Пытаньне
Падданыя, зноў жа, што павінны сваім гаспадарам?
Адказ
Найперш падданыя павінны маліцца Богу за сваіх гаспадароў — як чулі мы ад Апостала — і за добрых, і за благіх. Павінны іхнія справы на добрае разумець ды ня мусяць пра гаспадароў ліхое казаць або іх асуджаць, як Бог праз Майсея казаў: «Ня блюзьні Богу і не праклінай начальніка народу твайго» (Вых. 22). Павінны мець гаспадароў у вялікай пашане. Павінны зычыць ім добрага. Павінны плаціць ім звыклыя падаткі ды дапамагаць у час раптоўнай патрэбы, каб маглі яе зьнесьці. Карацей кажучы, той навукі падданыя мусяць трымацца, якую дае Апостал, так да Рымлянаў пішучы: «Аддавайце ўсім належнае: каму падатак – падатак, каму мыта – мыта, каму страх – страх, каму пашану – пашану» (Рым. 13: 7).
Такім жа чынам дзеці павінны сваім бацькам служыць, іх любіць, слухацца, а да таго – іх карміць, апранаць ды ўсякую ласку ім аказваць. Таксама грахі іхнія пакрываць, як зрабілі Сэм ды Яфэт, сыны Ноя. Калі іхні бацька, напіўшыся віна, ляжаў голы, яны, закрыўшы сабе вочы і адвярнуўшы свае твары, прыкрылі ягоную голасьць. Так павінны сыны рабіць сваім бацькам, а падданыя – гаспадарам, вучні – настаўнікам, авечкі – пастырам.
Аднак зараз падданыя ня маюць такога звычаю: бачачы нават малыя грахі сваіх гаспадароў, пра тое гамоняць ды чуткі пускаюць, а часам тое, што гаспадары не рабілі, пра іх выдумляюць ды скардзяцца на іхнюю хцівасьць. Ды ня бачаць, што самі заслужылі перад Богам, каб Ён даў ім такіх гаспадароў. Гіёб бо піша, што Бог, дзеля людзкіх грахоў, дапускае караляваць крывадушніка (Гіёб 34). Таму, нават калі гаспадар не дабрадзейны, няхай падданыя на яго не гавораць, няхай яго не зламовяць, але няхай пакаюцца ды моляцца Богу, каб Ён перамяніў сэрца гаспадара, яно бо ў Божых руках, як Салямон напісаў: «Бог паварочвае гаспадарскае сэрца, куды Сам хоча» (Прып. 21).
Патрэбна, кажу, падданым пакаяцца ды навярнуцца да Бога, бо такім Бог абяцаў даць пастыраў па сэрцу Свайму. Пра гэта ў Прарока так Ён сказаў: «Вярніцеся, дзеці няверныя, — кажа Госпад, — бо Я — Госпад ваш; і Я вазьму вас, аднаго з кожнага гораду і двух з кожнага роду, і завяду вас на Сыён. І дам вам пастыраў паволе сэрца Майго і будуць яны пасьвіць вас разумна і разважна» (Ярэм. 3). Ці ж ня бачыш, што паводле звычаяў людзей Бог дае ім начальнікаў ды пастыраў? Таму мусім не на ліхіх гаспадароў, але на саміх сябе наракаць ды саміх сябе вінаваціць.