Пытаньне

Цi належыць Хрысьцiянiну быць ва ўрадзе?

Адказ

Перш, чым адкажу на гэтае пытаньне, трэба нам добра разгле-дзець у Божым Слове: ці то ўрад – справа добрая, ці то благая. Калі знойдзем у Божым Слове, што ўрад – справа добрая, то чаму Хрысьціянін ня мае быць ва ўрадзе? Зноў жа, калі знойдзем, што ўрад – справа благая, то і нягожа Хрысьціяніну быць урадоўцам.

Пра кожную рэч зможаш даведацца, якой яна будзе, калі разгледзіш яе пачынальніка або прычыну. Бо калі знойдзеш, што прычына ды пачынальнік нейкай рэчы Сам Госпад, тады ўважай гэтую рэч за добрую. Зноў, калі знойдзеш, што нейкай рэчы пачатак даў д’ябал, не ўважай яе за добрую, нават калі яе палюбяць вочы ды чалавечы розум.

Але, каб не заходзіць далёка, паглядзім, хто паставіў валадароў, князёў, ваяводаў ды іншых начальнікаў. Тое, аднак, усё Пісьмо і Старога, і Новага Запавету сьведчыць, што Бог усіх іх садзіць на іхнія пасады. Так бо ў Прыповесьцях Салямона мудрасьць, — значыць, Сын Божы, — кажа: «Празь Мяне і валадары валадараць, і справядліва пастанаўляюць урадоўцы; празь Мяне начальнікі загадваюць, і ўлады спаганяюць справядлівасьць» (Прып. 8). Ці можна сказаць дакладней за Сына Божага, што ад Яго ўсе валадары, гаспадары, тыраны?

Ды паглядзі Сьвятое Пісьмо, ці ж гэтага ня знойдзеш? Майсея ці ня Бог паклікаў быць князем? Пасьля яго Ісус Навін ці не паводле загаду Божага сваё мейсца прыняў? Самсона, Атніэля, Гідэона, Барака, Ефтая ды іншых судзьдзяў, аж да Самуэля, народу Ізраэльскаму хто пасылаў? Саўла хто памазаць загадаў? Давіда на валадарства хто выбраў? Ды і ня толькі пасярод народу Ізраэльскага, але і пасярод паганскіх народаў ад Бога валадары валадараць, як пішуць прарокі пра Нэбукаднэсара ды Кіра.

Пра Нэбукаднэсара Данііл так ягонаму сыну казаў: «Валадару, Найвышэйшы Бог даў твайму бацьку Нэбукаднэсару валадарства, вялікасьць, хвалу і веліч» (Дан. 5). Кір жа ў кнізе Кронікаў пра сябе так піша: «Усе каралеўствы зямлi даў мне Госпад, Бог нябесны» (2 Крон. 36, Эзд. 1). Са Старога Запавету ўжо кожнаму зразумела, што Сам Бог дае валадароў, князёў ды іншых гаспадароў.

У Новым Запавеце тое самае знаходзім, як, напрыклад, калі Хрыстос Пілату так сказаў: «Ня меў бы ты ніякай улады нада Мной, калі б табе не было дадзена звыш». Ясна Ён тут паказвае, што ўсякая ўлада — звыш, значыць, ад Бога. Пра гэта Апостал да Рымлянаў дакладней піша: «Бо няма ўлады, як толькі ад Бога. Каторыя ж ёсьць, Богам устаноўленыя. Дык хто працівіцца ўладзе, пастанове Бога працівіцца» (Рым. 13: 1-2). Ці бачыш: Апостал піша, што ўлада, або ўрад, ад Бога? З гэтага вынікае, што Сам Бог ставіць урадоўцаў. А калі Бог паставіў, ці, паводле Апостала, устанавіў, то гэта мусіць быць добрай справай. А калі гэта добрая справа, то дзеля чаго не належыць Хрысьціяніну быць ва ўрадзе?

Праўда, урадоўцы зазвычай забываюцца на сваё пакліканьне або на свае абавязкі. Значыць, ня памятаюць, што маюць ставіцца да сваіх падданых як бацькі да сваіх дзяцей ды бываюць бязьлітаснымі, тыранамі, хціўцамі або рабаўнікамі ды іншыя цяжкасьці чыняць сваім падданым. Але дзеля гэтага іхні ўрад не перастае быць ад Бога, бо золата не становіцца рэччу благой ды ня Божай, калі нехта карыстаецца ім празьмерна або дзеля пыхі. Ня золата тут вінавата, але той благі чалавек. Тым жа звычаем калі валадар ці іншы які ўрадовец будзе жорсткім, вінаваты будзе ня ўрад, але сам той чалавек.

Да таго яшчэ маем за ўзор людзей сьвятых, якія былі ва ўрадзе, як Майсей, Язэп, Мельхісэдэк; Ісус, сын Нуна; Самуэль, Давід ды іншыя. А ў Новым Запавеце – сотнік Карнэль, сябра рады Язэп з Арыматэі; Сергій Паўла, праконсул (гэта значыць – намесьнік) Парфскі ды іншыя.

Таму належыць Хрысьціяніну быць ва ўрадзе, судзіць, добрых абараняць, злодзеяў караць, ня толькі маёмасьці, але і жыцьця пазбаўляючы, адно толькі каб справядліва. Ды ня толькі за гэта на ўрадоўцу ня будзе граху, але і тым звычаем робіць ён перад Богам удзячную справу. А калі так ня робіць, значыць: калі злодзеяў не карае, а добрым не захоўвае супакою або міру, такі ўрадовец грашыць, бо абавязак свой не спаўняе належна. Піша бо Апостал, што «не надарма ўлада носіць меч, бо ёсьць Божай уладай, спаганяючай гнеў на тым, хто робіць зло».

Грашыць той, хто, ва ўрадзе седзячы, лічыць за грэх пакараньне сьмерцю злодзея, чужаложніка або іншага злачынцу, уважаючы гэта за любоў або міласэрнасьць. Але такая любоў памылковая. Лепш добрых любіць, чым іхніх ворагаў. Бо той добрых ня любіць, хто злодзеям волю дае, дзеля чаго добрыя ня маюць супакою.