Пытаньне

А калi гаспадар несправядлiвы, што мае рабіць Хрысьцiянiн?

Адказ

Несправядлiвым быў Саўл, аднак жа Давід яго шанаваў. Балванахвальцамі былі рымскiя кесары, аднак Хрыстос загадаў, каб ім плацілі падатак (Лк. 20: 19-26), ды Сам заплаціў дыдрахму. Таму і Паўла да Рымлянаў так піша: «Аддавайце ўсім належнае: каму падатак – падатак, каму мыта – мыта, каму страх – страх, каму пашану – пашану» (Рым. 13: 7). А Пётр яшчэ ясьней кажа, каб падданыя або слугі падпарадкоўваліся ня толькі добрым ды ціхім уладам або ўрадоўцам, але і свавольным.

Дзеля гэтага павінен Хрысьціянін слухацца свайго гаспадара, служыць яму i тое, што ён скажа, мае рабiць. А калі б валадар, князь або якi iншы начальнік, нават пастыр, супраць Бога загадаў штосьці зрабіць, тады ўжо ня мусіць Хрысьціянін яго слухацца, але, звычаем сьвятых Апосталаў, мае адказаць: «Болей трэба слухацца Бога, чым людзей» (Дзеі 5: 29).

Гэтаксама ня маем слухацца ані роднага бацьку, ні нават анёла, калі яны ад Бога адводзяць або загадваюць ня верыць Ягонаму Слову, або прымушаюць супраць Слова Ягонага рабіць. Бо тады ўжо бацька – ня бацька, але чужы; гаспадар – не гаспадар, але разбойнік; пастыр – ня пастыр, але воўк; анёл – не анёл, але д’ябал (Мц. 10: 35-36).

Таму, кажу, у такім выпадку іх ня слухайся. Бо Хрыстос так сказаў: «Прыйшоў Я аддзяліць чалавека ад бацькі, дачку — ад маткі яе, сынавую — ад сьвякрухі яе. Дык будуць непрыяцелямі чалавеку хатнія ягоныя. Хто любіць больш бацьку ці матку, чым Мяне, той ня варты Мяне» ды гэтак далей (Мц. 10: 35-36). Зноў, Паўла да Галятаў казаў: «Але калі б нават мы або анёл зь неба абвяшчаў вам нешта іншае, чым тое, што мы абвяшчалі вам, хай будзе анатэма» (Гал. 1: 8).

На гэтыя словы мусілі б памятаць тыя, што сёньня ня хочуць даць мейсца Божаму Слову або дзеля звычаяў бацькоўскіх, або дзеля знакаў, цудаў, або дзеля зьяўленьня анёльскага.