ГІСТОРЫЯ

Рэфармацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім (другая палова
XVI - XVII стст.) у працах беларускіх і расейскіх мэдыявістаў


Людзьміла Іванова

Грамадзка-палітычнае й духовае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага у сярэдзіне XVI ст. вызначалася росквітам гуманістычных ідэяў, распаўсюджваньнем новых культурных, царкоўна-рэлігійных павеваў, у тым ліку рэфармацыйнага руху. Рэфармацыя ў ВКЛ разьвівалася ў рэчышчы эўрапейскага пратэстантызму і ўспрыняла яго вонкавыя формы: лютаранства, кальвінства, антытрынітарызм, сацыніянства.

Своеасаблівасьць рэфармацыйнага руху праяўлялася ў тым, што яго галоўнай сацыяльнай асновай былі вышэйшыя станы - магнаты і шляхта. Набілітэт разьлічваў скарыстаць Рэфармацыю для ўмацаваньня сваіх унутраных пазыцыяў ва ўмовах высьпяваньня дзяржаўнай вуніі ВКЛ з Польшчай. Рэфармацыю, таксама, прыняла нязначная частка месьцічаў, у тым ліку чужаземцы, якія былі на вайсковай ці дзяржаўнай службе, альбо займаліся рамяством. Асноўны этнічны пласт беларускага насельніцтва - сялянства - засталося глухім да новай веры, хоць у выніку шляхоцкага прымусу ва ўладаньнях пратэстантаў (галоўным чынам буйных маёнтках) яны часткова былі ўцягнутыя ў Рэфармацыю.

Спэцыфіка Рэфармацыі ў ВКЛ, у прыватнасьці, была, у тым, што ў ёй (у адрозьненьне ад шматлікіх краінаў Заходняй і Цэнтральнай Эўропы, больш выразна праглядалася сувязь з гуманістычнымі і рацыяналістычнымі тэндэнцыямі сьвецкай культуры) у межах менш жорсткай і цэнтралізаванай пратэстанцкай царквы.

Дасьледаваньні навукоўцаў Беларусі й Расеі паказалі істотныя тыпалягічныя адрозьненьні Рэфармацыі ў многіх краінах і рэгіёнах Эўропы.[1]

Прыкметны ўплыў на Рэфармацыю ў ВКЛ зрабіла ідэалёгія асноўных накірункаў заходнеэўрапейскага пратэстантызму, гусіцкага руху, нямецка-мараўскі анабаптызм, расейская ерась. Дзейнасьць расейскіх уцекачоў - "фэадасіянаў" зрабіла пэўнае ўзьдзеяньне на фармаваньне антытрынітарызму (ці арыянства).

Найбольшае распаўсюджаньне на землях Беларусі атрымала кальвінства. У 60-ые гг. XVI ст. у Беларусі, Летуве і ва Ўкраіне аформіўся радыкальна-рэфармацыйны рух - антытрынітарызм.

Дзеячы памяркоўнага сацыяльнага крыла антытрынітарызму (С. Будны, В. Цяпінскі) у рэлігійна-філязофскай сфэры займалі радыкальна-рацыяналістычную пазыцыю, крытыкавалі царкоўна-рэлігійную дагматыку кананічных хрысьціянскіх цэркваў (у тым ліку і некаторыя тэалягічныя пастуляты Рэфармацыі).

Ідэолягі сацыяльна-радыкальнага накірунку (Марцін Чаховіц, Пётар з Ганёндза, Якуб з Калінаўкі) рэзка крытыкавалі грамадзка-палітычныя й сацыяльныя асновы сучаснага ім грамадзтва; выступалі супраць "нявольніцтва", эксплюатацыі, сьвецкай улады, прыватнай уласнасьці, войнаў.

На думку некаторых дасьледчыкаў, у другой палове XVI ст. у Беларусі і ва Ўкраіне узьніклі своеасаблівыя формы рэфармацыйнага руху унутры праваслаўнай царквы. [2]

Наступ контррэфармацыі, унутраныя супярэчнасьці, раскол у рэфармацыйным руху, адсутнасьць шырокай сацыяльнай падтрымкі выклікалі прагрэсоўны крызіс Рэфармацыі да канца XVI -пач XVII стст.

Першымі гісторыкамі, якія вывучалі рэфармацыйны рух у ВКЛ і Польшчы, былі грамадзка-палітычныя і царкоўна-рэлігійныя дзеячы, якія бралі непасрэдны ўдзел у распаўсюджаньні пратэстантызму ў Рэчы Паспалітай у другой палове XVI -пач XVII стст. Наратыўныя й дакумэнтальныя матэрыялы да гісторыі рэфармацыйнага руху зьбіраў яшчэ Станіслаў Будзінскі, сакратар-пратакаліст першых пратэстанцкіх сынодаў у Польшчы і ВКЛ. Арыгінальныя рукапісы С. Будзінскага не дайшлі да нашага часу, але былі выкарыстаныя ягонымі пераемнікамі.

Даволі падрабязная характарыстыка розных сэктанскіх плыняў унутры рэфармацыйнага руху, якія аўтар адрозьніваў паводле тэалягічных прызнакаў (трыдэісты, пасьлядоўнікі галяндзкіх ды мараўскіх ерасяў ды інш.) зьмяшчаецца ў працы выдатнага пратэстанцкага гісторыка пачатку XVII ст. Андрэя Любянецкага "Палёнэўтэхія, або шчасьце Польскага каралеўства". [3]

Сярод твораў XVII ст. найбольшае значэньне ў пляне нашай тэмы мае выдадзеная ў 1652 г. кніга вядомага дзеяча кальвінскай Рэфармацыі, польскага кісторыка, дыплямата Андрэя Вэнгэрскага "Гісторыка-храналягічная сыстэма славянскіх цэркваў, апісаная ў краінах: Польшча, Расея, Багемія, Прусы, Літва ды інш."[4] Значную цікавасьць маюць зьвесткі пра пачатковы этап рэфармацыйнага руху, тэрытарыяльна-адміністратыўнай структуры і сынодах пратэстанцкай царквы, пайменным складзе "міністраў" (пастараў) пратэстанцкіх грамадаў у Беларусі, друкаваных працах пісьменьнікаў-палемістаў, грамадзка-палітычных і царкоўна-рэлігійных дзеячоў.

У гісторыка-бібліяграфічнай працы іншага польскага гісторыка XVII ст. Крыштапа Санда - "Каталёгу антытрынітарскіх твораў" [5] улічаныя, у прыватнасьці, творы арыянскіх пісьменьнікаў, апублікаваныя ў Беларусі, альбо што выйшлі ў іншых друкарнях (Польшчы, Літвы), але тэматычна зьвязаныя з гісторыяй мясцовага рэфармацыйнага руху.

Згаданыя найбольш раньнія працы пратэстанцкіх гісторыкаў маюць на сёньняшні час значэньне першакрыніцаў. У гэтых "кроніках" рэдка сустракаюцца зьвесткі першаступеннай навуковай вартасьці да гісторыі Рэфармацыі ў Беларусі. Да ліку такога роду ўнікальных матэрыялаў можна далучыць, напрыклад, паведамленьне А. Вэнгэрсскага пра дзейнасьць расейскіх уцекачоў-"рэфарматараў" (Арцемія, Фамы, Фэадосія Касога) у Беларусі 50-ыя гг. XVI ст. [6]

Гісторыя рэфармацыйнага руху ў ВКЛ не была асобным аб'ектам дасьледаваньня ў дваранска-манархічнай і клерыкальнай гістарыяграфіі [Расейскай імпэрыі]. Афіцыйная расейская гістарыяграфія таго часу імкнулася абгрунтаваць тэзіс аб Беларусі як спрадвеку неад'емнай частцы Расейскай імпэрыі, ідэалізавала культурную, рэлігійную і палітычную дзейнасьць праваслаўнай царквы на землях ВКЛ. Большасьць працаў гэтага пэрыяду напісана пад моцным уплывам царкоўных схэмаў, рэлігійных прыхільнасьцяў аўтараў, нярэдка скажаюць і пераварочваюць сапраўдныя гістарычныя факты. Павярхоўнае фактаграфічнае апісаньне гісторыі рэфармацыйнага руху (у пляне царкоўна-рэлігійнай тэматыкі) выразна пераважае над аналізам і дасьледаваньнем прычынаў і ўмоваў разьвіцьця, сацыяльнай сутнасьці і скіраванасьці Рэфармацыі. Апроч гэтага, у аглядных працах гісторыя Рэфармацыі разглядаецца як другаснае адлюстраваньне царкоўна-рэлігійных працэсаў, якія праходзілі ў Рэчы Паспалітай. [7]

Праўда, некаторыя аўтары, у прыватнасьці пратаярэй В. Пліс, прызнаючы "квітнеючы стан рэфарматарства ў Літве" ў XVI ст., адзначалі эфэктыўныя формы ўзьдзеяньня рэфарматараў на грамадзкую сьвядомасьць (кнігадрукаваньне, школьнае навучаньне, уласнацаркоўная дзейнасьць): "… яны дзейнічалі спрытна, умела, дасьведчанымі рукамі, з адданасьцю сваёй справе" [8]. Гэты ж аўтар лічыў, што "рускі" пратэстанцкі Катэхізіс 1562 г. С. Буднага - "першае на Русі рэха заходняй Рэфармацыі", павінны быў падрыхтаваць "рускі" народ да больш скрайніх рэлігійных поглядаў. [9]

Уплыву расейскай ерасі на фармаваньне антытрынітарызму ў ВКЛ і ягонае распаўсюджаньне ў Беларусі і ва Ўкраіне прысьвечаныя дасьледаваньні І. Малышэўскага і А. Лявіцкага. [10] А. Лявіцкі прыводзіць зьвесткі пра мазырскага земскага судзьдзю Стэфана Рыгоравіча Лована, погляды якога, на думку дасьледчыка, былі блізкія да атэізму. Хуткае распаўсюджаньне антытрынітарызму ў ВКЛ аўтар тлумачыць тым, што "зярняты гэтага вучэньня там ужо даўно існавалі". [11]

Непапулярнасьць Рэфармацыі ў сялянскім асяродзьдзі Польшчы і ВКЛ адзначаў П. Жуковіч. [12] Гісторыя рэфармацыйнага руху ў Рэчы Паспалітай знайшла сваё адлюстраваньне ў працах прадстаўніка лібэральнага кірунку М. Карэева. [13] Ен зьвяртае ўвагу на насьпелую неабходнасьць надаць дасьледаваньням навуковы характар. На яго думку, польскія гісторыкі адрываюць вывучэньне Рэфармацыі ў Польшчы ад вывучэньня рэфармацыйнага руху ўвогуле ў Эўропе. [14] У абагульняльнай працы расейскага гісторыка Дзьм. Цьвятаева (дарэчы роднага дзядзькі Марыны Цьвятаевай) асьвятляецца гісторыя пратэстантызму ў Расеі, разглядаецца праваслаўная палемічная літаратура (у прыватнасьці скіраваная супраць пратэстанцкіх "ерасяў" у Польшчы і ВКЛ). [15] Расейская гістарыяграфія канца ХІХ - пач. ХХ стст. выразна адлюстравала ў сабе як рэакцыйныя імпэрскія, так і прагрэсіўныя дэмакратычныя тэндэнцыі. Разьвіцьцё нацыянальна-дэмакратычнага руху прыцягнула ўвагу некаторых знакамітых мэдыявістаў да праблемаў узаемадзеяньня Рэфармацыі з духовай культурай Беларусі XVI ст. [16]

У беларускай пасьлярэвалюцыйнай гістарыяграфіі гісторыя Рэфармацыі знайшла сваё адлюстраваньне ў працах У. Пічэты [17], які дасьледаваў сацыяльныя і палітычныя вытокі беларускага Адраджэньня. У. Піэчта высока ацэніваў асьветніцкую і гуманістычную дзейнасьць С.Буднага і В. Цяпінскага, але пазьней істотна дыфэрэнцаваў свае погляды. На думку У. Пічэты, дзейнасьць С. Буднага падрывала рэлігійныя традыцыі беларускага і ўкраінскага народаў, што садзейнічала іх палянізацыі, рэфарматары "прызнавалі нармалёвымі існыя фэўдальна-прыгоньніцкія адносіныі". [18] Дасьледчык забыўся пры гэтым, што менавіта ў рэчышчы беларуска-літоўскай Рэфармацыі XVI ст. праявіліся таксама і сацыяльна-радыкальныя тэндэнцыі, скіраваныя супраць фэўдальных парадкаў грамадзтва. Фактам вялікага гісторыка-культурнага значэньня ён прызнаваў нясьвіскія кірылічныя выданьні, Катэхізіс 1562 г. і зьдзейсьнены В. Цяпінскім пераклад Эвангельля на беларускую мову. Гісторыя рэфармацыйнага руху ў Польшчы і ВКЛ выклікала асаблівую цікавасьць айчынных гісторыкаў у 50-60-я гг. у сувязі з распрацоўкай агульных пытаньняў гісторыка-культурнага працэсу. У сьпісе ключавых праблемаў гэтага роду былі: дасьледаваньне заканамернасьцяў духовага разьвіцьця Ўсходняй і Заходняй Эўропы, Рэнэсанс (ці рэнэсансна-гуманістычныя тэндэнцыі), Рэфармацыя.

Вялікі ўнёсак у гістарыяграфію тэмы зрабілі працы С. Падокшына [19], перад усім, яго асноўнае дасьледаваньне "Рэфармацыя і грамадзкая думка Беларусі і Літвы". Праца прысьвечана вывучэньню вядомых у Заходняй і Цэнтральнай Эўропе накірункаў рэфармацыйнага руху (кальвінства, антытрынітарызм, сацыянства).

У супрацьвагу традыцыйнай гістарыяграфіі, якая перабольшвала значэньне вонкавых узьдзеяньняў, аўтар абгрунтоўвае тэзіс аб вырашальнай ролі ўнутраных сацыяльна-эканамічных і палітычных перадумоваў Рэфармацыі ў Беларусі. Да сьпісу асноўных фактаў якія спрыялі ўзьнікненьню рэфармацыйнага руху ў ВКЛ у сярэдзіне XVI ст., ён далучае агульнае разьвіцьцё фэўдальнага спосабу вытворчасьці, які дасягнуў той стадыі, на якой зрабілася магчымым зараджэньне раньнебуржуазных тэндэнцыяў. Разнастайнасьць сацыяльных сілаў, якія падтрымлівалі рэфармацыйны рух альбо былі прыцянутыя ў яго, абумовіла адрозьненьні ў іх грамадзка-палітычных мэтах і ідэалах. Аўтар слушна, на наш погляд, прыводзіць прычыны, якія прыцягнулі буйных фэўдалаў ВКЛ да Рэфармацыі: імкненьне набілітэту да сэпаратызму, адмоўнае стаўленьне многіх магнатаў да дзяржаўнай вуніі з Польшчай. [20]

На думку С. Падокшына, адна з галоўных прычынаў распаўсюджаньня Рэфармацыі сярод месьцічаў Беларусі - барацьба мяшчанства супраць духовай юрысдыкцыі. Можна пагадзіцца з тым, што патрабаваньні сэкулярызацыі царкоўных уладаньняў і абмежаваньня саслоўных прывілеяў духавенства былі распаўсюджаны сярод некаторай часткі сьвецкіх фэўдалаў. Аднак тэзіс аб тым, што Рэфармацыю выкарыстоўвала дробная і сярэдняя шляхта ў змаганьні з магнатамі, несумненна, патрабуе больш пераканальнага абгрунтаваньня. У Беларусі і Літве як раз магнаты (у першую чаргу Радзівілы) нямала спрыялі ўцягваньню ў Рэфармацыю сярэдняй і дробнай шляхты, у тым ліку і магнацкай "кліентэлы".

Асноўная частка манаграфіі С. Падокшына прысьвечана дасьледаваньню антытрынітарызму. Яго цікавяць галоўным чынам ідэйна-філязофскія аспэкты гэтага руху. Гісторыя самога антытрынітарызму (арганізацыйныя формы, дачыненьні зь іншымі цэрквамі і вярхоўнай уладай) асьветлена ў самым агульным пляне.

На думку С. Падокшына, антытрынітарскі накірунак у кальвінскай Рэфармацыі вылучыўся ў 1560-1565 гг. Аўтар падрабязна аналізуе зьмест зьмест рэлігійна-філязофскіх і сацыяльных поглядаў левага крыла, прадстаўнікамі якога былі пётар з Ганёндза, Марцін Чаховіц, Гжэгаш Павал, Якуб з Калінаўкі ды інш.

У характарыстыцы "памяркоўнага" накірунку ў беларуска-літоўскім антытрынітарызме аўтара цікавіць перш за ўсё рэлігійна-філязофская дактрына, крытыка царкоўнай традыцыі, рацыяналістычныя і гуманістычныя ідэі, што найбольш поўна і яскрава праявіліся ў дзейнасьці С. Буднага і ягоных пасьлядоўнікаў.

Зараджэньне "новай кампраміснай тэндэнцыі ў радыкальна-рэфармацыйным руху", паступовую падмену яго сацыяльнай скіраванасьці, аўтар зьвязвае з фармаваньнем сацыніянства ў Беларусі і Літве напрыканцы XVI ст. - пач. XVII ст. [21]

У манаграфіі разглядаюцца таксама іншыя тэмы, якія часткова выходзяць па-за межы традыцыйна-гістарыяграфічных уяўленьняў пра Рэфармацыю. У гэтай сувязі пэўную цікавасьць уяўляе тэзіс, згодна зь якім унутры праваслаўнай царквы Беларусі напрыканцы XVI ст. утварыўся грамадзкі рух, роднасны рэфармацыйнаму. Сацыяльная ідэалёгія яго "у шэрагу выпадкаў насіла антыфэўдальны характар, а рэлігійна-філязофскае вучэньне было прасякнутае крытычным стаўленьнем да афіцыйнага праваслаўя". [22]

Некаторыя пастуляты і высновы працы ўяўляюцца нам дыскусійнымі (напрыклад, аб шырокім удзеле месьцічаў у Рэфармацыі). [23] Патрабуе ўдакладненьняў характарыстыка герытычных рухаў у праваслаўі, іх сувязяў з Рэфармацыяй, уплыву на ідэалёгію дзеячоў беларускіх і ўкраінскіх брацтваў. Прыведзеныя ў манаграфіі аргумэнты вуніяцкай публіцыстыкі, якія абвінавачвалі "брацкіх" публіцыстаў у ерасях, не заўсёды пераканальныя. Некаторыя творы С. Зізанія, якога вуніяцкі мітрапаліт Іпат Пацей прылічаў да галоўных правадыроў ерасяў напрыканцы XVI ст., выдаваліся пазьней у Маскве з санкцыі найвышэйшага праваслаўнага духавенства. [24]

У распрацоўку канцэпцыі аб Рэфармацыі як грамадзкага руху, які разьвіваўся ня толькі ў краінах з даўняй каталіцкай традыцыяй, але і ў спэцыфічных формах праяўляўся таксама ва ўсходнеславянскім рэгіёне, найбольш адчувальны ўнёсак зрабіў расейскі гісторык-мэдыявіст А. Клібанаў. [25] А. Клібанаў адносіць да рэфармацыйных тыя ерасі, "… якія выступаюць супраць фэўдальнай царквы і грамадзкага ладу, які асьвячаўся ёю, … няхай іх высілкі і не прывялі да барацьбы нацынальнага маштабу і не пашырыліся ў Рэфармацыю, падобна да той, якая на пачатку XVI ст. мела месца ў Нямеччыне". [26]

Дасьледаваньню рэфармацыйнай ідэалёгіі ўнутры праваслаўнай царквы ў ВКЛ прысьвечана цікавая манаграфія М. Дзьмітрыева. На багатым фактычным матэрыяле, выкарыстоўваючы помнікі праваслаўнага рэлігійна-палемічнага пісьменства, аўтар абгрунтоўвае тэзіс пра пастаяннае існаваньне і разьвіцьцё ва ўкраінска-беларускай грамадзкай думцы першай паловы XVI ст. рэфармацыйных плыняў. Ён адзначае "наяўнасьць антыфэўдальных сацыяльных матываў і ў найвышэйшай ступені радыкальных рэлігійна-філязофскіх ідэяў у духовым арсэнале і наўпроставай прапагандзе усходнеславянскіх вальнадумцаў"[27], падкрэсьлівае іх ідэйную сувязь з расейскімі герытычнымі рухамі.

Трохі выходзячы па-за межы тэмы, патрэбна адзначыць таксама плёныя дасьледаваньні сучасных летувіскіх мэдыявістаў, якія вывучаюць галоўным чынам сацыяльныя, гісторыка-культурныя аспэкты і крыніцы да гісторыі Рэфармацыі. У працы Інгі Лукшайтэ "Летувіская мова й рэфармацыйны рух у XVIІ ст." [28] дасьледуюцца помнікі рэфармацыйнай пісьмовасьці як крыніцы да гісторыі культуры і мовы летувіскага народу. У кнізе "Сялянскае пытаньне ў летувіскай публіцыстыцы канца XVI - п.п. XVIІ стст." [29] І. Лукшайтэ апублікавала рукапісы твораў А. Воляна, аднаго зь вядучых ідэолягаў Рэфармацыі ў ВКЛ, і прафэсара Віленскай езуіцкай Акадэміі - Я. Хандзінскага. Аналізуючы погляды прадстаўнікоў двух розных веравызнаньняў, аўтар сьцьвярджае, што яны, тым ня менш, прызнавалі права сялянаў на асабістую свабоду. У манаграфіі І. Лукштайтэ "Радыкальныя накірункі Рэфармацыі ў Літве" [30] асьвятляюцца сацыяльныя аспэкты дзейнасьці летувіскіх і беларускіх арыянаў, прыводзяцца цікавыя зьвескі аб удзеле дзеячоў рэфармацыйнага руху ў разьвіцьці культуры ў ВКЛ, фармаваньні рацыяналістычных тэндэнцыяў, змаганьні за ўмацаваньне прынцыпаў верацярпімасьці ў ВКЛ. У дасьледаваньні А. Бумблаўскаса "Гэнэзіс Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім" (да заключэньня Люблінскай вуніі) прадпрынятая спроба вызначэньня сацыяльнай асновы разнастайных ідэйных плыняў у рэфармацыйным руху. Аўтар выказвае цікавае, на наш погляд, слушнае меркаваньне, што посьпеху кальвінства ў ВКЛ садзейнічаў яго "рэспубліканскі характар, садзейнічаньне яму структуры панскага землеўладаньня і патранату над касьцёламі". [31]

Агульныя вынікі дасьледаваньня Рэфармацыі ў ВКЛ нельга назваць ні вычарпальнымі, ні бясспрэчнымі па многіх вылучаных пастулятах. Аднак сучасная манаграфія (С.А. Падокшына), непасрэдна прысьвечаная асобным праблемам тэмы, галоўным чынам ідэйна-філязофскім, і некалькі іншых буйных працаў (І. Лукшайтэ, М. Дзьмітрыеў) закранаюць некаторыя пытаньні, якія цікавяць нас. Гэтыя працы, разам з больш дробнымі публікацыямі мелі вялікае значэньне ў дасьледаваньні розных бакоў рэфармацыйнага руху ў Беларусі. Больш шырока, чым іншыя праблемы, вывучаны асобныя аспэкты грамадзка-палітычнай дзейнасьці беларускіх арыянаў, іх ідэалёгія, сувязі з малапольскімі дзеячамі, рэфармацыйная літаратура, палемічная публіцыстыка. Апошнім часам выйшла некалькі манаграфічных працаў, прысьвечаных знакамітаму дзеячу Рэфармацыі Сымону Буднаму. [32] Значныя фактычныя й канцэптуальныя ўдакладненьні ў вывучэньне дзейнасьці Сымона Буднага, расейскіх ерытыкоў у ВКЛ у другой палове XVI ст. зрабілі працы Г.Я. Галенчанкі. [33]

Тым ня менш шматлікія важныя праблемы рэфармацыйнага руху даследаваныя слаба альбо ўвогуле абмінуты ўвагаю ў гістарыяграфіі. Не вывучаная гісторыя асноўнай, панавальнай ў рэфармацыйным руху Беларусі плыні - кальвінства, не напісана палітычная і царкоўная гісторыя Рэфармацыі, няма статыстыкі і гісторыі пратэстанцкіх грамадаў (збораў), якія існавалі ў Беларусі ў XVI - перш. пал. XVIІ стст. Ня высьветлена эвалюцыя расейскай плябейска-сялянскай ерасі (Фэадосі Касой і яго пасьлядоўнікі), якія ўступілі ў непасрэдны кантакт з рэфармацыйным рухам Беларусі, Летувы, Украіны ў 50-70-я гг. XVI ст. Дэталёвага аналізу патрабуе ўдакладненьне сацыяльнай асновы ўсіх накірункаў Рэфармацыі, іхнюю ролю ў грамадзка-палітычным і культурна-гістарычным працэсе, высьвятленьне тыпалягічных рысаў Рэфармацыі ў Беларусі.

1. Культура эпохи Возрождения и Реформация. Л., 1981; А.М. Чистозвонов. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964; М.М. Смирин. Народная реформация Томаса Мюнцера и Великая Крестьянская война. М., 1955; Его же. Эразм Роттердамский и реформационное движение в Германии. Очерки из истории гуманистической и реформационной мысли. М., 1978; И.Н. Осиновский. Томас Мор: утопический коммунизм, гуманизм, Реформация. М., 1978; А.И. Клибанов. Реформационные движения в России в XIV - первой половине XVI вв., М., 1960; Г.М. Лифшиц. Реформационное движение в Чехии и Германии. Мн., 1978; С.А. Подокшин. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI - начало XVII вв.). Мн., 1970.

2. С.А. Подокшин. Указ. Соч. С. 177-204; М.В. Дмитриев. Православие и Реформация: реформационные движения в восточнославянских землях Речи Посполитой во второй половине XVI в. М., 1990.

3. A. Lubieniecki. Poloneutychia. Warszawa-Lodz, 1982. S 51-52.

4. Regenvolscius A. (A. Wegerski). Systema historico-chronologicum, Ecclesiarum Slavonicarum per provincias varias, Praecipue Poloniae, Russiae, Bohemiae, Prussiae, Lituaniae, Moraviae etc. distictarum. Trjecti ad Rhenum (Utrecht), 1652.

5. Sandins Ch. Biblioteca antitrinitariorum ... Freistadii 1684.

6. Regenvolscius A. (A. Wegerski). Systema historico-chronologicum ...P. 262-263.

7. М.О. Коялович. Отношение западнорусских православных к польским протестантам во время унии // Христианское чтение, 1860. №2; К. Говорский. О введении, распространении и судьбе кальвинизма в Белоруссии // Вестник Юго-Западной и Западной России. 1864. №4; А. Розов. Отношение православных Юго-Западной Руси к протестантству в XVI и первой половине XVII в. Вильно, 1881; В.И. Плис. Исторический очерк проникновения и распространения реформации в Литве и Западной Руси // Христианское чтение. 1914, №2; Его же. Симон Будный и его сектантская и литературная деятельность в Литве и Западной Руси // Христианское чтение. 1914, № 9-10.

8. В.И. Плис. Исторический очерк … C. 227.

9. В.И. Плис. Симон Будный …С. 1164.

10. Малышевский И.И. Подложное письмо половца Ивана Смеры великому князю Владимиру // ТКДА, 1876. Вып. 6; О. Левицкий. Социнианство в Польше и Ого-Западной Руси в XVI-- XVII вв. // Киевская старина. 1882. Т.2.

11. О. Левицкий. Указ. Соч. С. 141.

12. П.Н. Жукович. Кардинал Гозий и польская церковь его времени. СПб. 1882. С. 92.

13. Н.И. Кареев. Очерк истории католической реакции в Польше. М., 1886; Его же. Вопрос о религиозной реформации XVI в. в Речи Посполитой, в польской историографии // ЖМНП. 1885. № 11-12.

14. Н.И. Кареев. Вопрос о религиозной реформации … С.4.

15. Д. Цветаев. Протестантство и протестанты в России до эпохи преобразований. М., 1890.

16. М.В. Довнар-Запольский. В.И. Тяпинский, переводчик Евангелия на белорусское наречие // ИОРЯС. 1899. Т.4.

17. У. Пічэта. Беларускае Адраджэнне // 400 лецьце беларускага друку (1525-1925). Менск. 1925.

18. В.И. Пичета Белоруссия и Литва XV- XVI вв. М., 1961. С. 689.

19. С.А. Подокшин. Указ. Соч.; Его же. Скорина и Будный. Мн., 1974; Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі. Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.

20. С.А. Подокшин. Реформация ... С. 17-18.

21. Там же. С. 85

22. Там же. С. 177

23. Там же. С. 42

24. А. Лилов. О так называемой кирилловой книге. Казань, 1885. С. 37-38.

25. А.И. Клибанов. Реформационные движения в России … ; Его же. Народная социальная утопия в России. М., 1977.

26. А.И. Клибанов. Реформационные движения в России …С. 5.

27. М.В. Дмитриев. Православие и Реформация … С. 120.

28. Inge Luksaite. Lietuviu kalba reformacianiame judejime XVII a. "Acta Historica Lituanica". V. 1970.

29. Lietuvos publicistai valstieciu klausimu XVI a. pabaigoje XVIII pirvojoje puseje. Spaudai parenge Inge Luksaite. Vilnius. 1976. Lietuvos TSR Moslu akademijos Istorijos institutes. "Acta Historica Lituanica". XII.

30. Inge Luksaite. Radikalioji reformacijos kryptis Lietuvoje. Vilnius. 1980.

31. А. Бумблаускас. Генезис реформации в Великом княжестве Литовском. Вильнюс. 1987. (Автореф. дис. на соиск. ученой степени канд. ист. наук).

32. Я.І. Парэцкі. Сымон Будны. Мн., 1975; І.В. саверчанка. Сымон Будны. Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993.

33. Г. Я. Голенченко. Новые письменные источники о деятельности русских еретиков в Белоруссии и Литве во второй половине XVI в. // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии (сборник научных статей). Мн., 1986; Г.Я. Голенченко. Идейные и культурные связи восточночлавянских народов в XVI - середине XVII в. Мн., 1989