згінуць нам разам з Керынфам, ворагам праўды!» (Яўсеві, 3 кніга царкоўных дзеяў, разьдзел 28). Ды пішуць, як толькі Ян выйшаў, купальня абвалілася ды забіла Керынфа.

Ня лепш скончыў Арый, таксама герэтык, які блюзьніў на Боскасьць Хрыста, дзеля чаго напаткаў яго лёс Юды.