Пытаньне
Буду ўжо ведаць, як належыць паважаць бацькоў, але скажы мне яшчэ: каго тут Бог называе бацькам ды маткай? Ці толькі бацькоў, ад якіх маем цела?
Адказ
Калi б мы, нарадзiўшыся ад бацькi i мацi, не патрабавалi дапамогi, абароны ды навукі iншых людзей, тады б ня мусілі шанаваць нікога іншага, акрамя бацькі з маткай. Але раз бяз тых рэчаў, названых вышэй, мы ня можам жыць на на гэтым сьвеце, таму і тых мы павінны лічыць за бацькоў, ад каго гэтыя дабрадзействы прыймаем, – вучыцеляў, майстроў, пастыраў ды ўрадоўцаў.
Іх бо мусім як бацькоў шанаваць, бо як ад бацькоў маем цела, так, зноў жа, ад майстроў маем усё, каб гэта цела захаваць – вопратку ды ежу. Тым жа звычаем урад клапоціцца пра наш супакой, а пастыры – пра нашае добрае сумленьне. Немагчыма бяз гэтага жыць чалавеку на сьвеце. Без бацькоў бо на сьвет ніхто не народзіцца, але калі чалавек ад бацькоў на сьвет народзіцца, а добрым норавам ня будзе навучаны, якая зь яго будзе карысьць? Ды, зноў жа, калі чалавек народзіцца ды будзе выхаваны, але вораг на яго вайной пойдзе ды ня будзе ўраду, які б бараніў, – навошта тады выхаваньне? Ды калі б і выхаваньне хто меў, і абарону, але, зноў жа, не было б каму навучыць яго Слову Божаму – усё адно ён меў бы вялікі недахоп.
Таму і гэтае пятае слова кажа ня толькі пра бацькоў, але і пра ўсіх тых, каго ўжо я ўзгадаў, значыць, вучыцеляў, пастыраў ды ўрадоўцаў. Іх павінны мы шанаваць ня менш за бацькоў ня толькі дзеля абароны ды навукі, але і дзеля таго, што Бог паставіў іх на гэтае мейсца ды загадаў нам іх слухацца.