Пытаньне
Што будзе тым, што гэтага пятага прыказаньня паслухаюцца?
Адказ
Бацькі, якія, паводле Божага загаду, выхоўваюць сваіх дзяцей у пабожнасьці ды ў строгасьці, потым маюць зь іх вялікую пацеху. Бо Дух Сьвяты праз Давіда абяцаў: «Жонка твая — як плодная галінка вінаграду ў пакоях дому твайго, дзеці твае — як парасткі аліўныя вакол твайго стала» (Пс. 127). Салямон таксама казаў: «Мудры сын — радасьць для бацькі, дурны сын — згрызота для маткі» (Прып. 10). Так Бог пацешыў Якуба, калі той убачыў свайго сына Язэпа гаспадаром усёй зямлі Эгіпецкай (Роду 47). Ды і Давід усьцешыўся, калі ўгледзеў Салямона на сваім пасадзе (1 Валад. 1).
Таксама добрым пастырам Хрыстос абяцае, што яны атрымаюць сваю частку ў Валадарстве Божым. Так бо ў прыповесьці сказаў: «Дабраславёны той служка, якога, прыйшоўшы, гаспадар знойдзе, што ён так робіць! Сапраўды кажу вам, што паставіць яго валодаць усёю сваёй маёмасьцю» (Мц. 24: 46-47). А ў прыповесьці пра таленты таму служцы, якому было даручана пяць талентаў і які зарабіў імі другія пяць талентаў, — значыць, навярнуў да Бога шмат людзей, — Хрыстос так сказаў: «Добра, служка добры і верны; у малым ты быў верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго» (Мц. 25: 21). Данііл таксама піша: «Навучаныя будуць ясьнець, як сьвятло паднябеснае, а тыя, што навучылі праўдзе многіх, заясьнеюць як зоркі ў вякі вечныя» (Дан. 12).
Гаспадары, якія любяць сваіх падданых, судзяць справядліва ды спаўняюць свае абавязкі, не застануцца бяз Божага дабраславенства, як Самуэль сказаў Саўлу і ягоным падданым: «Калі будзеце баяцца Госпада, і будзеце служыць Яму, і будзеце слухаць голас Яго, дык будзеце вы і валадар, каторы валадарыць вамі, хадзіць за Госпадам, Богам вашым» (1 Сам. 12) – значыць, дабраслаўлёныя будзеце ва ўсіх сваіх справах ды валадарства будзе доўга трываць. Тое ж напісаў Салямон, калі сказаў: «Валадар, які справядліва судзіць бедных, навякі ўмацуе пасад свой» (Прып. 29).
Справядлівым гаспадарам Бог дае i доўгае жыцьцё, як той жа Салямон сказаў: «Неразумны валадар шмат чыніць крыўды, а хто ненавідзіць хцівасьць, павялічвае свае дні» (Прып. 28). Такім гаспадарам Бог дае моц супраць іхніх ворагаў, як даваў Давіду, Эзэкіі ды іншым. Дае ім таксама патомства, як напісана: «Магутным будзе семя яго на зямлі, дабраслаўлёным будзе род пабожных. Дастатак і багацьце ў доме ягоным» (Пс. 111).
Тым жа звычаем і дзеці або маладыя людзі маюць многія абяцаньні ды прыклады. Як, найперш, у тым жа слове далучана абяцаньне, дзе Бог сказаў: «Калі хочаш доўга жыць на зямлі». Да гэтых словаў мы ня можам ставіцца легкадумна, але мусім ім верыць, бо гэта пэўная рэч: таго, хто паслухмяны старшым, Бог доўга захоўвае на зямлі ды ўсе ягоныя справы дабраслаўляе. За ўзор маем Яфэта ды Сэма, сыноў Ноя, якіх Бог дабраславіў, бо да свайго айца яны ставіліся пачці-ва (Роду 9).
У прарока Ярэміі напісана пра сыноў Ёнадабавых, што яны не хацелі піць віна, бо так ім запаведаў айцец. Ды як вельмі таго пільнаваліся, загадаў Бог Ярэміі так ім сказаць: «Гэта кажа Госпад Магуцьцяў, Бог Ізраэля: За тое, што вы былі паслухмянымі Ёнадабу, бацьку вашаму, спаўняючы ўсе яго прыказаньні і захоўваючы ўсё, што ён загадаў, дзеля таго вось што кажа Госпад Магуцьцяў, Бог Ізраэля: Ня спыніцца ў Ёнадаба, сына Рэхаба, патомак, каторы будзе стаяць перада Мною» (Ярэм. 35).
Мусілі б сыны ды ўсе, хто мае над сабой гаспадароў, добра памятаць на гэты ўзор, каб верыць: іхняя паслухмянасьць, якую аказваюць старшым, — справа перад Богам вельмі ўдзячная, якую Ён так ад іх прыймае, нібыта Яму Самому тое зрабілі. Таму і Апосталам Ён казаў: «Хто вас прыймае, прыймае мяне» (Мц. 10: 40). Таксама Апостал піша служкам, каб сваім гаспадарам не як чалавеку, але як Самому Хрысту слугавалі (Эф. 6: 7). Вялікае пацяшэньне нявольнікам, калі яны ведаюць, што іхнія паслугі або праца падабаюцца Богу.