АСОБЫ |
Палітык і эканаміст Ян Абрамовіч Ян Абрамовіч (? -- 1602), ваявода смаленскі, гэрбу Ястраб. Пра ягоную маладосьць і сям'ю мы маем ня шмат зьвестак. Абрамовіч быў выхаваны пры двары князя Мікалая Радзівіла Рудога, віленскага ваяводы, і ўсё жыцьцё быў зьвязаны з гэтым родам. Разам з Радзівілам браў удзел у вайсковых выправах на Маскву. Гэтае сяброўства пэўна грунтавалася на веравызнаньні. Абрамовіч разам з Радзівіламі быў адным з галоўных лідараў кальвінства ў Беларусі. Першыя зьвесткі, вядомыя з крыніцаў, кажуць, што Абрамовіч займаў з пратэкцыі Радзівіла, пасады лідзкага старосты, войскага й віленскага намесьніка ў 1580 г. На гэтай пасадзе ён уразіў біскупа Юрая Радзівіла, калі "стаўленьнікам герытыкоў будучы, ягонай біскупскай уладзе не супраціўляўся". Дзякуючы Радзівілаўскай падтрымцы прасоўваўся ўсё вышэй у сваёй кар'еры: атрымаў вэндэнскае староства; пасьля 1590 г. кіраўніцтва дэрпцкае, да 1596 г.; у 1593 г. становіцца ваяводам менскім; 1596 г. ваяводам смаленскім. Заўсёды захоўваў прыхільнасьць да Радзівілаў і да сьмерці, як сьведчаць ацалелыя лісты, выконваў для іх розныя прыватныя справы. Браў актыўны ўдзел у палітычным і царкоўным жыцьці Вялікага Княства Літоўскага, прэзэнтуючы разам з біржанскімі Радзівіламі, непрыхільнае да Польшчы крыло. Найбош выразна гэта выявілася пры абароне правоў ВКЛ, калі ішла справа аб наданьні віленскай катэдры Мацяёўскаму (1595 г. і пазьней), а таксама шматразова на соймах, калі Абрамовіч выступаў за перадачу Інфлянтаў ВКЛ (1585 г.). У царкоўнай палітыцы выйшаў на першы плян і быў адным з кіраўнікоў кальвінства. Удзельнічаў у торуньскім сынодзе 1595 г., у перамовах з тымі, хто не прыняў Берасьцейскай вуніі ў 1599 г., у Вільні, і ў дыспуце кальвіністаў зь езуітамі ў тым самым годзе. Меў таксама давер у Кастуся Астроскага, бо, дзякуючы жонцы Ганьне Дароце з Валовічаў, быў цесна зьвязаны з праваслаўем. Жонка ягоная належала да дабрадзеяк і апякунак Віленскага брацтва, і сам Абрамовіч неаднаразова выступаў у абарону праваслаўных месьцічаў, напрыклад у спрэчцы пра пабудову брацкай царквы, якая была забароненая віленскім магістратам у 1596 г. і г.д. Тут адбыўся канфлікт з канцлерам Левам Сапегам, які падтрымліваў вуніяцкага мітрапаліта. Ян Абрамовіч быў апекуном знакамітага кальвінскага палеміста Андрэя Воляна. У сваім маёнтку ў Варнянах заклаў збор, шпіталь, школу, якія праіснавалі да сярэдзіны XVII ст. Меў сына Мікалая, генэрала артылерыі і троцкага ваяводу. Напісаў "Думкі ліцьвіна, пра танную куплю і дарагі продаж збожжа" (1595 г.), таксама заахвоціў свайго падапечнага Яна Радвана да стварэньня паэмы "Радзівіліяда" (1592 г.). Сваім коштам выдаў шэраг кніжак, між іншых "Катэхізіс" Станіслава Судроўскага, віленскага міністра. Памёр 19 красавіка 1602 г. Адзінаверцы разьвіталіся зь ім друкаванай "Прамовай на жалобную сьмерць і пахаваньне вялікага патрона Божага Збору і мудрага Сэнатара". Паводле Polskiego Slownika Biograficznego
|