Пытаньне
Калi мусім бацькоў, пастыраў або вучыцеляў i ўрадоўцаў як айцоў паважаць, чаму тады Хрыстос забараняе зваць некага на зямлi айцом з тае прычыны, што адзiн ёсьць у нас Айцец нябесны (Мц. 23:9)?
Адказ
Хрыстос ня толькі забараніў зваць некага айцом, але таксама і Апосталам загадаў, каб не называлі сябе вучыцелямі. Аднак жа Апостал Паўла назваў сябе і вучыцелем, і айцом, бо, пішучы да Цімахвея, так сказаў: «Праўду кажу пра Хрыста, не ашукваю, вучыцель паганаў у веры і праўдзе» (1 Цім. 2: 7). Тут ён назваў сябе вучыцелем, а да Карынцянаў так зьвяртаецца: «Не пішу гэтага, каб вас засароміць, але каб вам, як найдаражэйшым маім дзеткам, даць напамін. Бо хоць вы мелі ў Хрысьце тысячу выхавацеляў, але няшмат айцоў, бо я ў Хрысьце Ісусе праз Эвангельле нарадзіў вас. Дык прашу вас, будзьце маімі пераймальнікамі. Дзеля чаго пасылаю да вас Цімахвея, які ёсьць сын мой найдаражэйшы» (1 Кар. 4: 14-17).
З гэтых апостальскіх словаў ясна бачна, што ён называе сябе айцом, зьвяртаючыся да Карынцянаў, ды вучыцелем, пішучы да Цімахвея. Значыць, Хрыстовы загад ня так проста тлумачыцца. Бо калі б ён тлумачыўся так проста, не парушаў бы яго Апостал, не называў бы сябе ані вучыцелем, ані айцом. Дзеля гэтага словы Хрыста, калі Ён забараняе Сваім вучням звацца вучыцелямі, мы мусім так разумець, нібы Ён сказаў: «Не вучыце ад саміх сябе, як вам падабаецца, але вучыце так, як Я навучыў вас».
Часам бо той заве сябе вучыцелем, хто вучыць не навуцы Хрыстовай, а сваім выдумкам. Аднак толькі той, хто навучае Слову Хрыста, можа зваць сябе вучыцелем, бо гэта будзе не ягоная заслуга, а таго, чыя навука. Паколькі Паўла ды іншыя Апосталы тым звычаем сябе паводзілі, то і слушна звалі сябе вучыцелямі. Яны былі абраныя Хрыстом ды потым пасланыя, каб вучыць. Таму і Апостал, пішучы да Эфэсцаў, ня толькі пакліканьне Прарокаў, Апосталаў, Эвангелістаў ды Пастыраў лічыць за дары, якія нам дае Хрыстос, седзячы праваруч Бога Айца, але таксама ўзгадвае і вучыцеляў (Эф. 4: 11).
Тым жа звычаем мяркуй і пра называньне айцом: не забараняе нам Хрыстос зваць айцом і айца, і пастыра, і вучыцеля, але нагадвае ў гэтым слове, каб мы дзеля нашых айцоў не адступіліся ад Бога, Айца праўдзі-вага, ды каб мы Ягоную славу болей за ўсё шанавалі. Таксама трэба ведаць, што, уласна кажучы, адзін толькі Бог кожнаму стварэньню і Айцец, і Валадар, і Кароль, і Князь, і Бог ды што Ён Сам назваў у гэтыя словы тых, хто сядзіць на Ягоным мейсцы. Часта бо ў Сьвятым Пісьме знаходзім, што Сам Бог называе князёў, айцоў, валадароў, урадоўцаў ня толькі начальнікамі, але і багамі, як, напрыклад, у Псальмах Дух Сьвяты кажа: «Бог падымаецца на божым сабраньні, пасярод багоў праводзіць суд» (Пс. 81). Тамсама, крыху ніжэй, сказана: «Дык сказаў Я: “Вы – баговішчы, і ўсе вы – сыны Найвышэйшага”» (Пс. 81), тым жа звычаем у кнізе Выхаду напісана: «Ня блюзьні Богу». Гаворыцца так не пра багоў паганскіх, бо тых багоў можна зьнеслаўляць, так рабілі Ільля, Ярэмія ды іншыя (1 Валад. 18), але маюцца тут на ўвазе судзьдзі ды начальнікі, якіх Бог загадвае шанаваць ды забараняе іх зьнеслаўляць.