Пытаньне

Бачу, што мусіць быць адзін дзень, у які б Хрысьціяне былі вольнымі ад сваёй працы ды пільнаваліся слуханьня Слова Божага. Але яшчэ хацеў бы я ведаць, чаму на гэта іншы дзень абралі, а ня той, які Сам Бог абраў ды асьвяціў? Значыць, чаму мы сьвяткуем нядзелю, а не суботу?

Адказ

Хаця гэта ад волі першых Хрысьціян, значыць, Апосталаў, залежала – абраць сабе на сьвятыя справы які заўгодна дзень, – хоць панядзелак або аўторак, або іншы які зь сямі дзён, бо ўсе дні роўныя ды адзін дзень ня лепшы за другі, як кажа Апостал, пішучы да Рымлянаў, але не без прычыны першы дзен, значыць, нядзелю, яны абралі. Як падчас Закону суботу сьвяткавалі, бо ў гэты дзень Бог супачыў, усе рэчы стварыўшы, так і падчас Эвангельля належыць у гэты дзень узгадваць дабрадзейства Божае — як Сын Божы, нанова стварыўшы сьвет, значыць, чалавека збавіўшы, дзеля новага жыцьця ўваскрос. Бо тое першае стварэньне, дзеля якога Бог загадаў сьвяткаваць суботу, парушанае Адамавым грахом, празь Ісуса Хрыста было ўзноўлена.