Пытаньне
Як Бог карае парушальнікаў гэтага пятага слова? Значыць, і бацькоў або паноў, і дзяцей або падданых, калі яны абавязкаў сваіх не спаўняюць?
Адказ
Абяцаў Бог пакараць і карае заўсёды як дзяцей непаслухмяных, так і бацькоў нядбайных. Гэтаксама Ён робіць з начальнікамі ды падданымі, якія ня памятаюць на свае абявязкі. Што ж да бацькоў, маем за прыклад сьвятара Ілія, які, хаця і быў сам пабожны, але сваіх сыноў не пакараў. Вельмі ён гэтым Бога разгневаў, і Бог адкінуў іх ад Сябе (1 Сам. 2). Сам Хрыстос так казаў: «А хто б згоршыў аднаго з малых гэтых, што ў Мяне вераць, лепш было б яму прычапіць камень млыновы на шыю і ўтапіць у глыбіні мора» (Мц. 18: 6).
Што ж да благіх пастыраў, яўна бачым зь Пісаньня, што будуць яны цяжка скараныя. Найболей у Прарока Эзэкіля Бог так абяцае ім помсьціць: «Калі Я злачынцу скажу: “Бязбожнік, ты сьмерцю памрэш”, — а ты нічога ня скажаш, каб адвесьці злачынцу ад ліхой дарогі, то ён памрэ за свой грэх, але адказнасьць за яго сьмерць Я ускладу на цябе» (Эз. 33).
А ў іншым мейсцы ў таго ж Прарока так напісана: «Гэта кажа Госпад Бог: Гора пастырам Ізраэля, каторыя пасьвяць самі сябе! Ці ж пастыры не павінны пасьвіць авечак? Вы напіліся малака, паадзяваліся ў воўну, забівалі, што тлустае, аднак статкі авечак ня пасьвілі: што слабое было, не ўзмацнялі; што хворае, не аздараўлялі; што скалечанае, не зааглядалі» (Эз. 34) ды гэтак далей, а напрыканцы так Бог сказаў: «За тое, што статак Мой стаўся рабункам і авечкі Мае ня мелі пастыра, бо пастыры Мае не шукалі авец Маіх, але пасьвілі саміх сябе, а статку Майго ня пасьвілі, дзеля таго вы, пастыры, слухайце слова Госпада. Вось што кажа Госпад Бог: Вось Я супраць пастыраў. З рукі іх Я запатрабую статку Майго» (Эз. 34) і так далей.
Няхай бы пагледзелі ўсе пастыры – і духоўныя, і сьвецкія – той разьдзел, можа, сталі б пільнейшымі ў сваіх абавязках. Гэта ж самае знойдзеш у Прарока Ісаі напачатку прароцтва, дзе ён называе супольнікамі злачынцаў тых князёў, якія, дзеля падарункаў, не караюць злачынцаў. Чытай таксама пра пастыраў у таго ж Ісаі разьдзел 56, у Ярэміі – 24, у Захарыя – 11, ды ў іншых мейсцах.
Дзецям, таксама як і непаслухмяным падданым, Бог пастанавіў пакараньне ў тым жа прыказаньні, калі сказаў: «Калі хочаш доўга жыць на зямлі». Ды на свае вочы бачым, што сын непаслухмяны або той, які не шануе бацьку, ня можа доўга жыць на зямлі. Загадаў Бог такіх забіваць (Вых. 21). Ды нават калі ўрад не скарае, Бог усё адно такому адпомсьціць: такога ці заб’юць, ці павесяць, як Салямон у Прыповесьцях напісаў: «Вока, каторае бацьку высьмейвае ды ня хоча слухаць маткі — хай выдзяўбуць крукі над ракою або хай зьядуць арляняты» (Прып. 30). Ды маем шмат такіх узораў у Сьвятым Пісьме: аніводнага сына, калі ён не шанаваў свайго бацьку, не абмінула пакараньне.
Хам, Ноеў сын, пасьмяяўся зь п’янага бацькі ды быў пракляты з патомствам сваім навек, стаўшыся паднявольным (Роду 9).
Абесалом за тое, што ўзьняў руку супраць свайго бацькі Давіда, зачапіўся валасамі за дрэва ды быў забіты (2 Сам. 18).
Амалекца Давід загадаў забіць (2 Сам. 1), калі той засьведчыў пра сябе самога, што забіў валадара Саўла.
Мірыям, сястру Майсея, Бог скараў праказаю, бо яна гаварыла супраць начальства Майсеявага (Лічбы 12). Пра гэта Салямон напісаў: «Бойся Госпада, сыне мой, і валадара ды не супольнічай з тымі, хто зь іх сьмяецца, хутка бо прыйдзе згуба на такіх» (Прып. 24).
Карэя, Датана і Абірама зямля праглынула жывымі, бо яны наракалі супраць Майсея ды Аарона (Лічбы 16).
Пры нашай ужо памяці ў землях нямецкіх было забіта амаль дзесяць тысяч сялянаў, бо яны паўсталі супраць сваіх гаспадароў.
Апостал Паўла казаў: «Хто супраць улады паўстае, сабе суд рыхтуе» (Рым. 13: 2). Тое ж і Сам Госпад Пятру гаварыў: «Бо ўсе, што за меч хапаюцца, пагінуць ад мяча» (Мц. 26: 52). Таго напаткае нож або меч, хто сам, бяз Божага дазволу, за яго бярэцца: злачынцаў ды ўсіх тых, хто сілай людзей сабе падпарадкоўвае ды змушае іх сабе служыць.