"Катэхізіс, гэта значыць старадаўняя хрысьціянская навука, сабраная ў пытаньнях і адказах са Сьвятога Пісаньня для простых людзей беларускай мовы" зьяўляецца, побач зь Бібліяй, выдадзенай Францішкам Скарынай, і Статутамі Вялікага Княства Літоўскага, выдатнейшым помнікам беларускай культуры, сьведчаньнем беларускага Адраджэньня ХVІ стагодзьдзя, Залатога Веку нашай краіны. Але ня толькі як помнік культуры мае каштоўнасьць гэтая кніга. "Катэхізіс", выдадзены ў 1562 г. у Нясьвіжы Сымонам Будным, Лаўрэнціем Крышкоўскім і Мацьвеем Кавячынскім, зьяўляецца сьведчаньнем веры нашых продкаў, веры, якая абапіралася на Слова Божае – Біблію.
"Катэхізіс" складаецца з чатырох частак: "Дзесяць прыказаньняў", "Вызнаньне веры", "Малітва" і "Таямніцы Хрыстовыя". У першай частцы распавядаецца пра Дзесяць прыказаньняў, дзеля чаго яны дадзеныя і ў чым заключаецца выкананьне гэтых прыказаньняў, гаворачы словамі Сымона Буднага, "каб кожны ведаў, што ёсьць грэх, а што – добрая справа, і як маем да Бога ставіцца і як бліжняга любіць патрэбна".
Другая частка паказвае, як мае хрысьціянін у Бога верыць і веру вызнаваць. У гэтай частцы падрабязна разглядаецца апостальскае вызнаньне веры, якое вызнаюць усе хрысьціяне і якое дазваляе адкінуць розныя нехрысьціянскія вучэньні.
Трэцяя частка распавядае пра малітву, пра тое, як і пра што хрысьціяніну належыць маліцца. Таксама падрабязна разглядаецца малітва "Ойча наш".
У апошняй частцы "Катэхізісу" разглядаюцца таямніцы Хрыстовыя – сьвяты хрост і Вячэра Госпадава.
Словы хрысьціянскага вучэньня, якія гучалі на беларускай зямлі чатыры з паловаю стагодзьдзі таму, не згубілі сваёй актуальнасьці і ў ХХІ стагодзьдзі. Эвангельская Царква ў Беларусі прапаведуе ня нешта новае, але старадаўнюю хрысьціянскую навуку, якая моцна ўгрунтавана на Сьвятым Пісаньні. "Катэхізіс", выдадзены ў 1562 годзе, і цяпер мае практычнае значэньне, хоць некаторыя асьпекты веравучэньня, асабліва тыя, што разглядаюцца ў чацьвёртай частцы, беларускія эвангельскія хрысьціяне сёньня разумеюць крыху інакш, чым іх папярэднікі ў ХVІ стагодзьдзі. Кожны служыцель з радасьцю дасьць гэтую кнігу сваім родным, суседзям, знаёмым, каб яны змаглі "Слова Божае, абедзьвюма рукамі прыняўшы, трымаць і згодна зь Ім жыць".
Сяргей Хоміч,
Епіскап Саюзу Хрысьціян Веры Эвангельскай
у Рэспубліцы Беларусь