Пытаньне

Што павінны бацькі дзецям, або начальнікі – сваім падданым?

Адказ

Бацькоў пра тое, што яны павінны дзецям, вучыць Апостал, калі да Эфэсцаў піша: «І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але ўзгадоўвайце іх у навуцы і напамінаньні Госпадавым» (Эф. 6:4). Адразу пра тры рэчы, якія бацькі павінны дзецям, узгадаў у гэтым слове Апостал. Найперш – узгадаваньне, потым – напамінаньне або пакараньне ды, наастатак, – навуку.

Пра выхаваньне, або ўзгадаваньне, няма патрэбы шмат гаварыць, сама бо прырода, або натура, скіроўвае бацьку ды матку, каб узгадаваць дзяцей. Аднак Бог дзеля таго людзей на сьвет пусьціў, каб яны Яго ведалі. Таму чалавеку патрэбна ня толькі ўзгадаваньне, але і навука, перадусім – пра Бога, як і ў Паўторным Законе напісана: «Паўтарай Словы Божыя дзецям тваім» (Паўт. Зак. 6). Бацькі павінны клапаціцца, каб дзеці навучыліся Божай навуцы, значыць, каб ведалі пра Бога, пра Божы Закон, пра Дабравесьце, або пра любоў Божую, якую Ён даў нам у Сваім Сыне, таксама пра Апошні Суд ды пра вечнае жыцьцё.

Да таго ж павінны яшчэ бацькі навучыць сваіх дзяцей нейкаму пабожнаму майстэрству або рамяству, каб потым мелі зь яго добры прыбытак. Так бо той жа Апостал у іншым мейсцы загадвае: «Хай навучацца і нашыя быць першымі ў добрых дзеяньнях дзеля пільных патрэбаў, каб не былі яны бясплоднымі» (Ціт 3: 14). Нібыта кажа Апостал: «Няхай вучацца Хрысьціяне навукам патрэбным – Пісаньням, багаслоўю, потым іншым – юрыдычным, лекарскім ды іншым пачцівым навукам, таксама і ваеннай справе, каб потым маглі і ўмелі царкве паслужыць».

Бачыш, Апостал загадвае: «Няхай ня будуць яны бясплодныя», па-нашаму значыць: «Няхай яны будуць не беспрыдатныя, але прыдатныя». Памятай, што Апостал не загадвае лезьці ў пячоры, уцякаць да зьвяроў на пустыню, як манахі тое самі робяць ды іншым раяць. Навошта бо гэта ўсё? Але хоча Апостал, каб мы, дзеля збаўленьня нашых бліжніх, сярод іх жывучы, за ўсякую працу браліся, часам і цяжкасьці зносілі, верай, сьведчаньнем ды паслухмянасьцю нашай сьвяцілі, як і Хрыстос сказаў: «Так хай сьвеціць сьвятло вашае на віду ў людзей, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі ды хвалілі Айца вашага, Які ў небе» (Мц. 5: 16). А як бо навука Божая мае сярод людзей памнажацца ды шырыцца, калі Прарокі, Апосталы ды іншыя вучыцелі ня будуць жыць сярод людзей, але па кельях, па лясах ды і яшчэ дзе будуць спаць або распусьнічаць?

А што бацькі павінны дзецям, тое ж кожны гаспадар павінен сваім падданым. Значыць, як добры бацька корміць сваіх сыноў, а да таго ж, добрым звычаем, і рамяству вучыць, і часам карае, гэтаксама і кожны гаспадар – ці то валадар, ці то князь, ці то ваявода, ці то баярын, ці то гараджанін – калі толькі мае падданых, а тым болей – сям’ю, павінен ім, кажу, тры гэтыя рэчы: першая – выхаваньне, другая – навука, а трэцяя – напамінаньне або пакараньне. Выхаваньне павінен ты даць, хаця і не такое, як бацькі – дзецям, але хопіць зь цябе, калі ня бу-дзеш вымагаць хабару, грашовых падаткаў, судовых пошлінаў, ня будзеш абцяжарваць беспрычыннымі штрафамі, цяжкаю службай ды іншымі д’ябальскімі выдумкамі паводле лютых нашых звычаяў.

А хто зараз такі да падданых сваіх? Хто іх не рабуе або дзівацкіх спосабаў дзеля захопу іхняй маёмасьці не выдумляе? Хто даўнейшымі, звыклымі, павіннасьцямі задаволены? Усе гаспадары прагнуць вялікіх прыбыткаў, а потым, убогіх змучыўшы, на непатрэбныя рэчы робяць бязьмерныя выдаткі. Адзін на сабак усе аддае, другі – на будоўлю, трэці – на лішнія шаты, чацьвёрты – на п’янства, або на строі, або на лісьліўцаў, або на гулянкі, пра іншыя ж рэчы і казаць сорамна. А на гэта ўсё з поту або – дакладней — з крыві ўбогіх людзей мусіць гаспадар ці то сілай, ці то хітрасьцю спагнаць.

Ёсьць таксама і тыя, што на непатрэбныя рэчы грошы не губляюць, але пхаюць іх у мяхі і скрыні ды робяць ня лепш за першых. Пра іх Апостал так піша: «Дык цяпер жа, багацеі, плачце і галасіце ў горы, якое надыходзіць на вас. Багацьце вашае збутвела, адзеньне вашае моль стачыла, золата і серабро паржавела, ды ржа іхняя будзе сьведчаньнем супраць вас і, як агонь, будзе нішчыць целы вашыя» (Як. 5: 1-3) ды гэтак далей. Плакаць загадвае Апостал багатым, але рэдка каго знойдзеш, хто б з таго плакаў або ў гэтым каяўся.

Другая рэч, якую гаспадары павінны падданым, – гэта навука. Значыць, гаспадары мусяць клапаціцца пра сваіх падданых, каб было іх каму навучыць праўдзівай веры. Бо гаспадары, маючы з падданых прыбыткі часовыя, мусяць рупіцца пра іхнія прыбыткі духоўныя. Але ж і гэты свой абавязак гаспадары не выконваюць дастаткова. Адзін фальшывым вучыцелям аддае тыя прыбыткі, што здаўна вучыцелям прызначаныя, другі сабе іх забірае. Абодва аднолькава грашаць ня толькі таму, што абавязкаў сваіх не выконваюць, але і таму, што са сьвятога самі крадуць або іншым красьці дазваляюць. Убогія ж людзі церпяць вялікі голад Божага Слова ды ў старых грахах дзеля такога голаду ўзмацняюцца.

Што тады вы, гаспадары, адкажаце, калі паўстанеце перад Апошнім Судом? Якую справаздачу дасьцё? Ці ж ня вы ў тым вінаватыя, што вашыя падданыя Бога ня ведаюць? Пакайцеся, пакайцеся, бойцеся Суду Божага! Памятайце на валадара Давіда: ён ня толькі сам вучыў падданых Божаму Закону, але і меў людзей, якія вучылі. Памятайце на Салямона: ён, пакуль балванахвальствам не саграшыў, тое самае рабіў, – значыць, як і бацька ягоны, вучыў падданых прыповесьцямі ды Пісьмом Сьвятым, так што і Эклезіястам, значыць, прапаведнікам, назваць сябе не саромеўся. Вазьміце за ўзор і багабойнага юдэйскага валадара Озію. Пра яго напісана, што ён, заняўшы пасад, сам узнавіў Запавет перад Госпадам (2 Валад. 22, 23). Значыць, ён вучыў сваіх падданых Божаму Слову.

Такія валадары нам і зараз патрэбныя. Але д’ябал ня сьпіць, шкодзіць гэтаму, як толькі можа ды як толькі ўмее. Верашчыць праз свае начыньні, што не да твару гаспадарам ані самім вучыцца Божаму Слову, ані іншых людзей навучаць: не твая, маўляў, гаспадару, справа. Аднак Дух Сьвяты у Сьвятым Пісьме сьведчыць адваротнае, нагадваючы ўсім, а найболей князям ці валадарам ды іншым гаспадарам, каб разумелі Божы Закон. Ці ж ня так Дух Сьвяты да валадароў у псальме зьвяртаецца або кліча: «А цяпер, валадары, зразумейце, уцямце, судзьдзі зямлі: служыце Госпаду са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем, з пашанаю падчыняйцеся Яму, каб не загневаўся» і гэтак далей (Пс. 2).

Ці бачыш, што Дух Сьвяты загадвае рабіць валадарам ды далучае «зараз», каб надалей не адкладалі? Ды яшчэ Ён загадвае зразумець перасьцярогу, але д’ябал пужае сваім верашчаньнем: «Не твая справа, гаспадару!» Таксама Дух Сьвяты загадвае служыць Госпаду. А чым жа лепш валадар або князь паслужыць Госпаду, як ня тым, што адкрые падданым Ягоную волю, каб яе спаўнялі? Зноў жа, у іншым псальме Дух Сьвяты казаў не каму іншаму, як валадарам ды гаспадарам: «Адчыніце, князі, брамы вашыя, каб увайшоў Валадар Славы» (Пс. 23). У гэтым вершы таксама паказана, як шмат залежыць ад гаспадароў, бо яны адчыняюць брамы сваіх земляў перад Валадаром Славы, – значыць, перад Божым Словам. Адчыняе ж князь брамы перад Божым Словам тады, калі клапоціцца, каб было каму Яго прапаведаваць. Але пра гэта ўжо досыць.

Трэцяя рэч, якую павінны гаспадары сваім падданым, паводле Апостала, пакараньне, але пра гэта ўжо вышэй гаварылася. Павінны таксама паны сваіх падданых абараняць, але абарону азначае ды мае на ўвазе выхаваньне, бо і супакой прыналежыць да выхаваньня, пра што мы ўжо казалі. Акрамя таго, павінны гаспадары сачыць, каб падданыя не парушалі дзесяць Божых прыказаньняў. Павінны засноўваць і цэрквы, і вучэльні або школы. Павінны караць эпікурэйцаў, балванахвальцаў, фальшывых настаўнікаў, чарадзеяў ды крывадушных сьведкаў.

Ды няхай абараняюць цноту, супакой, маёмасьць убогіх, ды су- дзяць няхай паводле таго, як вучаць дзесяць прыказаньняў: каб ніхто не забіваў, не чужаложыў, ня краў, хлусьліва ня сьведчыў, каб супакой быў паміж людзей. Бо і Апостал так Цімахвею піша: «Дык малю найперш, каб заносілі просьбы, малітвы, умольваньні і падзякі за ўсіх людзей, за валадароў і за ўсіх тых, што знаходзяцца пры ўладзе, каб маглі мы весьці жыцьцё спакойнае з усёю пабожнасьцю і прыстойнасьцю» (1 Цім. 2: 1-2).

Дзеля таго Апостал загадвае маліцца за гаспадароў, каб мы маглі жыць спакойна. Але ня толькі тое зважай, што Апостал дзеля супакою загадвае маліцца за гаспадароў, бо важна і тое разгледзець, навошта супакой патрэбны. Людзі гэтага сьвету мір або супакой любяць таму, што тады могуць жыць у раскошы ды ў пажаданьнях гэтага сьвету. Але Апостал жадае міру дзеля таго, каб маглі пашырацца вера ў Хрыста ды добрыя норавы, бо так сказаў: «Каб маглі мы весьці жыцьцё спакойнае, з усёю пабожнасьцю і прыстойнасьцю жыць маглі». Не гаварыў Апостал: «Каб жыць нам ва ўсякіх пажаданьнях, свавольствах ды ў чым падобным».

Памятай жа, дзеля чаго Хрысьціянам патрэбны мір або супакой: каб маглі захавацца пабожнасьць ды чысьціня, – значыць, каб была свабода вучыць царкву, настаўляць маладых людзей ды прызвычайваць іх да добрых нораваў. Бо гэтыя справы патрабуюць міру або супакою. Сваркі ж або вайна шкодзяць гэтым справам. Нельга бо тады людзям зьбірацца ў пэўны час у пэўным мейсцы. Нельга добрым норавам вучыць, судоў чыніць, вучыцелям плаціць, справу кожнага разглядаць, ахвяраваньні зьбіраць, — калі, кажу, Бог ня даў міру.

І на гэтым пра гаспадарскія абавязкі ўжо досыць.