ДАКУМЭНТЫ |
Фундамант нашага хрысьціянскага набажэнства наступны: вучыць, верыць і вызнаваць пра кожную рэч гэтак, як вучыць, верыць і вызнае Сьвятое Пісьмо -- Стары і Новы Запавет. Таму і аб урадзе, дзеля якога зараз паміж намі - вернікамі ў адзінага Бога, палякамі й ліцьвінамі,- разгарэлася спрэчка, належыць вучьшь, верыць і вызнаваць ня інакш як пра тое падаецца ў Сьвятым Пісьме. Такім парадкам мы вучым і вызнаем- проста, коратка й шчыра, абапіраючыся на самога праўдзівага Бога і, як ужо казалі, на Яго Сьвятое Слова, сьведчаньні Яго Найсьвяцейшага Духа. Мы не азіраемся ні на якія іншыя аўтарытэты, ні на якіх вучоных - пабожных, сьвятых ці найсьвяцейшых людзей; нават не зважаем на цэлыя Зборы - слаўныя ці няслаўныя, старажытныя альбо нядаўнія. Найперш, кожны ўрад, улада і ўсе правіцелі - ад Бога. Незалежна ад таго, які паводле сваёй сутнасьці ўрад - добры ці злы, богабаязны ці, наадварот, сама высокі, сярэдні ці найніжэйшы - усялякі пастаўлены Богам. Бо сам Госпад Бог гэтак мовіў: "Хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца ад рукі чалавека" (1 Майсея 9:6), дазволіўшы, такім чынам, урад, які б караў парушальнікаў Закону. Менавіта гэтак тлумачыў згаданыя словы Апостал, калі пісаў да рымлянаў: "Няма ўлады не ад Бога; існуючыя ж ўлады пастаўленыя Богам" (Да Рымлянаў 13:1). Таму й Нэрон, і Навахуданосар і Геліягабал, і Ірад, і ўсе астатнія яшчэ горшыя за іх, што жылі некалі сярод хрысьціянаў і паганцаў,- усе пастаўленыя Богам, усе атрымалі моц і ўлалу акурат ад Яго. Пацьвярджаў гэта і Сам Госпад Хрыстос, калі, зьвярнуўшыся да ерусалімскага старасты, мовіў; "Ты ня меў бы над Мною аніякай улады, калі б не было табе дадзена зьверху" (Яна 19:11). Мы гэтаксама, у адпаведнасьці са Сьвятым Пісьмом, вучым і вызнаем, што ўсе каралі і іншыя найвышэйшыя ўрадоўцы - Божыя слугі, прызначаныя ім пастары, Ягоныя памазанцы. Усе пералічаныя азначэньні ўрадоўцаў знаходзім у Божым Слове. Так, Сьвяты Павал называе кожнага зь іх, тройчы ў адным месцы, слугамі альбо служэбнікамі Божымі (Да Рымлянаў 13:5-6). І тытулуе іх не наймітамі, а пачцівымі слугамі, ужываючы тэрмін diaconos, а не dulos, які азначае нявольнік. або раб. У дадатак ён называе ўрадоўцаў літургамі, што больш ганарова. Гэтак урад і ўрадоўцаў уздымае Апостал. Сам жа Госпад Бог з большай пачцівасьцю ставіўся да пэрскага караля Корэша, ці Кіра, тытулуючы яго пастарам і памазанцам (Ісайі 45:1). Ён жа і Майсея двойчы называе богам -- першы раз у 16 вершы 4 разьдзела кнігі Зыход і другі, дзе гаворыць: "Я паставіў цябе богам фараону, а Аарон брат твой, будзе тваім прарокам" (2 Майсея 7:1). Сьвяты Дух пра ўсіх начальнікаў напісаў у псальме "Бог стаў у сонме багоў; сярод багоў учыніў суд" (Псалтыр 32:1), а крыху ніжэй: "Я сказаў: вы - багі і сыны Ўсявышняга ўсе вы" (Псалтыр 32:6; Яна 10:34). Мы вучым і вызнаем, што ўсе без выключэньня абываталі якой-кольвек зямлі, найперш хрысьціяне, павінны быць узорнымі падданымі і слухацца найвышэйшага гаспадара - імпэратара, цара альбо караля ці іхніхнамесьнікаў - і ставіцца да іх з вялікай пачцівасьцю. Супроць іх нельга паўставаць, бунтаваць ці дапамагаць бунтаўнікам. Нават калі пан - тыран (ад чаго крый Божа), калі ён без віны сільнічае сваіх падданых, забірае маёмасьць ці ўвогуле забівае. У любым выпадку няможна чыніць аніякіх забурэньняў і падтрымліваць тых, хто заклікае не падпарадкоўвацца. Заўжды належыць бараніць сваіх гаспадароў ад бунтаўнікоў на ўзор сьвятога мужа Мардахея й сьвятой каралевы Эстэры (Неsthегу). Гэтаксама паступаў і Давыд. Ён мог двойчы забіць свайго гаспадара Саўла і дастаць каралеўства, на якое быў памазаны, але ён сцярпеў. Калі ягоныя людзі раілі яму зарэзаць соннага Саўла, то Давыд, наадварот, адказаў ім: "Ды не дапусьціць мне Госпад зрабіць гэта гаспадару майму, памазаніку Божаму, каб паклаў руку маю на яго. Бо ён - памазанік Божы" (2 Майсея 24:7). I цяпер кожны падданы не павінны выступаць наперакор свайму пану ці каралю. Не зважаючы на зьдзек, уціск ці нават сьмерць ад яго, ня можа падымаць рукі на яго. Вялікае зло чынілі і не ў хрысьціянскім звычаі дзейнічалі халопы Нямеччыны, калі ў 1525 г. паўсталі супроць сваіх ІІаноў. Аднак Бог не спрыяў ім: у розных бітвах загінула блізу 100 тысяч сялянаў. Стапрэды, ротманы й іншыя, што зачыніліся ў Вэстфальскім манастыры і абралі сабе кіраўніком Голандра, нарабілі дужа зашмат зла, Але ўрэшце й самі яны склалі галовы. У адрозненьне ад іх, добра чынілі сыны Ізраэлевы, калі апынуліся ў цяжкой няволі. Іх прымушалі замешваць цэглу й будаваць замкі, а народжаных сыноў сілай забіралі й забівалі. Але яны і ў гэтакіх невыносных абставінах не паўсталі і не чынілі аніякіх разбурэньняў, адно толькі з плачам зьвярталіся да Бога сваіх продкаў. Яшчэ вызнаем і вучым, што падданыя мусяць маліцца Богу за караля і за іншых паноў, не зважаючы на тое, хрысьціяне яны ці не. Так, бабілёнскі цар быў няверны, але ізраэльцы маліліся за яго і ягонае царства (Ярэміі 29:7). Ведаем, якія каралі былі ў часы Апосталаў, аднак Павал у Лісьце да Цімахвея пісаў: "Прашу, найперш, каб чынілі малітвы, прашэньні, падзякі за ўсіх людзей. За цароў і за ўсіх правіцеляў, каб жыць нам у побажнасьці й чысьціні. Бо гэта добра й прыемна Спасу нашаму Госпаду" (1 Цімахвею 2:1-3). Хрысьціяне павінны маліцца Пану Богу за ўсіх гаспадароў, не дазваляць аніякай абразы іх. Нельга лаяць, сарамаціць ці праклінаць свайго пана, бо сам Бог у Законе забараніў гэта, кажучы: "Судзьдзяў не абгаворвай, і гаспадара над народам тваім не асуджай" (2 Майсея 22:28). Таму правільна паступіў Давыд, загадаўшы забіць Шымея, сына Герэя, які пярэчыў яму. Гэтаксама слушна зрабіў Салямон, калі выканаў запавет свайго бацькі, дазволіўшы замардаваць яго. Бо, як кажа Апостал, слуга Божы носіць меч не дарэмна (Да Рымлянаў 13:5). Вызнаем і вучым, што ўсе падданыя, асабліва хрысьціяне, павінны плаціць і аддаваць сваім панам і каралям розныя падаткі - чынш, паборы, пошліну, мыта, перавоз і інш. Падданыя абавязаныя без пярэчаньняў ісьці на вайсковую службу (Мацьвея 22). Сам Хрыстос плаціў падаткі, хоць мог і не даваць іх, бо паходзіў з царскага роду, і іншым загадваў плаціць: "Аддавайце кесару кесарава, а Богу Божае" (Мацьвея 22:21). Гэтак жа вучыў і яго пасьлядоўнік Апостал Павал: "Аддавайце кожнаму тое, што належыць. Каму падатак - падатак. Каму аброк-аброк. Каму страх - страх. Каму гонар -гонар. Не заставайцеся нікому ні ў чым вінныя, апрача ўзаемнай любові" (Да Рымлянаў 13:7-8). Вызнаем і вучым: паколькі ўрад добрая, патрэбная й карысная рэч, то ён можа быць у Хрыстовым Зборы, вядома, калі ён дадзены ам Богам. Але, калі Госпад Бог не даў Збору ўрадоўца, дык нельга гвалтам дамагацца яго. Належыць бездакорна падпарадкоўвацца таму ўрадоўцу, якога паставіў Госпад Бог на той зямлі, дзе знаходзіцца Збор. Як, да прыкладу, Ізраэльскі Збор, знаходзячыся ў Бабілёне, заставаўся падуладны Навахуданосару (Данііла 1:2), Бальтазару, Кіру (Ездры 1:1) і іншым, падобным да іх. Апосталы ды іх вучні ня ставілі сабе каралёў і іпшых урадоўцаў, а падпарадкоўваліся тым, якіх прызначыў Госпад Бог, напрыклад, Іраду (Дзеяньні 12), Агрыпу (Дзеяньні 26), Тыберыю, Нэрону. Гэтак і цяпер мусяць паводзіць сябе хрысьціяне: быць узорнымі падданымі, служыць і ва ўсім слухацца ўрадоўцаў, дадзеных Богам. Апрача выпадкаў, калі кароль ці іншы ўрадовец прымушае чыніць штосьці супроць Бога і Ягонага Слова. Тады лепей быць забітым, чымся слухацца гаспадара, бо Госпад Хрыстос вучыў аддаць кесару ня ўсё, а толькі кесарава. Сьвятыя Апосталы даводзілі да бязбожных урадоўцаў, што ім належыць слухацца Бога, а не людзей (Дзеяньні 4:10, 29). Гэтак і цяпер трэба папраўдзе чыніць! Вызнаем і вучым, што кожны сапраўдны хрысьціянін можа трымаць урад і служыць урадоўцам. КалІ каго-небудзь Эвангельле захопіць на ўрадзе, то ня трэба пакідань і бегчы ад яго. Наадварот, належыць заставацца на ўрадзе, як піша Апостал да Карынцянаў: "Кожны заставайся ў тым званьні, у якім пакліканы" (I Да Карынцянаў 7:20). Усе каралі з прыняцьцем Хрысьціянства павінны заставацца каралямі. Гэтаксама ваяводы ваяводамі, старасты старастамі, гетманы гетманамі, ратмістры ратмістрамі, войты войтамі, бурмістры бурмістрамі. Заўжды ўсе ўрадоўцы, ад найвышэйшага да найніжэйшага, калі яны верныя хрысьціяне, павінны мець, як і прыватныя асобы, пакаяньне, сьмерць, адмаўленьне ад старога Адама і прыняцьце новага, аднаўленьне і новае нараджэньне. Хрысьціянскі кароль не павінны, аднак, быць гэтакім, як паганін. Князь або князі, ды і ўсе іншыя ўрадоўцы, калі яны хрысьціяне, мусяць адрозьнівацца ад паганскіх урадоўцаў. Калі ж хтосьці лічыць, што хрысьціянскі манарх або ваявода, гетман, ратмістр, дзясятнік можа быць гэтакі ж, як і паганскія ўрадоўцы, то адкажу ім проста: хрысьціянін ня можа займаць такой пасады. Паганін бывае каралём з тою мэтай, каб яму ўсе кланяліся, служылі, несьлі золата, срэбра, каштоўныя камяні, папаўнялі яго скарбонкі іншымі дарагімі рэчамі. Ён жа прымушае сваіх падданых плаціць яму велізарныя падаткі. Хрысьціянскі кароль, вядома, усё можа мець: і золата, і грошы, і каштоўныя камяні, і дарагія шаты (калі Бог тое стварыў недарэмна і не для бэстыяў). Аднак, у адрозненьне ад паганіна, ён ня мае права атрымліваць тыя скарбы зь непамернага абцяжараньня падданых. Хрысьціянскі кароль мусіць быць богабаязны, справядлівы, міласэрны, бо напісана: "Міласэрнасьць і праўда сьцерагуць цара, і міласэрнасьць - апірышча сталіцы яго" (Прыповесьці 20:28). Ён павінны бараніць удоў, убогіх і сірот; сачыць, каб судзілі ў адпаведнасьці з законамі, заснавамымі на Сьвятым Пісьме; не памыляцца, прызначаючы судзьдзяў; не распачынаць вайны дзеля пашырэньня сваіх уладаньняў, а ўступаць у бойку толькі тады, калі вымушаюць акалічнасьці, калі неабходна абараніць падданых- Адным словам, хрысьціянскі гаспадар павінны кіравацца інтарэсамі ўсяе дзяржавы, усіх абываталяў, а ня толькі ўласпай карысьцю. Узорным гаспадаром быў юдэйскі цар Давыд, а гэтаксама Язафат і Езэкія. Хрысьціянскі гаспадар павінны дбаць пра памнажэньне Божае хвалы, каб падданыя не жылі бяз веданьня адзінага праўдзівага Бога й Ягонага Сына Ісуса й не цярпелі таго голаду, якім сам Бог пагражаў цераз Амоса: "Вось надыходзяць дні, кажа Госпад Бог, калі Я пашлю на зямлю голад. Але ня голад бяз хлеба, ня прагу вады, а прагу слуханьня слоў Гасподніх" (Амоса 8:11). Найвышэйшы гаспадар, калі ён хрысьціянін, абавязаны сьцерагчы сваіх падданых ад паганства, выкараняць балванаў зь іх сэрцаў. Сьвятое Пісьмо хваліць акурат Езэкію, які нішчыў балванаў; нават таго меднага вужа, якога зрабіў Майсей на загад Бога (4 Майсея 21:8-9). Ён зьнішчыў вужа й ператварыў яго ў пыл (2 Царстваў 18:3-4). Хрысьціянскаму гаспадару належыць сачыць за тым, каб непатрэбныя гультаі, якіх поўна ў нашай Сармацыі й безьліч ва ўсёй Эўропе, ня елі дарам хлеба. Трэба таксама клапаціцца пра ўбогіх і сірот, каб яны ад голаду, а зімой ад холаду не цярпелі і нідзе пад платамі не паміралі. Гаспадар абавязаны прымусіць лайдакоў і нядбальцаў працаваць, а калі яны пачнуць хавацца, указаць ім дарогу са сваёй зямлі, бо напісана: "Мудры кароль разгоніць бязбожнікаў" (Прыповесьці 20:26). Справа гонару хрысьціянскага гаспадара - акружаць сябе мудрымі, вучонымі і вернымі людзьмі, якія б заўжды маглі дапамагчы ці ладказаць штосьці ў складаных абставінах. Не выпадкова Сьвятое Пісьмо ўхваляе звычай пэрсаў і медаў, якія ля караля заўжды мелі вучоных людзей, што выдатна ведалі права і ўсе законы. Салямон кажа: "Без парады намеры не спраўдзяцца, а пры мностве дарадцаў яны зьдзейсьняцца" (Прыповесьці 15:22). Каралю-хрысьціяніну пільна неабходна чытаць Сьвятое Пісьмо, бо й сам Бог праз Майсея загадваў: "Але калі ён узыдзе на трон, павінны зрабіць для сябе сьпіс Закону таго з кнігі, што знаходзіцца ў сьвятароў лявітаў. I няхай ён будзе ў яго, і няхай ён чытае яго ва ўсе дні свайго жыцьця, каб навучыцца баяцца Госпада, Бога свайго, і імкнуцца выконваць усе словы Закону гэтага і пастановы гэтыя" (5 Майсея 17:18-19) [40). У тыя даўнія часы Бог загадваў каралям чытаць толькі Закон, бо іншых кнігаў тады не было. А цяпер яны павінны чытаць Біблію цалкам, г. зн. усе кнігі Прарокаў і Апосталаў. Яны могуць гэтаксама чытаць паганскія кнігі, найперш даўніх і нядаўніх гісторыкаў, каб ведаць, як жылі раней. Бо Цыцэрон напісаў: "Хто ня ведае таго, што дзеялася на сьвеце даўней, той заўсёды будзе рабом". Вышэй пералічылі абавязкі каралёў і ўсіх найвышэйшых гаспадароў. Цяпер скажам аб павіннасьцях ваяводаў, старастаў і судзьдзяў. Ім гэтаксама належыць быць богабаязнымі, справядлівымі, сумленнымі і міласэрнымі. Яны мусяць ведаць законы, мень высокую адукацыю, быць акуратнымі і спраўнымі, а галоўнае - ня ласымі на чужое і ня хцівымі. Ім сам Бог у Сьвятым Пісьме даў навуку: "Каб судзьдзі судзілі народ судом праведным. Не перакручвай закона, не зважай на асобаў і не бяры хабару. Бо хабар сьлепіць вочы мудрых і перакручвае словы справядлівых. Праўды, праўды шукай, каб ты жыў і валодаў зямлёю" (5 Майсея 16:18-20). Тым жа звычаем і Майсей, зьбіраючыся паміраць і згадваючы ўсяму ізраэльскаму войску пра колішнія часы, наконт судзьдзяў мовіў: "I я сказаў вам у той момант - не магу адзін вадзіць вас. Бог вас памножыў, і вось вас зараз столькі, як зорак у небе. Як жа мне аднаму насіць ваш цяжар, праблемы вашыя і спрэчкі вашыя! Выберыце сабе з кожнага калена сталых мужоў - мудрых і вопытных - і я прызначу іх начальнікамі. I сказалі вы мне: добрую справу ты загадваеш учыніць. І ўзяў я галоўных з каленаў вашых, мужоў мудрых і з досьведам, і паставіў іх урадоўцамі над вамі - тысячнікамі, сотнікамі, дзясятнікамі і старэйшымі ў кожным калене. I даў я загад судзьдзям вашым у той час, кажучы: выслухоўвайце братоў вашых і судзіце па справядлівасьці, як брата з братам, гэтак і чужынцаў. Не рабіце розьніцы на судзе між асобамі. Як малога, гэтак і вялікага выслухоўвайце. Ня бойцеся твару чалавечага, бо суд - - справа Божая. А справы, якія для вас цяжкія, - прыносьце мне, і я выслухаю кожнага" (5 Майсея 1 :9 - 13). Паслухаем аб тым і Іяфора, Майсеевага цесьця. Ен, пабачыўшы ўвесь люд, - болей за 100 тысячаў, які Майсей адзін судзіў, нярэдка да позьняга вечара, сказаў яму: "Няправільна ты гэта робіш. Ты пакутуеш сам і пакутуе твой народ. Бо надта цяжкая для цябе гэтая справа: ты адзін ня можаш справіцца зь ёю. Паслухайся слоў маіх, я дам табе параду, і будзе з табою Бог. Будзь ты для народу пасярэднікам перад Богам і перадавай Богу справы яго. Вучы іх артыкулам і Законам Божым, паказвай ім шлях Яго, па якім яны павінны ісьці, і справы, якія яны павінныя чыніць. Ты ж выберы з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўдзівых, не карысьлівых, ды пастаў іх над астатнімі тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясятнікамі і дзясятнікамі" (2 Майсея 18:17-21). Пра тое, якія павінны быць каралі, судзьдзі і ўсе ўрадоўцы, досыць шмат пісалі вучоныя людзі, паганскія філёзафы - Плятон, Арыстотэль, Ісакрат і цяперашнія - Эразм Ратэрдамскі, Рэйнгард Ларыхі, а асабліва наш Андрэй Фрыч ды інш. Тутака я вызначыў абавязкі ўрадоўцаў не затым, каб навучыць усіх каралёў і паноў. Я фактычна толькі давёў, якіх каралёў, сэнатараў і іншых урадоўцаў можна дапускаць да Хрыстовага Збору і да сьвятых-сакрамантаў. Такім парадкам, мы дапускаем і дапускаць будзем заўжды да Хрыстовага Збору людзей усіх станаў: каралёў, імпэратараў, князёў або княжат, гетманаў, ваяводаў, графаў, старастаў, намесьнікаў, бурмістраў, войтаў, нават жаўнераў, і наогул усіх іншых службовых асобаў і ўрадоўцаў - вялікіх, малых і найменшых. Кожны мае права належаць да Хрыстовага Збору, але, вядома, ня кожны зможа, а толькі тыя, што моцна й шчыра паверылі пачутаму Слову Божаму, што каюцца за сваё ранейшае жыцьцё, выкаранілі зь сябе старога Адама і прынялі новага, ды жывуць добра, справядліва й пабожна, гэтак, як гаварыў Апостал: "Навучаючы нас, каб разважліва, праведна і богабаязна жылі мы ў цяперашнім веку, адцураўшыся бязбожнасьці й пажадлівасьці сьвету, ждучы шчаснае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога й Збаўцы нашага Ісуса Хрыста" (Да Ціта 2:12 -13). Гэтакіх мы гатовыя прымаць, не зважаючы на тое, хто ёсьць цар як Давыд (Псалтыр 89:20) ці судзьдзя як Самуіл (1 Царстваў 12), ці гетман або ратмістр як Карнэлі (Дзеяньні 10), ці сэнатар як Язэп з Арыматэі (Маркі 15;43), ці княжыч як Нікадым (Яна 3), ці сэнатар як Сергі Павал (Дзеяньні 13), ці мытнік як Закхей (Лукі 19), ці мескі слуга як вартавы вязьніцы ў горадзе Філіпы (Дзеяньні 16), ці падскарбі або охмістр як негар-еўнух, вяльможа каралевы Кандакіі, ці шафар як Эрастыс. Вось гэта і ёсьць нашае Вызнаньне аб каралях і наогул усіх урадоўцах, узятае з грунтоўнага Божага Слова. Многія, згодныя з артыкуламі нашага вучэньня, вызнаюць разам з намі, што кожная ўлада ад Бога, таму ўсіх начальнікаў належьшь паважаць. Мы павінны іх слухацца, выплочваць і ўносіць усе падаткі, паборы, чынш, адным словам, ні ў чым не супрацівіцца. Усё, аб чым вышэй ішла гаворка, многія разам з намі вызнаюць. Аднак шэраг выступае супроць нашага сьцьверджаньня, што кожны хрысьціянін з добрым сумленьнем можа быць на ўрадзе і караць злачынцаў мечам, а гэтаксама, што Хрыстовы Збор можа мець урадоўца з мечам, калі яго паставіў Бог. Нязгодныя з гэтымі дзьвюма прапазыцыямі выступаюць, вучаць і пішуць супроць нас, выдаючы з друку свае творы. Яны даводзяць свае думкі, як і належыць, Сьвятым Пісьмом, а нашыя, тым жа шляхам, бураць.
Таму мы задумалі яскрава паказаць, з дапамогай Божай, што іхнія довады не такія ўжо й моцныя, а нашыя не такія слабыя, як яны кажуць і пішуць.
Напачатку, каб палеміка ішла парадкам, прывядзём іхнія довады, без якой-небудзь хітрасьці, нічога не адкідаючы і не апускаючы, а гэтак, як яны самі падаюць у сваіх кнігах ці размовах. Пасьля, абапіраючыся на Слова Божае, дамо свае адказы на іх. Затым, як адкінем іх довады, у чым дапаможа нам Бог, падамо нашыя і падмацуем іх Словам Божым.
Калі апанэнтам штосьці не спадабаецца ў даным трактаце, то яны маюць права сказаць пра гэта ў сваіх новых творах, як і мы, зараз і потым вольныя ў тым жа будзем. Паводле Саверчанка І.В. Сымон Будны. Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993. с. 202-211 |