ІДЭІ

Рэфармацыя - аднаўленьне першапачтковага вобразу

Станіслаў Акіньчыц

Эпоха Рэфармацыі, XVI стагодзьдзе, зьяўляецца адным з ключавых пэрыядаў сусьветнай гісторыі. Нямецкі філёзаф Гегель назваў Рэфармацыю сэнсам гісторыі Новага Часу. Сапраўды, калі мы паглядзім на вытокі сёньняшняй заходняй цывілізацыі, мы ўбачым, што менавіта Рэфармацыя заклала асновы ўсяго, без чаго зараз немагчыма ўявіць жыцьцё чалавецтва. На жаль, у часы панаваньня камуністычнай ідэалёгіі, а можа і раней, як у звычайных людзей, так і ў навукоўцаў склалася мноства стэрэатыпаў пра Рэфармацыю, якія ня толькі не дапамагаюць зразумець гэтую зьяву, але часта вельмі істотна скажаюць яе сутнасьць. На Рэфармацыю глядзяць або як на бунт супраць царквы, каб вызваліцца з-пад рэлігійнага кантроля, або як на нейкую сацыяльную зьяву, якая абумоўленая палітычнымі ці эканамічнымі інтарэсамі буржуазіі і некаторых правіцеляў, каторыя прагнулі "таннай царквы", "падпарадкаванай сабе царквы", "царкоўных земляў" і г.д.

Такі павярхоўны погляд на Рэфармацыю, які выключае самы істотны - духоўны - кампанэнт гэтай зьявы, робіць немагчымым слушны аналіз і ацэнку як XVI стагодзьдзя, так і Рэфармацыі ўвогуле. Рэфармацыя - гэта перш за ўсё зьява духоўнага жыцьця грамадзтва. Без вывучэньня ідэяў Рэфармацыі, багаслоўя Рэфармацыі немагчыма гаварыць пра нейкі больш-менш сур'ёзны падыход да гэтай тэмы.

Рэфармацыя - гэта лацінскае слова, якое ўтвараецца праз дадаваньне прыстаўкі "рэ-" да слова "фармацыя". "Фармацыя азначае наданьне нечаму пэўнага кшталту, формы, а прыстаўка "рэ-" - што дадзенае дзеяньне паўтараецца зноў. Такім чынам, Рэфармацыя - гэта аднаўленьне першапачатковага кшталту, першаснага вобразу. Гэта значыць, што была нейкая форма, якая пасьля дэ-фармавалася, і яе неабходна рэ-фармаваць - зрабіць такой, якой яна была на пачатку. У адносінах да XVI стагодзьдзя Рэфармацыя была аднаўленьнем першапачаковага вобразу эўрапэйскага хрысьціянства, а, значыцца, і ўсяго эўрапэйскага грамадзтва.

У XV-XVI стст. Эўропа востра адчувала неабходнасьць карэнных пераўтварэньняў у практыках і ідэях Заходняй Царквы, якая пераставала быць духоўным лідарам грамадзтва, а станавілася проста нейкай палітычнай структурай ці велізарнай камэрцыйнай карпарацыяй. Усё большая колькасьць людзей бачыла вялікую прорву паміж тым, чым была царква ў сапраўднасьці, і тым, чым яна павінна была быць. Некаторыя казалі пра неабходнасьць толькі адміністрацыйнай або маральнай рэформы царквы. Але цэлы шэраг мысьляроў, у першую чаргу Лютар, Кальвін, іх пасьлядоўнікі і аднадумцы, выявілі больш глыбокую праблему - адыход царквы ад асноваў хрысьціянскай веры, ад першакрыніцы - Бібліі. Для таго, каб рэфармаваць царкву, неабходна нанова прачытаць Сьвятое Пісьмо, зразумець, чым жа зьяўляецца хрысьціянства і якой павінна быць царква ў адпаведнасьці з воляй Таго, Хто заснаваў яе - Ісуса Хрыста.

Менавіта гэты рух за вяртаньне першаснага, біблійнага вобразу хрысьціянства і атрымаў пазьней назву Рэфармацыі. Рэфармацыя - гэта ня нейкая канфэсія, царква, структура. Рэфармацыя - гэта ідэя. Ідэя аб неабходнасьці пастаянна зьвяртацца да Бібліі як першаасновы хрысьціянства і ў адпаведнасьці з вобразам, які раскрыты ў Сьвятым Пісьме, будаваць царкву, жыцьцё кожнай асобы і грамадзтва ў цэлым. Таму прыналежнасьць той ці іншай асобы, той ці іншай зьявы да Рэфармацыі вызначаецца не канфэсійнай прыналежнасьцю, а ідэяй, сьветапоглядам. Таму людзі Рэфармацыі - гэта ня толькі Лютар, Цьвінглі, Кальвін, Нокс, але і Уікліф, Гус у XV ст., Уэслі ў XVIII ст. Далёка ня ўсе, каго мы маем права назваць людзьмі Рэфармацыі, прыналежалі да рэфармаваных цэркваў. Увогуле, канфэсійнае разьдзяленьне рэфарматараў і праціўнікаў Рэфармацыі аформілася толькі ў сярэдзіне XVI ст. пасьля Трыдэнцкага сабору, калі стала зразумела, што каталіцкая царква абмяжуецца толькі рэформамі дысцыплінарнага характару, не закранаючы багаслоўя. З гэтага часу пачынаецца самастойная гісторыя царквы Рэфармацыі, якая яшчэ называецца эвангельскай, падкрэсьліваючы надзвычайную важнасьць Эвангельля, Слова Божага ў яе багаслоўі і яе жыцьці, або пратэстантскай, ад пратэсту, падпісанага рэфарматарамі на імпэрскім сойме ў Шпэеры ў 1529г.

Прыкладна ў той жа час нарадзілася і знакамітае акрэсьленьне эвангельскай царквы як Ecclesia reformata semper reformanda (Рэфармаваная царква, якая заўсёды рэфармуецца). Царква Рэфармацыі, сьвядомая таго, што чалавек схільны скажаць праўду Божую, павінна пастаянна спраўджваць сваю адпаведнасьць стандартам Бібліі. Тут дарэчы будзе сказаць пра розьніцу разуменьня царквы ў каталіцкім і праваслаўным багаслоўі, з аднога боку, і эвангельскім багаслоўі - з другога. Рэфармацыя адрадзіла біблійнае разуменьне царквы не як арганізацыі з вызначанай герархічнай структурай, але як супольнасьці веручых у Хрыста. Галоўны крытэр сапраўднасьці царквы - яе вернасьць пропаведзі Эвангельля. Важны Дух, які ажыўляе царкву, важнае Слова, якое прапаведуецца, а ня тое, як доўга існуе тая ці іншая арганізацыйная форма. Для рэфармаванай царквы важнае не структурнае адзінства, а ідэйнае. Таму ў чалавека, не знаёмага з багаслоўем, складваецца ўражаньне, што эвангельскія цэрквы ўвесь час разьдзяляюцца ў адрозьненьні ад быццам бы маналітных каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. На самой справе ні пра якое разьдзяленьне няма і гаворкі, таму што "новыя" цэрквы вызнаюць тую самую дактрыну, што і старыя, толькі спосаб выражэньня і акцэнты адрозьніваюцца. І адзінства паміж структурна рознымі эвангельскімі цэрквамі часта большае, чым паміж структурна адзінымі часткамі каталіцкай або праваслаўнай царквы.

Што ж такое ідэя Рэфармацыі? Найлепш гэта акрэсьліў Марцін Лютар: "Sola gratia, sola fides, sola Scriptura, sola Christo".

  1. Sola gratia - толькі ласка Божая. Чалавек сваімі ўласнымі намаганьнямі ніяк ня можа заплаціць за свае грахі. Бог Сам вырашыў гэтую праблему, паслаўшы Свайго Сына Ісуса Хрыста, Які Сваёй сьмерцяй заплаціў за кожнага грэшніка. Чалавек нічым не заслужыў свайго выратаваньня, гэта ініцыятыва міласэрнага Бога.
  2. Sola fides - толькі вера. Адказам чалавека на Божую ініцыятыву павінна быць вера. Вера - гэта прыняцьцё таго, што Бог ужо зрабіў для кожнага чалавека. Чалавек сам па сабе ня можа быць праведным. Праведнасьць зьяўляецца дарам ад Бога, які прыходзіць толькі празь веру.
  3. Sola Scriptura - толькі Сьвятое Пісьмо. У Бібліі Бог адкрывае Свой плян, які мае для кожнага чалавека і для сьвету. Біблія зьяўляецца адзіным крытэрам, які паказвае Божыя стандарты для кожнай сфэры жыцьця чалавека.
  4. Sola Christo - толькі Хрыстос. Няма іншага шляху выратаваньня чалавека, як толькі вера ў Ісуса Хрыста. Верыць у Хрыста - гэта значыць імкнуцца жыць жыцьцём Сына Божага. Насьлядаваньне Хрыста зьяўляецца сутнасьцю хрысьціянскага жыцьця.

Сёньня гэтыя прынцыпы вызнаюць 900 мільёнаў эвангельскіх хрысьціянаў ва ўсім сьвеце: лютаране, кальвіністы, прэсьбітэрыяне, англікане, мэтадысты, баптысты, адвэнтысты, пяцідзесятнікі, харызматы. Некаторыя з гэтых цэркваў згубілі сьвежасьць веры і востра патрабуюць рэфармацыі, як у XVI ст., іншыя нарадзіліся менавіта ў выніку рэфармацыі структураў, адыйшоўшых ад першапачатковых стандартаў. Але нават на прыкладзе Беларусі мы, пры жаданьні, можам убачыць пераемнасьць ідэяў, пачынаючы ад гусітаў XV ст. праз Скарыну, Радзівіла Чорнага, Сымона Буднага, іншых рэфарматараў XVI ст. аж да баптыстаў, пяцідзесятнікаў, іншых эвангельскіх хрысьціянаў сёньняшняга дня.

Але вернемся да XVI стагодзьдзя. На пачатку закраналася тэма ролі Рэфармацыі ў гісторыі сьвету. Хацелася б спыніцца на гэтым больш падрабязна. Многія ў нашай краіне схільныя сьвядома ці несьвядома прытрымлівацца марксісцкага прынцыпу, што "быцьцё вызначае сьвядомасьць", але гісторыя, перш за ўсё эпоха Рэфармацыі, сьведчыць аб адваротным. Тое, як людзі думаюць, у што яны вераць, вызначае іх жыцьцё, вызначае грамадзкія працэсы на дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі. Аналізуючы XVI і наступныя стагодзьдзі, мы можам адназначна сьцьвердзіць, што менавіта ідэі Рэфармацыі стварылі сучасную заходнюю культуру, даўшы пачатак новым поглядам або прыбраўшы перашкоды на іх шляху.

Перш за ўсё, Рэфармацыя шырока адчыніла дзьверы для сапраўднай хрысьціянізацыі эўрапейскага грамадзтва. Сярэднявечнае хрысьціянства па сваёй прыродзе было манаскім і адносілася з пагардай да сьвецкага жыцьця. Згодна з сярэднявечнай канцэпцыяй, сапраўдны хрысьціянін павінен зыйсьці з сьвету і стаць манахам. Жыцьцё па-за мурам манастыру лічылася нечым другасным і недухоўным. Таму манахі ізаляваліся ад сьвету, і, як вынік, уплыў хрысьціянства на штодзённае жыцьцё сьвецкага чалавека быў мінімальным. Рэфармацыя цалкам зьмяніла гэты падыход, пераканаўча паказаўшы, што сапраўднае пакліканьне хрысьціяніна заключаецца ў служэньні Богу праз служэньне бліжняму. Быць хрысьціянінам ня можа азначаць адмаўленьне ад сьвецкіх справаў, бо гэта было б раўназначным адмаўленьню Бога, Які стварыў гэты сьвет. Хрысьціянін пакліканы працаваць у сьвеце, каб адкупіць сьвет. Вера павінна выражацца ў канкрэтнай дзейнасьці ў сьвецкім жыцьці. "Тое, што падаецца сьвецкай працай, зьяўляецца на самой справе праслаўленьнем Бога і ёсьць тою пакораю, якая так прыемная Яму", - казаў аб гэтым Марцін Лютар. "Вобраз жыцьця кожнага чалавека прызначаны яму Богам, і любая праца можа выклікаць павагу і высока цаніцца ў вачах Бога", - працягваў Жан Кальвін. Усё гэта прывяло да зьяўленьня так званай пратэстанцкай этыкі працы - аднога з найбольш значных унёскаў Рэфармацыі ў фармаваньне заходняй цывілізацыі. Погляд на працу як на дастойны і адпаведны сродак узьвялічваньня Бога прывёў да таго, што краіны Паўночнай Эўропы, якія прынялі Рэфармацыю, у кароткі час дасягнулі велізарных посьпехаў у разьвіцьці эканомікі. Рэфармацыя, па словах Макса Вэбэра, выпрацавала ідэйныя ўмовы для разьвіцьця рынкавай эканомікі. Між іншым, капіяваньне зьнешніх атрыбутаў рынкавай эканомікі без прыняцьця яе духоўнага кампанэнту замест дабрабыту нараджае карумпаваны, крыміналізаваны, "дзікі" капіталізм.

Рэфармацыя зьмяніла ня толькі эканоміку, але і палітычнае аблічча Эўропы. Прынцыпы дэмакратыі, такія як выбарнасьць прадстаўнікоў улады, падзел і падкантрольнасьць розных галінаў улады і г.д. паходзяць з прынцыпаў пабудовы цэркваў кальвінскага вызнаньня. На некалькі стагодзьдзяў ідэалам рэспубліканскага дзяржаўнага ладу ў Эўропе была жэнеўская рэспубліка часоў Кальвіна. Ідэі Рэфармацыі далі пачатак таксама такім паняцьцям, як правы і свабоды чалавека. Ня меншы ўплыў мела Рэфармацыя на нацыянальнае жыцьцё. Кожны раз прыняцьцё народам біблійных прынцыпаў суправаджалася нацыянальным уздымам, вяло да незалежнасьці, як у выпадку Галяндыі ці Швэцыі, або падымала нацыянальную культуру, мову на дзяржаўны ўзровень, як гэта было ў Нямеччыне, Францыі, Англіі. Адным з прынцыповых патрабаваньняў рэфарматараў заўсёды было патрабаваньне шырокага ўжываньня роднай мовы.

Адзін з галоўных прынцыпаў аднаўленьня духоўнага жыцьця заключаецца ў непасрэдных адносінах з Богам, якія базуюцца на чытаньні і разуменьні Бібліі кожным чалавекам. Таму разьвіцьцё Рэфармацыі выклікала дынамічны рост колькасьці навучальных установаў ва ўсёй Эўропе. Кожная эвангельская царква імкнулася мець школу, у якой бы дзеці і дарослыя вучыліся чытаць, пісаць, лічыць і г.д. Лютаранская Швэцыя стала першай краінай, якая ўвяла ўсеагульную адукацыю на дзяржаўным узроўні. Вялікі ўплыў аказала Рэфармацыя на разьвіцьцё прыродазнаўчых навук, якія ў значнай ступені вызначаюць жыцьцё сучаснага грамадзтва. Вялікі аб'ём сацыялягічных даследваньняў паказаў, што эвангельскія хрысьціяне выявілі большую здольнасьць да прыродазнаўства і дакладных навукаў, чым, напрыклад, католікі. Прычынай гэтага стала багаслоўе, якое вітае і падтрымлівае вывучэньне прыроды. "Бельгійскае крэдо" галяндзкіх кальвіністаў аб'яўляла, што "прырода знаходзіцца перад нашымі вачыма як цудоўнейшая кніга, у якой усё створанае зьяўляецца літарамі, якія паказваюць нам нябачнага Бога". Ня дзіва, што Галяндыя XVII ст. была знакамітая сваімі фізыкамі і батанікамі.

Мы можам адназначна казаць, што ідэі Рэфармацыі сфармавалі заходнюю цывілізацыю. Але падобныя працэсы праходзілі ня толькі ў Нямеччыне, Галяндыі, Англіі. Рэфармацыя аказала ня менш сур'ёзны ўплыў і на жыцьцё беларускага грамадзтва. На вялікі жаль, большасьць людзей, нават знаёмых з гісторыяй Беларусі, успрымае Рэфармацыю як нязначны эпізод у гісторыі краіны. Аднак, калі мы паглядзім на XVI ст., дык кідаецца ў вочы, што пераважная большасьць выдатнейшых дзеячоў гэтай эпохі былі людзьмі Рэфармацыі. Гэта і Франьцішак Скарына, і Сымон Будны, і Васіль Цяпінскі, і Мікалай Радзівіл Чорны, і Ян Глябовіч, і Андрэй Волян, і Астафей Валовіч, і Леў Сапега, і многія-многія іншыя. Нават калі некаторыя зь іх непасрэдна і не належалі да эвангельскай царквы, уплыў ідэяў Рэфармацыі быў вызначальным у іх дзейнасьці. Таму мы не разьмінемся з гістарычнай праўдай, калі назавем XVI стагодзьдзе ў Беларусі гэтаксама, як і ў іншых краінах Эўропы, стагодзьдзем Рэфармацыі. На пачатку 2001 г. газэта "Наша Ніва" рабіла апытаньне пра самыя значныя падзеі ў гісторыі Беларусі. І вось выснова:

"За тысячу гадоў большасьць найважнейшых для Беларусі падзеяў і зьяваў сабралася ў XVI стагодзьдзі, якое яшчэ называюць Залатым Векам. Нашыя скарбы думкі, мастацтва, архітэктуры, нашая воля й сіла духу, нашая любоў да свайго краю галоўным чынам - там. У гэтым сэнсе мы - нацыя XVI стагодзьдзя".

XVI стагодзьдзе - гэта Залаты Век Беларусі, і разам з тым - гэта стагодзьдзе Рэфармацыі. На фоне ўсяго, што адбывалася ў Эўропе, цяжка не заўважыць сувязі паміж распаўсюджваньнем ідэяў Рэфармацыі і разьвіцьцём беларускага грамадзтва, фармаваньнем беларускай нацыі. Бо і Біблія Скарыны, і разьвіцьцё школьніцтва і кнігадрукаваньня, і зямельная, судовая, адміністрацыйная рэформы XVI ст., і Статуты ВКЛ, рост гарадоў, уздым культуры і эканомікі маюць сваёй прычынай ні што іншае, як ідэі Рэфармацыі, вяртаньня да першапачатковага, Божага погляду на чалавека і грамадзтва. Ускосна гэта пацьвярджаюць наступныя падзеі. Калі на пачатку XVII ст. беларускае грамадзтва адкінула Рэфармацыю, пачаўся трагічны пэрыяд гісторыі нашай краіны. На зьмену Залатому Веку прыйшло зьнішчэньне часоў Патопу, анархія, дэмаралізацыя грамадзтва, урэшце, страта дзяржаўнасьці. І прычынай гэтага былі ня толькі зьнешнія чыньнікі. Менавіта зьмяненьне духоўнага клімату ў краіне вызначыла няздольнасьць народу супрацьстаяць зьнешняй небясьпецы. У тым жа самым XVII ст. канчаткова згубіла сваю магутнасьць і веліч Гішпанія, паблякла Італія - краіны, катэгарычна не прыняўшыя Рэфармацыі, а зьнішчаная вайной за незалежнасьць, напалову затопленая морам кальвінская Галяндыя стала за некалькі дзесяцігодзьдзяў адной з самых уплывовых эўрапэйскіх дзяржаваў.

У кароткім дакладзе немагчыма зрабіць падрабязны аналіз уплыву Рэфармацыі на гісторыю Беларусі, на сусьветную гісторыю. Аднак усё сказанае паказвае, што менавіта Рэфармацыя стаяла ля вытокаў беларускай нацыі. У Бібліі, у кнізе прарока Ярэміі, ёсьць такія словы: "Спыніцеся на шляхах вашых, і разгледзьцеся, і запытайцеся пра шляхі старадаўныя, дзе шлях добры, і ідзіце па яму, і знойдзеце супакой душам вашым". Калі мы хочам, каб наш народ падняўся, каб заняў сваё месца між народамі, мы павінны зьвярнуцца да нашых каранёў і зноў пайсьці тым добрым шляхам, які ўжо паказаў сваю эфэктыўнасьць.