Пытаньне

Што тут Бог называе павагай?

Адказ

Пiсьмо Сьвятое заве павагай ня толькi тое, што і ўсе людзi звычайна завуць. Людзі бо маюць за павагу, калі хто пачціва гаворыць, устае, кланяецца, шапку зьняўшы. Аднак у Сьвятым Пiсьме павагай завецца ня толькi такая пачцiвасьць, але таксама калi хтосьці бачыць чужую патрэбу ды дзеліцца з тым чалавекам сваёй маёмасьцю. Такой вось павазе вучыць нас гэтае пятае слова. Значыць, каб мы слухаліся нашых бацькоў, ім дагаджалі, пачціва да іх ставіліся, таксама каб у час патрэбы давалі ім на жыцьцё, ды, нарэшце, каб дзеля іхняга прыбітку не шкадавалі нашай працы. На гэтым залежыць павага, пра якую Бог загадвае.

А калі хочаш болей упэўніцца ў тым, што паважаць – значыць карміць, на жыцьцё даваць, паглядзі, што Апостал да Цімахвея піша: «Старшыя, якія добра кіруюць, вартыя падвойнай пашаны, асабліва тыя, што працуюць у слове і ў навуцы» (1 Цім. 5: 17). А каб Цімахвей зразумеў, пра якую пашану ён кажа, далучае: «Вось, кажа Пісаньне: “Не завязвай морды валу, які малоціць” і: “работнік варты платы сваёй”».

Калі б не дарунак назваў тут Паўла пашанай, навошта тады б ён узгадваў пра вала, што малоціць, ды чаму б забараняў яму морду завязваць (гэта значыць закілзаць, каб ня еў)? Дзеля чаго б ён узгадваў словы Хрыста пра работніка, які варты ўзнагароды або платы сваёй? А калі так, то трэба на гэта добра памятаць ды бацькоў шанаваць ня толькі словам, паклонам ды зьніманьнем шапкі, але, так чынячы, не забывацца на рэчы больш важныя.