ГІСТОРЫЯ |
З гісторыі рэфармацыйнага кнігадрукаваньня ў Беларусі
Уздым рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ) у 50-60-я гады XVI ст. адбіўся на станаўленьні новых формаў духоўвай культуры, зацьвярджэньні новага сьветапогляду, разьвіцьці сэкулярызацыйных тэндэнцыяў. Як слушна адзначыў польскі дасьледчык Я. Тазбір, рэфармацыйны рух зрабіў большы ўплыў на разьвіцьцё грамадзка-палітычнай думкі, чым на тэалёгію, меў большае дачыненьне да культурных зьменаў, чым да росквіту рэлігійнага жыцьця. Распаўсюджаньне рэфармацыйнай ідэалёгіі садзейнічала развіцьцю кнігадрукаваньня. Рэфармацыйнае кнігадрукаваньне на Беларусі ўзнікла практычна адначасова з фармаваньнем рэфармацыйнай царквы. Першыя рэфармацыйныя друкарні ў Беларусі былі створаныя пры падтрымцы пэўнай часткі беларускай і літоўскай магнатэрыі, некаторых слаёў шляхты, якія далучыліся да Рэфармацыі. У адрозненьні ад княскага праваслаўнага роду Слуцкіх (Алелькавічаў), якія доўгі час падтрымлівалі грэка-праваслаўную рукапісную традыцыю й беларуска-літоўскае летапісаньне, літаратурнае мэцэнацтва магнатаў-пратэстантаў было цесна зьвязана з арганізацыяй эўрапейскага кнігадрукаваньня (маецца на ўвазе новая жанравая структура выданьняў, увага да рэнэсансавай заходнеэўрапейскай літаратуры й пісьменнасьці, нетрадыцыйнае аблічча друкаванай кнігі ды інш.). Асобая заслуга ў гэтым належыць роду Радзівілаў, перш за ўсё - віленскаму ваяводзе й канцлеру, найбуйнейшаму магнату ВКЛ Мікалаю Радзівілу Чорнаму. Падарожжы за мяжу, знаёмства зь мясцовай і эўрапейскай культурай дапамаглі яму ацаніць ролю кнігадрукаваньня ў царкоўна-рэлігійным, палітычным і культурным жыцьці. Для прапаганды рэфармацыйных ідэяў у 1553 г. пры падтрымцы Радзівіла Чорнага была заснаваная першая на тэрыторыі Беларусі друкарня, якая была таксама першай рэфармацыйнай друкарняй у землях ВКЛ. У Берасьці працавалі запрошаныя Радзівілам з Польшчы друкары Бярнар Ваявудка (1553-1554), Станіслаў Мурмеліюс (1558-1561?) і таленавіты паэт, перакладчык і кампазітар Цыпрыян Базылік (1562-1570). Друкарня разьмяшчалася на рынкавай плошчы, а на яўрэйскай вуліцы жыў "Якуб-друкар", які ажыцьцяўляў рамесьніцкія функцыі. Адно зь першых берасьцейскіх выданьняў - Малы катэхізіс - прызначаўся "для народу простага", што адпавядала пратэстанцкай традыцыі. Тут друкаваліся ня толькі рэлігійныя, але й сьвецкія кнігі. У Берасьці былі выдадзеныя першыя ў Беларусі юрыдычна-прававыя творы - "Артыкулы магдэбургскага права" і "Судовы працэс" Б. Гроіцкага, першы друкаваны публіцыстычны твор "Два лісты" - пасланьне папскаму нунцыю ў Польшчы ад імя Радзівіла Чорнага. Папскі нунцый Алаіз Ліпаман прыбыў у Вільню для барацьбы з Рэфармацыяй і беспасьпяхова спрабаваў схіліць Жыгімонта Аўгуста да рэпрэсіўных акцыяў супраць пратэстантаў. Паводле некаторых зьвестак, нунцый прапанаваў каралю зьняць галовы некалькім найбольш знатным "гератыкам", але Жыгімонт Аўгуст адказаў, што ён пануе над вольным народам і яго ўлада абмежавана законам. Ліпіман зьвярнуўся з пасланьнем таксама да Радзівіла Чорнага, у якім заклікаў яго вярнуцца на шлях каталіцкай веры. Дзейнасьць нунцыя выклікала абурэньне ў шляхецкім грамадзтве, якое пільна аберагала свае вольнасьці. Ад імя Радзівіла нунцыю было адпраўлена пасланьне, якое зьмяшчала рэзкія закіды супраць папства і каталіцкай царквы. Аўтарамі пасланьня, хутчэй за ўсё, былі асабісты сакратар князя, польскі лексікограф Ян Мачыньскі або Пётр Павал Вэргеры. Гэтае ліставаньне на лацінскай і нямецкай мовах выйшла ў 1556 г. у Кёнігсбэргу, а ў 1559 г. у перакладзе Мікалая Рэя на польскую мову - у Берасьці. Выданьне мела вялікі грамадзкі рэзананс, дзейнасьць нунцыя была ўспрынята як бесцырымоннае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы краіны, і ён быў вымушаны пакінуць гэта, паводле ягоных словаў, "пекла" і вярнуцца ў Рым. У 1569 г. з друкарні выйшаў гістарычны твор М. Барлетыюса, перакладзены на польскую мову Цыпрыянам Базылікам і Андрэем Волянам, "Пра жыцьцё й слаўныя справы Георга Кастрыёта..." - героя вызваленчай барацьбы балканскіх народаў супраць турэцкага прыгнёту. У прадмове, напісанай Базылікам, апяваюцца шляхецкія вольнасьці: "Хай пахваляюцца вучоныя італійцы навукамі, якія даўно там квітнеюць, і багатымі зборамі тых пладоў, якія тут не растуць, хай пахваляюцца ганарлівы немец і ўмелы фляндар рознымі тонкімі рамёствамі, хай пахваляецца заможны француз багацьцямі і незьлічонымі даходамі, хай пахваляецца доблесны вугорац і імклівы мужны гішпанец усім тым, што ўзвышае іх над іншымі народамі. Ня могуць яны пахваліцца тымі вольнасьцямі, якімі ганарыцца Польшча". У гэтай жа прадмове выказваецца спачуваньне "сынам і братам нашым агульнага з намі славянскага народа" (сэрбам, харватам, далматам), якія страцілі сваю вольнасьць пад турэцкай тыраніяй. У перакладзе Базыліка выйшаў кампілятыўны твор "Гісторыя жорсткіх ганеньняў царквы Божай" (1567), у якім з гуманістычных пазыцыяў асуджалася рэлігійная нецярплівасьць у некаторых заходнеэўрапейскіх краінах. На адной з гравюраў кнігі паказана жорсткае пакараньне сьмерцю. З Берасьцейскай друкарні выйшаў "Берасьцейскі канцыял" ( або "Песьні хвал Боскіх", 1558) - першы друкаваны нотны зборнік у Беларусі, складзены Янам Зарэмбай. Некаторыя песьні прызначаліся аматарам т.зв. "фігурных" сьпеваў. Музыку да "Канцыяла" напісалі Цыпрыян Базылік і другі вядомы кампазытар - Вацлаў з Шаматул. Выдатнае месца ў гісторыі кнігадрукаваньня ў Беларусі займае выданьне кальвінскай Берасьцейскай (або Радзівілаўскай) Бібліі 1563 г. Над яе рэдакцыяй і перакладам працавалі запрошаныя Радзівілам Чорным многія знакамітыя тэолягі й літаратары. Выданьне вызначалася манумэнтальнасьцю (больш за 700 аркушаў), багацьцем мастацкага афармленьня (гравюры, арнамант), яскравым рэнэсансавым абліччам. Вядома каля 40 назваў Берасьцейскіх выданьняў (выйшла, несумненна, больш). Пад апекай Радзівіла Чорнага дзейнічала таксама рэфармацыйная друкарня ў Нясьвіжы (пач. 60-х гадоў - 1570 г., друкар Даніэль Ланчыцкі), у арганізацыі якой бралі ўдзел вядомыя дзеячы Рэфармацыі Сымон Будны, Мацей Кавячынскі, Лаўрэн Крышкоўскі. Для распаўсюджваньня рэфармацыйных ідэяў сярод беларускага насельніцтва ў Нясьвіжы былі выдадзены першыя ў Беларусі кірылічныя кнігі на старабеларускай мове. З кірылічных выданьняў захаваўся толькі славуты Катэхізіс 1562 г. С. Буднага. Дарэчы, У.Пічэта адзначыў, што мова Катэхізіса бліжэй да народнай, чым пераклады Францыска Скарыны. Твор С. Буднага "Пра апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам" не захаваўся, але на пачатку XIX ст. яго апісаў вядомы бібліёграф В. Сопікаў. Зьвесткі аб гэтым выданьні ёсьць таксама ў "Пасланьнях" аднаго з маскоўскіх эмігрантаў, старца Арцемія, які знайшоў прытулак у Слуцку пад апекай князя Юрая Алелькавіча. Згодна з новымі матэрыяламі, выяўленымі польскім даследчыкам Л. Шчуцкім, С. Будны напрыканцы 50-х гадоў XVI ст. наведваў Слуцак, меў намер арганізаваць там "рускую" друкарню. Верагодна, рэлігійныя разыходжаньні перашкодзілі гэтаму. Дакладных зьвестак аб іншых кірылічных выданьнях Нясьвіскай друкарні мы ня маем, але можна меркаваць, што яны існавалі. Вуніяцкі дзеяч А. Сялява ў 20-я гады XVII ст. пісаў, што Сымон Будны і Лаўрэн Крышкоўскі друкавалі "на рускай мове сваю арыянскую атруту". Рэфармацыю ў ВКЛ прынялі ў асноўным верхнія пласты грамадзтва, найбольш схільныя да палянізацыйных працэсаў, якія Рэфармацыя ў пэўнай ступені інтэнсыфікавала. Большая частка "паспалітага" насельніцтва ў XVI ст. захоўвала свае даўнія рэлігійныя традыцыі і абыякава ставілася да новай веры. Магчыма, з гэтай прычыны з 1563 г. Нясвіская друкарня цалкам перайшла на выпуск польска-лацінскіх выданьняў. Пасля пераходу ў каталіцтва сына Радзівіла Чорнага - Мікалая Крыштафа, званага Сіроткам, пратэстанцкая друкарня ў Нясьвіжы перастала існаваць. Яе абсталяваньне выкупіў блізкі да арыянства магнат Ян Кішка і разьмясьціў у сваім замку ў Лоску. Ідэйным кіраўніком Лоскай друкарні, якая зьяўлялася цэнтрам арыянскага кнігадрукаваньня ў ВКЛ, стаў С. Будны. Друкарня дзейнічала да пачатку 90-х гадоў XVI ст. Вядома каля 20 яе выданьняў на польскай і лацінскай мовах. Тут працавалі друкары: Даніэль Ланчыцкі (1573-1574), Ян Карцан (1576-1580), Фелікс Балямоўскі (1586-1589?). найбольш значныя выданьні - творы С. Буднага, для якога лоскі пэрыяд быў надзвычай плённым. Тут пабачылі сьвет "Новы Запавет"(1574) у перакладзе, з прадмовай і падрабязнымі камэнтарамі Буднага, "Пра важнейшыя артыкулы хрысьціянскай веры"(1576) - асноўны твор Буднага, у якім ён абагульніў вынікі сваёй рацыяналістычнай крытыкі Сьв. Пісьма; кніга "Пра сьвецкую ўладу"(1583), дзе разглядаліся разнастайныя праблемы грамадзка-палітычнага ладу. Сярод іншых выданьняў - палемічныя творы Марціна Чаховіца, Андрэя Волана, навучальныя кнігі рэктара арыянскай школы ў Іўі Яна Ліцынія Намыслоўскага, кніга Эрнэста Варамунда Фрыза "Пра фурыі, або Вар'яцтвы францускія" - аб падзеях Начы Баўтарамея (1576, пераклад С. Буднага). Асобнае месца ў дзейнасьці Лоскай друкарні займае першае ў Рэчы Паспалітай выданьне на польскай мове выдатнага твора Андрэя Фрыча Маджэўскага "Аб удасканаленьні Рэчы Паспалітай"(1577, пераклад Ц. Базыліка, прадмовы напісаны А. Воланам і С. Будным). На пачатку XVIII ст. гэтае лоскае выданьне было пакладзена ў аснову расейскага перакладу. Для прадукцыі Лоскай друкарні характэрна вострая палемічная накіраванасьць, якая нярэдка выходзіла за межы тэалягічных праблемаў і ўзьнімала пытаньні дзяржаўнай і сацыяльнай перабудовы грамадзтва. Нядоўга дзейнічала ў 70-я гады XVI ст. прыватная друкарня беларускага шляхціца-пратэстанта, паплечніка С. Буднага, Васіля Цяпінскага ў яго родавым маёнтку Цяпіна (Полацкі пав.). Цяпінскі у сваёй прадмове да Эвангельля, надрукаванага паралельна на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах, падкрэсліваў неабходнасьць адраджэньня роднай мовы, процідзеяньня палянізацыйным тэндэнцыям. Ён са скрухай адзначаў "езыка своего славного занедбане, а просто взъгарду" ў сучасным яму грамадзтве. У першай палове XVII ст. у радзівілаўскім мястэчку Любча дзейнічала найбуйнейшая ў Беларусі рэфармацыйная друкарня (друкары: Пётр Бластус Кміта - 1612-1629; Ян Кміта - 1630-1643; Ян Ланге - 1646-1655). Архіўныя крыніцы згадваюць нам таксама імёны друкарскіх памочнікаў, т. зв. "друкарчыкаў" - Ждана Вайцяховіча і Юркі Лукашэвіча. З Любчанскай друкарні выйшла больш за 100 выданьняў, у асноўным сьвецкага зьместу: антычныя й гістарычныя творы ("Гісторыя Юдэйскай вайны" Язэпа Флавія, 1617; "Генэалёгія, або Кароткае апісаньне гістарычных дзеяньняў Вялікіх князёў літоўскіх" М.Стрыйкоўскага у вольнай апрацоўцы Самуіла Доўгірда, 1626), кнігі па геаграфіі, мэдыцыне і вэтэрынарыі, паэтычныя зборнікі, рэфармацыйна-рэлігійныя выданьні, панэгірыкі. Тут выйшлі "Жыцьцё сельскае й гарадзкое"(1620) і "Прыповесьці Салямона ў паэтычным выкладаньні"(1623) Язэпа Даманеўскага, творы Салямона Рысінскага - кніга панэгірычных вершаў, прысьвечаных Радзівілам (1614), вядомы зборнік "Польскія прыказкі"(1618, неаднаразова перавыдаваўся), які ў значнай ступені абапіраўся на мясцовы фальклёр. Як адзначыў Я. Парэцкі, "Рысінскі чуў народную мудрасьць на беларускай, запісваў на польскай і тлумачыў на лацінскай мове". Яскравай старонкай дзейнасьці друкарні было выданьне "Апафэгматаў" у аўтарскай апрацоўцы Беняша Буднага(1614) - збору маральных і філязофскіх сэнтэнцыяў антычных філёзафаў (у першую чаргу Плутарха). "Апафэгматы" былі адной з найбольш папулярных і чытаных кнігаў у Рэчы Паспалітай, неаднаразова перавыдавалася ў Вільні, Кракаве, на расейскай мове ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Зь Любчанскай друкарні выйшлі кнігі, прызначаныя для Слуцкай Кальвінскай гімназіі ("Кароткі дапаможнік з рыторыкі", каля 1630 г. і "Статут" гімназіі, 1628 г.). Аўтары Статута падкрэсьлівалі, што асноўная задача настаўніка - выхаваньне годных грамадзянаў, незалежна ад іх веравызнаньня і сацыяльнага паходжаньня: "Адчынены дзверы, якія вядуць да нашых грацыяў і музаў, для ўсіх сумленных і шчырых людзей. Узрост, становішча, веравызнаньне ня маюць для нас ніякай розніцы. Месца на гэтых школьных лавах дадзена бедняку ня менш, чым Крэзу, каталіку - ня менш, чым прыхільніку Рэфармацыі". У выданьнях Любчанскай друкарні выкарыстоўваліся новыя формы афармленьня, гравюра на медзі. Амаль усе вядомыя нам рэфармацыйныя старадрукі (за выключэньнем двух нясьвіскіх выданьняў і Эвангельля В. Цяпінскага) выйшлі на польскай, менш - на лацінскай мовах. Паводле падлікаў М. Тапольскай, за пэрыяд зь сярэдзіны XVI да сярэдзіны XVII стст. з усіх друкарняў ВКЛ выйшла больш за паўтары тысячы выданьняў. Рэфармацыйныя выданьні склалі прыкладна 30 адсоткаў ад гэтай лічбы. Пры гэтым рэфармацыйнымі друкарнямі, якія існавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, выдадзена звыш 170-ці кнігаў. Паводле сваёй жанравай структуры рэфармацыйныя старадрукі могуць быць падзелены на неукалькі асноўных групаў. Гэтыя выданьні найбольш поўна і грунтоўна асьвятляюць ідэалягічныя, перш за ўсё канфэсійна-дактрынальныя, аспэкты Рэфармацыі. Асобнае месца тут належыць кнігам Старога й Новага Запаветаў. Рэдакцыя біблійных зводаў і камэнтары да іх, складзеныя дзеячамі рэфармацыйнага руху ў ВКЛ, дазваляюць прасачыць працэс развіцьця тэалягічных, рацыяналістычных і філязофскіх канцэпцыяў Рэфармацыі. Рознабаковыя праблемы царкоўна-рэлігійнай дагматыкі, пытаньні аб сутнасьці сьв. Тройцы, чалавечай і Боскай сутнасьці Хрыста, адносіны рэфармацыйнага руху да дзяржаўнай і духоўнай улады, царквы, прыгоннага права, войнаў асьвятляліся ў шматлікіх рэлігійна-палемічных творах. Як вядома, пратэстанцкае кнігадрукаваньне вызначалася высокай удзельнай вагой і значнай разнастайнасьцю сьвецкіх арыгінальных і перакладных выданьняў. Нешматлікую, але вельмі цікавую групу твораў складае навучальная й пэдагагічная літаратура. Ва ўсіх рэфармацыйных друкарнях выходзіла мноства панэгірыкаў, якія зьмяшчаюць каштоўныя біяграфічныя зьвесткі, матэрыялы аб палітычнай, прыдворнай, рэлігійнай і культурна-дабрачыннай дзейнасьці шляхты, радзей - заможнага мяшчанства. Большая частка рэфармацыйных старадрукаў сканцэнтравана ў фондах бібліятэкаў Польшчы (Нацыянальная б-ка ў Варшаве, Асалінэум ва Ўроцлаве, б-ка Чартарыйскіх у Кракаве), Вільні (Нацыянальная б-ка імя М. Мажвідаса, Цэнтральная б-ка Акадэміі навук, Навуковая б-ка унівэрсітэта), Масквы (Дзяржаўная Расійская б-ка), Санкт-Пецярбурга (Нацыянальная Расійская б-ка), Львова (б-ка Акадэміі навук Украіны). У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваюцца некалькі выданьняў Берасьцейскай друкарні, у Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі - няпоўны асобнік Берасьцейскай Бібліі 1563 г. Насьпелай праблемай сучаснай рэтраспэктыўнай бібліяграфіі зьяўляецца складаньне поўнага рэпэртуару рэфармацыйных твораў, які абапіраўся б на візуальнае апісаньне ўсіх выданьняў, што захаваліся да нашага часу. Рэфармацыйнае кнігадрукаваньне, як і Рэфармацыя ў цэлым, садзейнічала ўзнікненьню новых культурна-асьветніцкіх цэнтраў, станаўленьню сталага кнігадрукаваньня ў Беларусі, распаўсюджваньню кнігаў розных жанраў у розных сацыяльных пластах, працэсу далучэньня грамадзтва да заходнеэўрапейскай культуры. Аднак працэс гэты не быў адназначным: Рэфармацыя садзейнічала культурнай палянізацыі беларускай шляхты, звужала сацыяльную аснову ўласна беларускай культуры. |