Пытаньне
Бачу, як Лука сьведчыць, што вучні ў першы дзень па субоце сабраліся ламаць хлеб. Аднак ён ня піша, што гэта было ў нядзелю, а «ў першы дзень па субоце». Таксама і мову Апостала Паўлы цяжка зразумець, бо ён не сказаў: «Кожны няхай дае міласьціну ў нядзелю», але сказаў: «Хай у першы дзень тыдня кожны з вас яе адкладзе». Як гэта маю разумець?
Адказ
Няма ва ўсіх гэтых словах нічога цяжкага для таго, хто хоча зразумець Святое Пісьмо. Мае быць вядома, што Апосталы ды Эвангелісты, хаця і пісалі па-грэцку, аднак захоўвалі звычаі мовы гебрайскай. Гебраі ж называлі дні ня так, як мы зараз іх завём, ані так, як грэкі ў той час звалі. Не належала Апосталам тым грэцкім звычаем дні называць, бо грэкі, або эліны, былі паганамі ды верылі, што ёсьць шмат багоў, і называлі дні іхнімі імёнамі.
Што мы зараз завём «нядзеля», тое яны звалі «дзень Геліяса», значыць, сонца, маючы яго замест Бога. Што ў нас зараз «панядзелак», тое яны называлі «дзень Месяца», маючы Месяц за Бога. Гэтаксама і аўторак называлі «дзень Марса», сераду – «дзень Гермэса», чацьвер – «дзень Зеўса», пятніцу – «дзень Афрадыты», суботу – «дзень Кронаса».
Але, як ужо я пісаў, не належала Апосталам ды Эвангелістам, якія меліся зьнішчыць мноства фальшывых багоў, тым жа чынам дні называць, таму Апосталы ўжывалі звычай гебраяў. Пра нядзелю казалі «першы дзень пасьля суботы», пра панядзелак – «другі дзень пасьля суботы», пра аўторак – «трэці дзень пасьля суботы», пра сераду – «чацьвёрты дзень пасьля суботы», пра чацьвер – «пяты дзень пасьля суботы», пра пятніцу – «шосты дзень пасьля суботы», а суботу звалі «субота», або «шабат». Дзеля гэтага калі знойдзеш у Сьвятым Пісаньні словы «ў першы дзень па субоце», ведай, што гэта значыць «у нядзелю».
А дзеля лепшага разуменьня паглядзі ва ўсіх сьвятых Эвангельлях тое мейсца, дзе сьвятыя Эвангелісты пішуць пра ўваскрасеньне Хрыста, і ўбачыш, як усе яны сьведчаць, што Хрыстос уваскрос у першы дзень пасьля суботы, значыць, па-нашаму, назаўтра раніцай пасьля суботы. Мацьвей бо так піша: «Па субоце на сьвітаньні ў першы дзень тыдня прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу» і так далей. Глядзі, ясна кажа Мацьвей пра сьвітанак першага дня па субоце, меркаваць жа так можна хіба што пра нядзелю, а не пра нейкі іншы дзень.
Таксама памятай, што звычаем гебрайскай мовы Эвангелісты замест таго, каб напісаць «першы дзень тыдня», пісалі «ў першы дзень пасьля суботы». Так бо Майсей, распавядаючы, як Бог стварыў сусьвет, напісаў: «І мінуў вечар і раніца – дзень першы», значыць, адзін дзень. Дзеля таго і Эвангеліст Марк напісаў так: «Уваскрос Ісус на сьвітаньні ў першы дзень тыдня». Мяркую, ужо кожны можа зразумець, што, калі Лука піша ў Дзеях, як вучні зьбіраліся на ламаньне хлеба ў першы дзень пасьля суботы, ён мае на ўвазе нядзелю, а ня нейкі іншы дзень. Ужо я давёў, што нядзеля была абраная на Божыя справы яшчэ ў часы Апосталаў, ды і таксама Ян Багаслоў падмацоўвае мае доказы, бо ў Адкрыцьці так піша: «Я, Ян, брат ваш і ўдзельнік у прыгнёце, у валадарстве і вытрыманасьці ў Хрысьце Ісусе, быў на востраве Патмас дзеля Слова Божага і сьведчаньня аб Ісусе Хрысьце, я быў у захапленьні духа ў дзень нядзельны» (Адкр. 1). Што тут «дзень нядзельны» напісалі перакладчыкі нашай мовай, тое на мове грэцкай «дзень Госпадаў» завецца, бо Хрысьціяне-грэкі называюць нядзелю «Кірыакі імера», значыць «дзень Госпада».
Такім чынам можам пазнаць, што гэты дзень Хрысьціяне аддалі на Божыя справы, бо калі б ня так было, не назваў бы яго Багаслоў днём Госпада.