Пытаньне

Што Бог абяцаў тым, хто прызывае імя Ягонае зь верай ды ў час належны?

Адказ

Абяцаў Ён такіх ніколі не пакідаць, выслухоўваць, ратаваць, зь імі быць ды з усіх няшчасьцяў іх вызваліць. Пра гэта часта ў Псальмах Дух Сьвяты ўзгадвае, як, напрыклад, у псальме сорак дзевятым: «А тады кліч мяне ў дзень бяды, і Я абараню цябе». Гэтаксама і ў псальме сто сорак чацьвёртым напісана: «Госпад блізкі тым, што клічуць Яго, усім, якія прызываюць Яго шчыра».

Ды паўсюль ў Сьвятым Пісьме такія абяцаньні знойдзеш. І ня толькі абяцаньні, але і сам вынік убачыш, як Бог на прызываньне імя Ягонага рабіў вялкія цуды і моц аб’яўляў, Сваіх верных абараняў ды выратоўваў. Прызываў Яго Майсей – і расступілася мора. Прызываў Ісус Навін – і спынілася сонца. Прызываў Самуэль – і стаў чуцен голас зь неба. Прызываў Ільля – і зыйшоў зь неба агонь. А многія іншыя прыклады ня ўзгадваю.