Пытаньне
Што мае рабіць падданы або служка, калі ягоны гаспадар загадаў яму зрабіць благую справу?
Адказ
Бог даў уладу валадарам ды іншым начальнікам, але Сабе захаваў уладу большую. Дзеля гэтага служка мае разважыць пра загад валадара ці іншага якога гаспадара. Калі той загад згаджаецца з Божым прыказаньнем, тады служка павінен слухацца гаспадара як Самога Бога. Калі ж, наадварот, той загад супраць Бога ды Ягонага Слова, ня мае служка яго выконваць, бо напісана: «Болей трэба слухацца Бога, чым людзей» (Дзеі 5: 29).
Калі валадар Саўл раззлаваўся на сьвятара Ахімэлеха ды на ягоных сыноў (бо гэты сьвятар прыняў Давіда, накарміў яго ды адаў яму меч, якім ён забіў Галіята), тады Саўл загадаў тым служкам, што стаялі вакол, забіць Ахімэлеха ды ягоных сыноў. Аднак ніхто не захацеў выканаць валадарскі загад, адзін толькі Даэг Эдомец бязбожна выканаў валадарскую волю (1 Сам. 21, 22). Таму служка або падданы мае зважаць ня толькі на тое, што гэта загад гаспадарскі, але і на тое, ці зга-джаецца загад гаспадарскі з Божым загадам.
Цяпер шмат людзей ведае праўду, але, дзеля сваіх гаспадароў, не асьмельваецца яе вызнаваць. Аднак такія падданыя мелі б памятаць на слова Хрыста, калі Ён сказаў: «Ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы забіць ня могуць. Але бойцеся больш Таго, хто можа і душу, і цела загубіць у пекле». Дзеля гэтага калі гаспадар загадвае або на вайне служыць, або падатак плаціць, або нават у няволю пайсьці, мае Хрысьціянін цярпець ды маліцца за яго Богу.
Але калі гаспадар загадвае зрабіць нешта супраць Божага Слова, то ня будзь такім, як Даэг, Саўлаў падлізьнік, не рабі так, хаця б пагражалі твайму жыцьцю. Загадае табе твой гаспадар іконам кланяцца – памятай, што Божае Слова адваротнае кажа: «Не рабі сабе статуі і ніякай выявы, і не пакланяйся ім», а паводле Апостала: «Сьцеражыцеся ідалаў!» (1 Ян 5: 21). Скажа табе гаспадар: «Прызывай сьвятых ужо памерлых на дапамогу», адкажы яму: «Гаспадар мой — ты, але Бог, усім гаспадарам Госпад ды ўсім валадарам Валадар, іншае мне загадвае, кажучы: “Госпаду, Богу твайму, кланяцца будзеш і Яму аднаму служыць будзеш”» (Мц. 4:10). Апостал таксама сьведчыць: «Адзін Бог, і адзін Пасярэднік між Богам і людзьмі – чалавек Ісус Хрыстос» (1 Цім. 2:5). Тым жа звычаем і на іншыя загады адкажаш.