АСОБЫ

Рэфарматар Жэневы

Тоні Лэйн

Жан Кальвін нарадзіўся ў 1509 годзе ў Наёне (Паўночная Францыя). Ён навучаўся ў Парыскім, Арлеанскім і Бругскім унівэрсітэтах, дзе зрабіўся прыхільнікам Эразма Ратэрдамскага. У 1532 годзе ён сам напісаў акадэмічную працу ў духу гуманізму (камэнтар да сачыненьня рымскага філёзафа Сэнэкі "Аб міласэрнасьці" - "de Clementia"), якая ня спраўдзіла ягоных надзеяў і не аказала значнага ўплыву. Прыблізна ў гэты ж самы час Кальвін перажыў навярненьне:

Так як я быў упарта адданы забабонам папства, каб быць зь лёгкасьцю выцягнутым з дрыгвы, Бог нечаканым навярненьнем падпарадкаваў і вывеў маю сьвядомасьць у сфэру навучальнасьці, хоць мае здольнасьці да навучаньня былі больш закасьнелымі, чым гэтага можна было чакаць у гэты раньні пэрыяд майго жыцьця.

Ён адразу ж пасьвяціў сябе вывучэньню тэалёгіі. У 1533 годзе ён далучыўся да памяркоўнага пратэстанцкага выступу, які быў прамоўлемы ў Парыскім унівэрсітэце новым рэктарам Ніколам Капам. Кальвіну давялося тэрмінова ўцякаць з гораду. У наступным годзе цэлы шэраг "плякатаў" быў разьвешаны паўсюль у Парыжы: адзін нават на дзьвярах каралеўскай спальні, калі верыць паведамленьням таго часу. Кароль Францыск І быў разгневаны і пачаў жорсткі перасьлед прадстаўнікоў эвангельскага руху. Кальвін пакінуў Францыю і спыніўся ў Базэлі, дзе пачаў займацца дасьледаваньнямі і пісаць. Да лета 1535 году ён скончыў першае выданьне сваіх "Інстытуцыяў" ("Настаўленьні ў хрысьціянскай веры"). Аднак мірнае жыцьцё навукоўца было для яго кароткім. У 1536 годзе ён знаходзіўся на шляху ў Стразбур, калі вайна ў той мясцовасьці прымусіла яго паехаць аб'езным шляхам праз Жэневу, адно з лёсавызначальных скрыжаваньняў у эўрапейскай гісторыі, як было кім-сьці сказана. Жэнева толькі што прыняла Рэфармацыю, часткова гэта было зроблена з палітычных меркаваньняў. Кальвін меркаваў спыніцца там толькі на адну ноч, але Фарэль, кіраўнік жэнеўскіх рэфарматараў, згадзіў яго застацца.

Пасьля таго як ён даведаўся, што сэрца маё схільнае да прыватных дасьледаваньняў, з дапамогай якіх я хацеў бы засьцерагчы сябе ад наступных спакусаў, ён [Фарэль], выказаў засьцярогу, што Бог пракляне маё імкненьне да спакою, калі я зьеду і адмоўлю ў такой неадкладнай дапамозе. Я быў так ашаломлены гэтым праклёнам, што адмовіўся ад свайго падарожжа.

Кальвін нёс служэньне ў Жэневе ад 1536 да 1538 году. Аднак на той час ён быў яшчэ вельмі нясталым і імпульсыўным. Рознагалосьсі ў пытаньні царкоўнага кіраваньня прывялі яго да ссылкі і ад'езду ў Базэль, дзе ён хацеў аднавіць свае заняткі. Аднак гэтаму не наканавана было ажыцьцявіцца. Марцін Буцэр пачаў пабуджаць яго прыехаць у Стразбур, каб стаць служылым у невялікай грамадзе, якая складалася з уцекачоў французаў. Кальвін супраціўляўся, пакуль Буцэр не пачаў пагражаць яму прыкладам Ёны. Кальвін няхочучы пагадзіўся. Нягледзячы на беднасьць, гады, прабаўленыя ў Стразбуры, не былі такімі ўжо непрыемнымі. Ён быў у зносінах з Буцэрам і іншымі рэфарматарамі і меў з гэтага велізарную карысьць. Пазнаёміўшыся з Мэланхтонам, ён здолеў узяць удзел у сустрэчах паміж пратэстантамі і каталікамі ў 1539 і 1541 гадах. Ён таксама ажаніўся з удавой навернутага з анабаптыстаў. Пакуль Кальвін знаходзіўся ў Стразбуры, царква ў Жэневе апускалася ўсё ніжэй. У рэшце рэшт, у 1540 годзе магістрат у адчаі папрасіў яго вярнуцца. Ён меў жахлівы стан духу, бо раней ён так выказваўся пра сваё вяртаньне ў Жэневу: "Я адам перавагу ста іншым тыпам пакараньня, чым таму крыжу, на якім я мушу ўкрыжоўвацца там, тысячу разоў на дзень". Пазьней, аднак, "сур'ёзны і адказны погляд на мае абавязкі перамог і прывёў да рашэньня вярнуцца ў статак, з якога я быў адрынуты, але Госпад - сьведка, зь якой тугой, сьлязьмі, вялікім непакоем і адчаем я зрабіў гэта."

Кальвін вярнуўся ў Жэневу ў 1541 годзе. Страхі яго апраўдаліся цалкам. Ён мусіў весьці доўгую і жорсткую бітву за духовую самастойнасьць жэнеўскай царквы і ўвядзеньня жорсткай дысцыпліны. Тыя правілы, якія ён імкнуўся ўсталяваць (уключаючы нашэньне канкрэтнай вопраткі і забарону на танцы), былі пераважна традыцыйнымі сярэднявечнымі правіламі. Новаўвядзеньне ж было ў тым, што ён насамрэч вырашыў увасобіць іх у жыцьцё, і ўвасобіць ва ўсім жэнеўскім грамадзтве, не выключаючы і кіроўнага стану. На працягу многіх год Кальвін сутыкаўся з жорсткім супрацівам магістрату, аднак у рэшце рэшт ягоныя апанэнты былі пераможаныя і рада ў горадзе стала выступаць на баку Кальвіна. У апошнія гады свайго жыцьця ён быў вельмі паважаным чалавекам, хоць ягоныя правілы не заўсёды выконвалі. Памёр ён у 1564 годзе.

Пра Кальвіна ніколі не існавала добрай думкі. Ён пісаў пра сябе ў 1559 годзе: "Не было ніводнага чалавека, на якога бы так нападалі, джалілі і разрывалі паклёпам". Словы гэтыя былі больш прарочымі, чым ён мог сабе гэта ўявіць. Яго асуджалі нават за прыхільнасьць да дактрыны аб перадвызначэньні, у якой з такой выразнасьцю навучаў Аўгустын, большасьць сярэднявечных тэолягаў і ўсе рэфарматары. Праўдзіва тое, што Кальвін засяродзіў увагу на некаторых яе пастулятах, аднак ён не пераходзіў межаў, за якія выходзілі некаторыя сярэднявечныя тэолягі. Пазьней яго прыніжалі за страту герытыка Сэрвета (за адмаўленьне ад дактрыны Троіцы), хоць ягоныя сучасьнікі за гэта пляскалі яму ў далоні, пляскалі многія з тых, каго зараз лічаць сьвятымі (напрыклад Томас Мор) і якія ў той час перасьледавалі герытыкоў значна больш разьюшана, чым Кальвін. Судзіць Кальвіна патрэбна з улікам часу ў якім ён жыў. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён зрабіўся "дыктатарам Жэневы", хоць нават на росквіце ягонай улады ён меў хутчэй маральныя паўнамоцтвы, чым юрыдычныя, і перад кожнай публікацыяй сваіх кнігаў ён павінны быў атрымліваць ухвалы гарадзкой рады. Безумоўна, ён ня быў дасканалым. Ён сам прызнаваў, што пакутваў на кепскі тэмпэрамант. Ён быў нецярпімы, мяркуючы, што апазыцыя яго вучэньню ёсьць апазыцыяй Слову Божаму. Гэтую аблуду падзялялі многія ў той час і падзяляюць да гэтага дня. У некаторай ступені дрэнная рэпутацыя Кальвіна - гэта заслуга ягоных вучняў, якія часта парушалі выразную раўнавагу ягонай тэалёгіі, робячы дактрыну аб перадвызначэньні цэнтрам і асновай вучэньня, у той час як сам Кальвін адводзіў ёй сваё асаблівае месца.

Кальвін перамяніў Жэневу. Шатляндзкі рэфарматар Джон Нокс абвесьціў яе "самай дасканалай школай Хрыста, якая толькі існавала на зямлі з апостальскіх часоў. Лічу, што і ў іншых месцах Хрыста ісьцінна прапаведавалі, але такой шчыра рэфармаванай рэлігіі я ня бачыў ні ў якім іншым месцы". Гэта было вынікам строгай дысцыпліны, уведзенай Кальвінам. Тым жа, каму гэта дысцыпліна не падабалася, Кальвін раіў "пабудаваць такі горад, у якім яны хацелі б жыць, бо яны ня хочуць жыць тут пад уладай Хрыста". Гэта было вынікам масавага наплыву ў гэты невялікі горад французаў і іншых уцекачоў, якія захапляліся Кальвінам. Кальвін больш за ўсё перажываў за сваю Бацькаўшчыну (Францыю), і многія, хто прыяжджаў у Жэневу, вярталіся ў Францыю, каб стаць там пастарамі французкіх пратэстанцкіх цэркваў, колькасьць якіх пастаянна павялічвалася. Для іх падрыхтоўкі Кальвін заснаваў Акадэмію, прадвесьніцу сучаснага жэнеўскага ўнівэрсітэта, скарыстаўшы мадэль адукацыі, якую ён бачыў у Стразбуры.

Са значнай часьцінай справядлівасьці Кальвін сьцьвярджаў, што ён "мае натуральную любоў да лаканічнасьці". Быў адным з самых плённых пісьменьнікаў у гісторыі царквы, гэтулькі мог напісаць толькі чалавек, які цалкам пасьвяціў сябе акадэмічнай працы. Творчасьць Кальвіна была б непасільнай працай для двух іншых менш працаздольных людзей. Нягледзячы на шматлікія абавязкі ў Жэневе, ён быў самым важным прадстаўніком міжнароднай сеткі рэфарматарскіх цэркваў. Лісты яго складаюць многія салідныя тамы, а сьпіс яго рэспандэнтаў выглядае як даведнік "Хто ёсьць хто" ў рэфарматарскай Эўропе.

Кальвін напісаў мноства палемічных трактатаў. Некаторыя зь іх былі накіраваныя супраць анабатпыстаў. Галоўная ж крытыка прызначалася каталіцызму. У 1539 годзе, пасьля таго як Кальвіна выслалі з Жэневы, кардынал Садале напісаў жыхарам Жэневы, заклікаючы іх вярнуцца ў лона рымскай царквы. Ліст гэты быў пераказаны Кальвіну, які напісаў (за адзін дзень!) "Адказ Садале" - адну зь лепшых сваіх працаў. Ён таксама апублікаваў "Дзеі" першых паседжаньняў Трыдэнцкага сабору, разам з "Супрацьядзьдзем". Сатыра Кальвіна была гэткай жа зьедлівай, як і сатыра Эразма Ратэрдамскага. Гэта відаць зь яго твора "Угаворы", у якім ён паказвае, наколькі быў бы карысны для хрысьціянскага сьвету поўны каталёг целаў і мошчаў сьвятых.

Яшчэ раз давайце разгледзім, якая колькасьць кавалкаў [крыжу] на ўсей зямной кулі. Просты пералік іх, а я маю поўны каталёг, без сумневу, займе добры том. Няма такога гораду, нават самага нязначнага, у якім бы не было хоць бы трэскі ад яго, і гэта датычыцца ня толькі галоўных катэдральных касьцёлаў, але таксама і парафіяльных. Няма такога абацтва, якое б ня мела кавалачка. Некаторыя месцы маюць больш буйныя кавалкі, як, напрыклад, саборы ў Парыжы, Пуацье і Рыме, дзе ўкрыжаваньне прыстойных памераў, як сьцьвярджаецца, цалкам складаецца з таго крыжу. Карацей кажучы, калі б гэтыя кавалкі можна было бы сабраць да кучы, то імі было б магчыма загрузіць цэлы карабель, хаця Эвангельле сьведчыць аб тым, што крыж гэты мог несьці адзін чалавек. Якая бессаромнасьць - засыпаць увесь сьвет гэтымі кавалкамі, для якіх спатрэбілася б больш за трыста чалавек, каб зьнесьці іх! ... Мала таго, што яны выстаўляюць перад загрубелымі і неадукаванымі людзьмі кавалак простага дрэва, прэзэнтуючы яго, як квалак крыжу, яны заяўляюць, што гэты кавалак годны ўсялякага пакланеньня. Гэта проста д'ябальская дактрына.
"Трактат аб мошчах"

Кальвін рэгулярна прапаведаваў на працягу ўсяго часу перабываньня ў Жэневе. З 1549 году ягоныя казані занатоўваліся стэнаграфістамі. Некаторыя зь іх былі апублікаваныя ў XVI ст., але большая частка заставалася ў Жэнеўскай бібліятэцы ў рукапіснай форме. Неверагодна, але ў 1805 годзе іх вырашылі прадаць на вагу, і тры чвэрці зь іх загінулі. Тыя ж, што перажылі гэту падзею, пасьля былі апублікаваныя. Кальвін напісаў камэнтары да многіх кнігаў Бібліі: ад Кнігі Роду да Ісуса Навіна, на ўсіх прарокаў, акрамя Эзэкіля, і на ўвесь Новы Запавет, за выключэньнем 2 і 3-га пасланьняў Яна і Адкрыцьця. Гэтыя камэнтары часта грунтаваліся на ягоных папярэдніх казанях ці лекцыях. Камэнтары Кальвіна - адны з нешматлікіх, -- да гэтага часу маюць вялікую каштоўнасьць для тых, хто сапраўды хоча зразумець значэньне тэксту (у адрозьненьне ад іншых камэнтароў, якія лепш чытаць дзеля настаўленьня). Гэта адзіны аўтар, якога без сумневу можна назваць і першаклясным тэолягам і першаклясным камэнтатарам.

Найбольш вядомы Кальвін сваім творам "Настаўленьне ў хрысьціянскай веры" (якое часта завуць "Інстытуцыі").У пэрыяд жыцьця самога Кальвіна кніга вытрымала 4 выданьні. Першае выданьне 1536 году, было кнігай кішэннага фармату. Яна мела шэсьць разьдзелаў, 4 першыя былі падобныя да лютаравага катэхізісу. У апошнюю хвіліну Кальвін дадаў прысьвячэньне каралю Францыску І, які перасьледаваў францускіх прадстаўнікоў эвангельскага руху і называў іх анабаптыстамі. Кальвін прысьвяціў гэтую працу каралю, каб абараніць эвангельскую дактрыну. Другое выданьне 1539 году, было ўжо ў тры разы даўжэйшае за першае. Наступнае выданьне 1543 году, было прыблізна таго ж аб'ёму, але на ім адбіўся ўплыў Буцэра і знаходжаньне Кальвіна ў Стразбуры. І, нарэшце, канчатковая рэдакцыя была зроблена ў 1559 годзе, наклад у пяць разоў перавысіў першае выданьне. Кальвін пісаў: "Я ніколі ня быў задаволены тым, як была складзеная гэтая праца, і той формай, у якой яна зараз зьяўляецца". Разам з лацінскімі выданьнямі былі таксама францускія пераклады, зробленыя ў асноўным самім Кальвінам. "Інстытуцыі" не былі проста тэалягічным трактатам, яны былі "падручнікам Богабойнасьці" для настаўленьня францускага народу. Францускія выданьні важныя для гісторыі разьвіцьця францускай мовы, бо да гэтага не было ніякай іншай працы такога аб'ёму на францускай мове.

Што было мэтай "Інстытуцыяў"? Кальвін сам тлумачыць гэта на пачатку выданьня 1539 году. Ён верыў у ляканічнасьць, і не хацеў уступаць у доўгія тэалягічныя абмеркаваньні ў сваіх камэнтарах. Таму менавіта гэтыя тэмы і абмяркоўваюцца ў "Інстытуцыях", якія пакліканыя стаць спадарожнікам камэнтароў для падрыхтоўкі і вывучэньня самой Бібліі. Вывучаючы Кальвіна, патрэбна прытрымлівацца менавіта гэтай мадэлі. Чытаючы яго камэнтары, можна зьвярнуцца да яго "Інстытуцыяў" як да тэалягічнага даведніка, а чытаючы "Інстытуцыі", можна зьвярнуцца да яго камэнтароў (ці казаняў) для больш поўнага тлумачэньня цытаванага біблійнага ўрыўку.